Ленінскі раённы суд Бішкеку 27 красавіка задаволіў пазоў Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Кыргызстану аб спыненні дзейнасці мясцовага аддзялення радыё «Свабода» – радыё «Азатык».
«Рашэнне суду павінна было паказаць, ці ёсць у грамадзянаў права атрымліваць і распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю ці гэта права проста намінальна прапісана ў Канстытуцыі. Сённяшняе рашэнне дало адказы на гэтыя пытанні», – сказаў адвакат «Азатык Медыя» Цімур Султанаў.
Сайты «Азатыка» заблакаваныя рашэннем Мінкульту Кыргызстану з 26 кастрычніка 2022 года. Падставай стаў матэрыял аб канфлікце на кыргызска-таджыцкай мяжы. У ведамстве растлумачылі, што гэта мера будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль матэрыял не будзе выдалены.
23 студзеня 2023 года стала вядома, што ведамства падало ў суд пазоў аб спыненні дзейнасці «Азатык Медиа». Паводле Мінкульту, дзеянні радыё супярэчаць патрабаванням закону пра медыі.
На паседжанні суда 26 красавіка былі прадстаўленыя вынікі лінгвістычнай экспертызы выпуску, згодна з якімі «ў матэрыяле ёсць лінгвістычныя прыкметы негатыўнага характару адносна Кыргызскай Рэспублікі».
Прадстаўнікі «Азатык Медиа» маюць намер абскардзіць вердыкт у вышэйшай інстанцыі. На гэта ў іх ёсць 30 дзён.
Якуб Хруст belsat.eu