Ян Рудзік: Падчас вызвалення Беларусі патрыётам прыйдзецца сутыкнуцца з расейскімі войскамі


У суботу, 24 чэрвеня, Вальны сойм Нацыянальна-вызвольнага руху«Вольная Беларусь» прыняў зварот да беларусаў, у якім заклікаў рабіць рэзкія сілавыя дзеянні: блакаваць аэрапорты, займаць прадпрыемствы, тэлебачанне, радыё, «Белтэлекам» і інш. Аб тым, наколькі гэта быў своечасовы зварот і ці сапраўды акно магчымасцяў для беларусаў з’яўляецца тады, калі ў Расеі адбываюцца ўзрушэнні, «Белсат» паразмаўляў з прадстаўніком арганізацыі «Рух» Янам Рудзікам.

Святкаванне Дня волі ў Варшаве, Польшча. На здымку (у цэнтры) – Ян Рудзік. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Акно магчымасцяў

Ян Рудзік пацвердзіў, што акно магчымасцяў для Беларусі з’яўляецца тады, калі ў Расеі адбываецца «бардак». Паводле ягоных словаў, многія сцвярджалі, што пасля развалу Савецкага Саюза дзяржаўны лад Расеі адкаціўся да феадальнага, і зараз можна назіраць, як васалы пайшлі адзін на аднаго. Прэцэдэнт з Прыгожыным, на яго думку, вельмі сур’ёзны, і надалей «будзе толькі горш», бо не бачна ніякіх прычын для паляпшэння сітуацыі.

Што ж тычыцца заявы, зробленай Вальным соймам, то яна была зроблена, на думку Яна Рудзіка, «з перспектывай і не страціць сваёй актуальнасці ні сёння, ні заўтра».

«Гэта менавіта тое, чаго нам не хапала ў 20-м годзе – бо патрэбныя пэўныя крокі: захоп прадпрыемстваў і іншае… Таму, на мой погляд, усё актуальна, і вельмі добра, што гэта было прамоўлена ўслых, бо пакуль такіх канкрэтных планаў ад іншых дэмакратычных сілаў, я, напрыклад, не чуў – вось так step by step. Добра, каб людзі, якія знаходзяцца зараз у краіне, пачыналі да гэтага рыхтавацца і ведалі, як мы будзем дзейнічаць надалей», – адзначыў Ян Рудзік.

У штабе няма сэнсу

Гаворачы аб штабе, які быў створаны Аб’яднаным дэмакратычным кабінетам, Ян Рудзік адзначаў, што ён персанальна атрымаў запрашэнне ўвайсці ў яго. Але ад прапановы адмовіўся, бо не бачыў у гэтым сэнсу, як не бачыў сэнсу і ў існаванні самога штабу, таму што ў іх «няма ніякіх ні ўзброеных сваіх людзей, ні ўзброеных сілаў».

Ян Рудзік паведаміў, што «Рух» знаходзіцца ў цесным кантакце з кіраўніцтвам палка Каліноўскага – як з тымі, хто «з усіх беларускіх падроздзелаў» мае найбольшы фізічны і тэхнічны патэнцыял да якіх-небудзь дзеянняў. Таму на Вальным сойме вырашылі дзейнічаць па сваёй праграме супольна з Зянонам Пазняком і рухам «Вольная Беларусь».

Ян Рудзік трошкі паіранізаваў над заявай штаба, створанага Аб’яднаным пераходным кабінетам, аб выхадзе з АДКБ. А датычна Каардынацыйнай рады ўвогуле адзначыў, што яму спадабалася, што «бюракратычнасць выратавала яе ад сораму, бо праз гэта не паспелі стварыць нейкую заяву і таксама там з АДКБ выйсці ці нешта зрабіць – Бог збярог».

Ці зменіцца што пасля прыходу вагнэраўцаў?

На думку Яна Рудзіка, у Беларусі пасля прыходу байцоў Прыгожына нічога не зменіцца, бо ў ёй на сённяшні дзень і так няблага адбудавана структура вагнэраўцаў.

«Яны трэніруюць нашых так званых «апалчэнцаў» і іншых губазікаўцаў, многія з афіцэраў Вагнэра – беларусы. Яны ж самі казалі, што Лукашэнка ведае Прыгожына дваццаць гадоў», – кажа суразмоўца.

Таксама Рудзік выказаў сумнеў у тым, што Прыгожын увогуле будзе знаходзіцца ў Беларусі, таму што з тымі рэсурсамі і ўплывам, якія ёсць у кіраўніка ПВК Вагнэра, яму «хопіць месцаў, дзе можна перакантавацца». Магчыма, ён увогуле не будзе з Расеі выязджаць, выказаў меркаванне суразмоўца. На яго погляд, усе заявы пра прыход Прыгожына ў Беларусь увогуле больш падобны на нейкі піяр-ход, кампанію інфацыганства, якая прадала «крыху пустаты».

Беларусь – пірацкая база

Але разам з тым Ян Рудзік выказаў шкадаванне аб тым, што Беларусь становіцца такім хабам для вагнэраўцаў.

«Наколькі я разумею логіку Крамля, ён спрабуе выставіць расейскія эліты як еўрапеізаваных белых людзей, якія піруюць над хаосам барбарскіх народнасцяў, і гэты праект яны спрабуюць прадаць Захаду. І вось, на жаль, лукашэнкаўская Беларусь якраз такая пірацкая база», – сказаў Ян Рудзік.

На ягоную думку, Крэмль спрабуе зрабіць уражанне, што «ёсць такі вар’ят Кадыраў, вар’ят Лукашэнка, вар’ят Прыгожын», якіх ён кантралюе, але пры гэтым гаспадары Крамля нібыта прагаворваюць: «размаўляйце з намі, калі хочаце нейкай бяспекі».

Ян Рудзік пакуль не гатовы сказаць, як далёка гэтая сітуацыя можа зайсці і як яна адаб’ецца на нашай краіне.

«Вядома, што больш суверэнітэту не дадасць. Гэта, як і ядравая зброя, яшчэ адзін цвік у труну нашай незалежнасці», – падкрэсліў суразмоўца.

Тым не менш асаблівых нагодаў для алармісцкіх настрояў ён не бачыць, бо ў любым разе, калі б пачалі рабіцца нейкія актыўныя крокі па вызваленні Беларусі, то беларускім патрыётам «усё адно прыйшлося б сутыкнуцца з расейскімі войскамі ці з вагнэрамі наўпрост, таму ў гэтым плане нічога не змяняецца».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў