Гітанас Наўседа пра ядравую зброю ў Польшчы: Яна была б элементам стрымлівання


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пракаментаваў гатовасць Польшчы размясціць ядравую зброю NATO. На ягоную думку, такі крок – гэта не пагроза Расеі, а фактар стрымлівання. Пра гэта Наўседа заявіў падчас вучэнняў «Адважны грыфон» у сувальскім калідоры.

Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда падчас вучэнняў у Літве.
Фота: prezydent.pl

Паводле Гітанаса Наўседы, апошнім часам адбыліся падзеі, якія павялічылі прысутнасць вайсковых магутнасцяў у рэгіёне. У прыватнасці, размяшчэнне тактычнай ядравай зброі

«На жаль, сёння гэта рэальнасць – як у Калінінградскай вобласці, гэтак і, наколькі нам вядома, на тэрыторыі Беларусі. Таму ідэя размяшчэння ядравай зброі – гэта не падбухторванне да вайны, не пагроза для Расеі, а гэта зноў жа элемент сістэмы стрымлівання, што мусіць быць сапраўды значным фактарам стрымлівання і сілы», – сказаў літоўскі прэзідэнт.

Пры гэтым Гітанас Наўседа выказаў неразуменне, чаму заявы Польшчы з нагоды размяшчэння ядравай зброі зрабілі такі вялікі розгалас у міжнароднай супольнасці, бо Варшава ўжо ўздымала гэтае пытанне:

«Я быў крыху здзіўлены, што на гэтую заяву прэзідэнта Польшчы адрэагавалі як на нешта новае. Мы не толькі размаўлялі пра гэты аспект, але і падзяліліся думкамі пра магчымыя наступствы гэтага аспекту. У любым выпадку млын расейскай прапаганды круціцца, і натуральна, што ў такіх выпадках заўсёды ёсць пагрозы з іхнага боку. Але пагрозы толькі паказваюць, што гэтая ідэя сапраўды ёсць значным фактарам стрымлівання і, натуральна, прымушае нервавацца крамлёўскіх палітыкаў».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, патлумачыў сваю пазіцыю:

«Расея парушае міжнародныя пагадненні, міжнародныя дамовы ў справе ядравай зброі. Што б ні казала Расея, што гэтая праграма ўяўляе для іх пагрозу, усё наадварот. Гэта прапаганда з іхнага боку, бо гэта адэкватны адказ, так і мусіць быць, бо ўся тэрыторыя NATO, у нашым разуменні і перакананні, мусіць быць абароненая адпаведна, адэкватна».

У гэтым святле, паводле польскага прэзідэнта, «вельмі лагічна» перамясціць ядравую зброю на ўсходні фланг.

«Мы [Польшча] як адна з гэтых краінаў заявілі пра сваю гатовасць прыняць гэтую зброю», – патлумачыў Анджэй Дуда, адзначыўшы, што Польшча гатовая адэкватна рэагаваць на дзеянні Крамля.

Нагадаем, што 22 красавіка прэзідэнт Польшчы пацвердзіў выданню «Fakt» гатовасць сваёй краіны да размяшчэння ядравай зброі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што такое абмеркаванне адбывалася ўжо некалькі разоў.

У сваю чаргу ў Расеі заявілі, што ядравыя аб’екты краінаў NATO пасля размяшчэння на тэрыторыі Польшчы стануць законнаю ваеннаю цэллю для Расеі.

«Усе тыя палітыкі, якія з уласных прычынаў захоплена абмяркоўваюць у Польшчы і за яе межамі такую схему, мусяць зразумець: зрухі ў гэтым кірунку бяспекі Польшчы не дададуць, а адпаведныя абʼекты сапраўды стануцца цэллю. І ў нашым ваенным планаванні яны будуць на пярэднім плане», – заявіў намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Рабкоў.

Аналітыка
«Лукашэнка трошкі прыкусіць язык». Навошта Польшчы ядравая зброя?
2024.04.22 18:28

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў