У Беларусі 25 лютага прайшоў «адзіны дзень галасавання» за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падвяла вынікі маніторынгу: гэтыя «выбары*» не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў.
«Адзіны дзень галасавання» прайшоў са шматлікімі парушэннямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, заяўляюць незалежныя назіральнікі.
«Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадстве», – пішуць праваабаронцы.
Пра гэта, паводле назіральнікаў, сведчаць:
Са снежня 2023 года, адзначаюць праваабаронцы, улады запусцілі кампанію запалохвання грамадзянаў, якія былі назіральнікамі на прэзідэнцкіх выбарах-2020, праводзячы ператрусы і затрыманні, якія суправаджаліся пагрозамі і прымусам запісаць відэа з «выбачэннямі». Міжнародныя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ не былі запрошаныя назіраць за выбарамі.
Да назірання былі дапушчаныя толькі мясцовыя і міжнародныя палітычна прадузятыя назіральнікі (пры тым ад «Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі» ў назіральнікі ішлі хлопцы і дзяўчаты, старэйшыя за 50 гадоў).
Асноўным рэсурсам выканаўцаў, якія забяспечваюць правядзенне «адзінага дня галасавання», як і раней, былі пяць найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў (БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчынаў, Саюз ветэранаў, Фонд міру) і прафсаюзы, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усе яны, акрамя Фонду міру, з 2023 года заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы.
Адсотак праходнасці вылучаных імі прадстаўнікоў у склад камісіяў складае 98,7% у тэрытарыяльныя і 99% у акруговыя выбарчыя камісіі.
Тое, што зарэгістравана ўсяго 265 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў пры 8,4 % адмоваў, паказвае на перадвызначанасць працэсу вылучэння, лічаць праваабаронцы: «Мяркуючы па ўсім, уладамі была пастаўлена задача мець 2 кандыдатуры ў выбарчым бюлетэні на кожнай акрузе, для таго каб забяспечыць фармальную канкурэнтнасць». Большасць зарэгістраваных кандыдатаў – «наменклатурныя», то значыць, займаюць кіроўныя пасады, а кандыдаты рабочых прафесіяў практычна адсутнічаюць.
На ўзроўні выбараў у Палату прадстаўнікоў толькі па дзвюх заявах было прынятае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі. Праўда, публічна нязгодныя з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і не падавалі заявак, калі не лічыць лідара ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука – ён адзін з тых двух, каму адмовілі, і перад пачаткам галасавання яго затрымалі.
42,3% кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і 27,6% кандыдатаў у мясцовыя Саветы былі ад праўладнай партыі «Белая Русь». Апазіцыйныя партыі ў Беларусі фармальна забаранілі яшчэ ў мінулым годзе. Апошнюю, «Справядлівы свет», ліквідавалі 30 верасня 2023 года.
Праграмы кандыдатаў, пішуць праваабаронцы, рэхам адлюстроўвалі адны і тыя ж тэмы і каштоўнасці, што падтрымліваюцца ўладамі, і гэта сведчыць аб значным абмежаванні палітычнага дыялогу і адсутнасці сапраўднага спаборніцтва ідэяў.
Многія зарэгістраваныя кандыдаты не карысталіся сваім правам адкрываць спецыяльныя выбарчыя рахункі: так, сярод кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў толькі 160 чалавек з 265 скарысталіся гэтай магчымасцю.
Афіцыйныя вынікі сталі вядомыя праз менш як 7 гадзінаў па закрыцці ўчасткаў. Вынікі былі настолькі прадказальныя, што выданне «Наша ніва» і вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч адгадалі па 97 % пераможцаў.
Улады прыкладвалі асаблівыя намаганні для арганізацыі рэальнай яўкі, выкарыстоўваючы адміністрацыйны ціск, і для стварэння інфармацыйнай карцінкі масавай актыўнасці выбарнікаў, «атмасферы свята», якая павінна запаўняць прастору адсутнай палітычнай барацьбы, пішуць праваабаронцы. Як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, датэрміновае галасаванне мела адміністрацыйна-мабілізацыйны, прымусовы і справаздачны характар.
І чамусьці пры тым, што яўка на датэрміновым галасаванні ў 2024 годзе была названая самай высокай з усіх кадэнцыяў Палаты прадстаўнікоў, выніковая афіцыйная яўка была самай нізкай з кампаніяў апошніх 5 гадоў.
«Скаргаў і зваротаў, мяркуючы па ўсім, было настолькі мала, што ЦВК, у адрозненне ад мінулых выбараў, вырашыў не публікаваць адпаведны раздзел на сваёй старонцы, – адзначаюць праваабаронцы. – Гэта, з аднаго боку, з’яўляецца следствам пануючай атмасферы страху ў ходзе гэтай выбарчай кампаніі, калі любая нязгода з парушэннямі ўспрымалася патэнцыяльнымі суб’ектамі абскарджання як небяспечнае для сябе дзеянне. А з другога, адсутнасцю незалежных кандыдатаў у дэпутаты і ў цэлым апазіцыйных палітычных партыяў, якія былі заўсёды актыўнымі ў абскарджанні парушэнняў правоў сваіх прадстаўнікоў, у прыватнасці ў працэсе фармавання выбарчых камісіяў».
Святлана Ціханоўская, выбраная прэзідэнтка Беларусі, назвала гэтае галасаванне «бязвыбарамі» і заклікала не ўдзельнічаць у ім. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў гэтым кантэксце піша слова «выбары*» са зноскай:
«Тэрмін „выбары*“ ў дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцыяў, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае».
Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе раней падкрэсліла, што выбары «прайшлі ў атмасферы страху, у якой ні адзін выбарчы працэс нельга назваць дэмакратычным». Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў выбары фіктыўнымі. Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі спрабуе ў чарговы раз заглушыць жаданне і права беларускага народу выказаць сваю волю праз свабодныя і сумленныя выбары.
Алесб Наваборскі belsat.eu