На наваполацкім заводзе «Нафтан» працягваюцца затрыманні рабочых. Тэлеграм-канал «Стачка Нафтана» паведамляе пра затрыманне інжынера-канструктара Аляксандра Балонкіна.
Аляксандра затрымалі прыкладна а 13:00 27 верасня пасля ператрусу на працоўным месцы. Ён намеснік старшыні нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан».
Раней ператрусы прайшлі ў офісе прафсаюзу, а таксама ў кватэры старшыні Вольгі Брыцікавай. На мінулым тыдні ў Расеі затрымалі і перадалі беларускаму КДБ былога юрысконсульта ААТ «Нафтан» Аляксандра Капшуля.
Сёння прыходзілі паведамленні, што каля прахадной БМЗ былі заўважаныя аўтазакі, а на прадпрыемстве магчымыя затрыманні актывістаў рабочага руху. Аднак інфармацыя пакуль не пацвердзілася.
Таксама ў нядзелю ўвечары, 26 верасня, на дзяржаўным тэлеканале паказалі сюжэт, прысвечаны затрыманым людзям, якія, як сцвярджаецца, былі звязаны з арганізацыяй «Рабочы рух». Прагучала інфармацыя, што ўсяго супрацоўнікі КДБ затрымалі 13 чалавек.
АД, belsat.eu