«Шлях да будучыні не павінен быць Чарнобыльскім». Як адзначылі гадавіну аварыі на ЧАЭС


​​Прайшло 38 гадоў са дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Звычайна 26 красавіка беларусы выходзяць на «Чарнобыльскі шлях». Цяпер у самой Беларусі гэта немагчыма, аднак людзі працягваюць успамінаць пра пацярпелых праз катастрофу, як бы далёка ні давялося з’ехаць з краіны.

У 38-ую гадавіну аварыі на ЧАЭС ў Варшаве адбылася традыцыйная акцыя «Чарнобыльскі шлях». Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ад самай раніцы 26 красавіка Святлана Ціханоўская ўзгадала пра Чарнобыльскую катастрофу і выказалася наконт актуальнай ядравай небяспекі.

«Хоць з моманту трагедыі прайшло амаль 40 гадоў, на жаль, мы не можам сказаць, што рызыкаў яе паўтарэння не існуе. Адна з такіх пагрозаў – Астравецкая АЭС. Пры ўсёй нядбайнасці рэжыму, яна становіцца бомбай запаволенага дзеяння. Жахліва нават уявіць маштаб экалагічнай катастрофы, да якой рэжым можа прывесці краіну. Акрамя таго, дыктатар размяшчае ў Беларусі расейскую ядравую зброю і тым самым ператварае краіну ў мішэнь. Для яго гэта – інструмент, каб пагражаць суседзям і падняць уласную значнасць», – адзначыла палітык.

Па яе словах, сёння Беларусь становіцца «гуманітарным Чарнобылем».

«Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах. Сотні тысяч выехалі. Але з іншага боку, апошнія гады шмат чаму нас навучылі. Мы навучыліся жыць, не спадзяваючыся на дзяржаву. Мы навучыліся падтрымліваць, дапамагаць адно аднаму, адстойваць свае інтарэсы і каштоўнасці. Калі дзяржава паводзіць сябе безадказна – мы навучыліся браць адказнасць за лёс сваёй краіны і змагацца за яе будучыню.

Мае дарагія! Наш шлях да будучыні не павінен быць Чарнобыльскім. Ён павінен быць бяспечным для нас і нашых дзяцей. Я ўпэўненая: мы абавязкова ўбачым нашую краіну без ядравай пагрозы. І без дыктатуры, якая да ўсяго гэтага прывяла», – працягнула Ціханоўская.

У гэты ж дзень у Вільні офіс Святланы Ціханоўскай усклаў кветкі да помніка «Маці Чарнобылю». Акрамя беларускіх актывістаў, у мерапрыемстве прынялі ўдзел пасол па асаблівых даручэннях Літвы па Беларусі, паслы Нарвегіі, Канады, Іспаніі, Ірландыі і Эстоніі, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, ЗША, Ізраілю і Украіны.

Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі пасольстваў і дыпламатычных місій у Вільнюсе прымаюць удзел у цырымоніі ўскладання кветак помніку «Маці Чарнобылю» — у памяць аб ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вільня, Літва. 26 красавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Яшчэ адна падзея ў Вільні, якая прысвечаная Чарнобылю, – выстава ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча «Зона адчужэння». Там прадстаўленыя працы беларускіх дзяцей, пацярпелых ад катастрофы. А таксама рэпартажныя здымкі Уладзіміра Сапагова з Чарнобыльскіх шляхоў 90-х.

«Размова пра Чарнобыль цяпер – гэта не толькі практыкаванні памяці, але таксама моцная метафара таго, што адбываецца з намі цяпер – нестрыманай сілы, якая раскідвае нас як ёй заўгодна, на якую мы ніяк не можам паўплываць. Але выстава сведчыць аб тым, як беларусы выжываюць праз жудасныя рэчы, пакідаючы след нашчадкам – дзіцячыя працы, здымкі дэманстрацыяў – і гэты след кліча жыць насуперак усяму», – адзначыла куратарка выставы Паўліна Вітушчанка.

У Польшчы беларусы анансавалі акцыі ў некалькіх гарадах: Варшаве, Вроцлаве і Беластоку. Падчас «Чарнобыльскага шляху» у Варшаве не толькі ўшанавалі памяць ахвяраў трагедыі, але і выступілі супраць расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Да мерапрыемства далучыўся намеснік Ціханоўскай у АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка і і прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

У 38-ую гадавіну аварыі на ЧАЭС ў Варшаве адбылася традыцыйная акцыя «Чарнобыльскі шлях». На здымку — Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні. Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Таксама беларускія дыяспара ў Нью-Ёрк у анансавала акцыю 26 красавіка, у Бруселі і Чыкага «Чарнобыльскі шлях-2024» пройдзе 27 красавіка. А 28 красавіка беларусы збяруцца у Лондане.

Інтэрв’ю
«Мы назіраем разгортванне ядравага рэнесансу». Пра будучыню АЭС разважае навуковец Сяргей Бесараб
2024.04.26 15:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў