«Песеньку вясёлага беларуса» спевака Ap$entа назвалі экстрэмісцкім матэрыялам


Суд Гомельскага раёну 22 красавіка прызнаў кампазіцыю «Песенька вясёлага беларуса» спевака Ap$entа экстрэмісцкім матэрыялам. За чатыры гады трэк праслухалі прынамсі мільён разоў.

«Песеньку вясёлага беларуса» апублікавалі 11 чэрвеня 2020 года. У песні апавядаюць пра дзядзьку Сашу, якога нам паслалі сілы зла,яго просяць вяртацца ў пекла і забраць з сабой цётку Ліду.

Аўтар песні Арсеній Кісляк, які выступае пад творчым псеўданімам Ap$ent, тлумачыў тады, што звычайна пісаў дэпрэсіўную, псіхадэлічную музыку і заўсёды быў апалітычным, але думкамі пра падзеі, якія адбываліся ўлетку 2020 года, захацелася падзяліцца ў гумарыстычнай форме. І запэўніваў, што спявае пра абстрактных дзядзьку Сашу і цётку Ліду, не пра Аляксандра Лукашэнку і былую старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну.

На момант публікацыі песню праслухалі больш як 500 тысячаў разоў на YouTube праз асноўнае відэа, яшчэ 300 тысячаў разоў на Spotify. Несумнеўна, на ўсіх пляцоўках яна мае больш за мільён праглядаў.

Але гэта не галоўны гіт Ap$entа. Улетку 2022 года ён апублікаваў песню «Можна я з табой», якая раптоўна набыла папулярнасць у TikTok як фон для відэа пра ратаванне бадзяжных жывёлінаў.

Hавiны
Інтэрв’ю з аўтарам песні пра «дзядзьку Сашу і цётку Ліду», якога называюць новым «Ляпісам»
2020.07.14 13:52

Сам музыка быў не супраць такой інтэрпрэтацыі. Але тлумачыў, што песня была пра ад’езд з Беларусі ў Грузію ягонай сям’і  пасля рэпрэсіяў супраць ягонай жонкі – яе асудзілі на год абмежавання волі за «абразу Лукашэнкі» праз каментар пра арышт Рамана Пратасевіча ў тэлеграм-канале «Nexta». Музыка казаў, што «проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця».

З невядомых прычынаў на хвалі папулярнасці гэтай песні Ap$entа забаранілі ў Расеі на патрабаванне «міністэрства цэнзуры» – «Раскамнагляду». Ён стаўся першым выканаўцам з менавіта такою формаю забароны. Жартаваў: мо забаранілі за тое, што ён «проста найдабрэйшы з усіх», а дабрыня для пуцінскай Расеі разбуральная.

Гісторыі
Беларускі спявак Ap$ent расказаў, як «дэстабілізаваў грамадска-палітычны лад» Расеі
2024.04.16 18:10

У Беларусі Ap$ent не забаронены, але цяпер нават за ўпадабанне «Песенькі вясёлага беларуса» пагражае пакаранне. Сам Ap$ent у бяспецы, жыве ў Беластоку.

Але ў Беларусі не раз каралі за музыку. Гэтак, музыкі гурта «Irdorath» правялі амаль два гады ў няволі за тое, што гралі на дудах на акцыях пратэсту. За кратамі застаюцца музыкі «Tor Band» – аўтары аднаго з гімнаў пратэстаў 2020 года. Аўтараў іншага гімну тых пратэстаў, гурт «Nizkiz», асудзілі на «хатнюю хімію» пасля чатырох месяцаў за кратамі. А лідара гурта «Gods Tower», які ўцёк з «хіміі», занеслі ў спіс тэрарыстаў за тое, што ў 2020 годзе параўнаў старшыню аблвыканкаму са свіннёю.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 13:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў