У Расеі з рабства вызвалілі двух беларусаў, якіх трымала «ўцякачка з Украіны»


У Падмаскоўі ўратавалі двух мужчынаў з Беларусі, якіх трымалі ў рабстве і прымушалі прасіць міласціну, пагражаючы збіццём. Пра гэта паведамляе «Baza».

Беларус, якога вызвалілі з рабства ў Расеі.
Фота: Baza / Telegram

Віктар, адзін з пацярпелых, прыехаў з Беларусі на заробкі ў Расею ўвесну. Удома ў мужчыны, прызнанага інвалідам, нікога і нічога не засталося, а ў Маскве яму прапанавалі падзарабіць. Наталля запрасіла яго ў кватэру ў Балашысе. Але там у Віктара адразу ж забралі пашпарт. Апроч беларуса, у кватэры былі яшчэ 5-6 асобаў.

Мужчыну кожны дзень адвозілі ў розныя пункты і выдавалі таблічкі з жаласлівымі надпісамі. Напрыклад, пра тое, што ў яго нібыта памерла дачка і трэба грошы на догляд унучак.

Паводле Віктара, ягоная змена доўжылася да позняга вечара, а штодзённы прыбытак кожнай асобы складаў 5000–10000 рублёў (50–100 долараў). Грошы раз на некалькі гадзінаў забіралі.

Калі такім жабракам давалі прадукты, іх таксама трэба было здаваць. Есці падчас працы забаранялася, пагражалі збіццём. Пра ўцёкі Віктар ды іншыя мужчыны не думалі, бо не ведалі, дзе іхныя пашпарты.

Уратавала мужчыну міначка, якая звярнулася да валанцёраў руху супраць рабства «Альтэрнатыва». У кватэру да Наталлі, якая назвала сябе «ўцякачкай з Украіны», валанцёры прыйшлі разам з паліцыяй. Жанчына доўга не хацела выдаваць пашпартоў і запэўнівала, што ні ў чым не вінаватая. У паліцыі пакуль не пачалі справы аб выкарыстанні рабскай працы.

У лютым з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расеі вызвалілі 33-гадовага беларуса Вадзіма Жалезкага. У зняволенні ён быў дзесяць месяцаў. Таксама сёлета вызвалілі беларуса Дзмітрыя, якога падманам змусілі працаваць на цагельні ў Дагестане.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў