Журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі, не паведаміўшы нават адвакату


Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым, перад гэтым асудзіўшы на таемным судзе, пра які не ведаў нават адвакат. Пра гэта паведамляе жонка палітвязня Вольга.

Дзяніс Івашын.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Вольга Івашына распавяла, што маці журналіста Людміла напісала запыт начальніку магілёўскай калоніі № 15 Лазарэнку, калі ад сына доўгі час не было ніякіх вестак. У лісце ад 18 ліпеня за подпісам Лазарэнкі паведамляецца, што Дзяніс Івашын пераведзены на турэмны рэжым у Жодзіна.

Ліст маці Дзяніса Івашына з калоніі.
Фота: dzianisivashyn / Telegram

Пасля гэтага маці напісала яшчэ адзін ліст з просьбаю патлумачыць падставу для пераводу. У адказе было пазначана, што ў калоніі правялі суд, які і вынес адпаведную пастанову.

Аднак пра судовы працэс, які пастанавіў перавесці журналіста з калоніі на строгі турэмны рэжым, не ведалі ні родныя, ні адвакат Івашына, які мусіў бы яго абараняць.

Вольга дакладна не ведае, што сталася прычынаю пераводу Дзяніса Івашына з калоніі ў турму. У каментары «Белсату» яна  казала, што найхутчэй мэта – пагоршыць умовы щтрымання. Паводле ейных словаў, найбольш вядомых палітвязняў, такіх як філосаф Уладзімір Мацкевіч ці палітык Павел Севярынец, прыблизна праз 1,5 года ўтрымання ў калоніі пераводзяць на турэмны рэжым, каб пагоршыць умовы. Але Вольга зазначае, што і ў цяперашніх калоніях «выжыць без добрага здароўя цяжкавата».

«Я ведаю, што Дзяніса збівалі ў калоніі № 15, неяк неўзлюбілі яго і, можа быць, такім чынам вырашылі адпомсціць. А можа гэта быць такі цэнтралізаваны загад, каб усіх палітвязняў пераводзіць на турэмны рэжым», – мяркуе жонка палітзняволенага журналіста.

У верасні мінулага года журналіста Дзяніса Івашына прысудзілі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 150 базавых велічынь. Кожнаму з дзевяці «пацярпелых» Івашын павінен выплаціць 2000 рублёў. Суд над журналістам пачаўся 15 жніўня і праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суда Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Журналісту выставілі абвінавачванне паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). КДБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Сваякі і калегі кажуць, што затрыманне звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых байцоў украінскага «Беркута», якія пасля ўцёкаў з Украіны ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сэрцавы прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня ціснулі: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

Трэба пагаварыць
«Магчыма, у нас ужо не будзе дзяцей», – жонка палітвязня Дзяніса Івашына
2023.01.22 12:00
Алена Рувіна belsat.eu
Стужка навінаў