Не менш за 15 чалавек загінулі падчас страляніны ў маўзалеі Шах Чэрах у іранскім горадзе Шыраз. Пра гэта паведамляе Reuters.
Адказнасць за тэракт узялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы».
Як паведамляе Бі-Бі-Сі, сярод загінулых была мінімум адна жанчына і двое дзяцей. Дакладнай інфармацыі пра колькасць параненых няма: спачатку заяўлялася пра 40 пацярпелых, потым іранскае тэлебачанне паведаміла пра 19.
Мясцовыя медыі сцвярджаюць, што нападнікаў было трое, яны пачалі страляць па паломніках ля ўваходу ў маўзалей. Але афіцыйныя асобы кажуць, што стралок быў адзін, ён атрымаў раненне і цяпер затрыманы.
Маўзалей Шах Чэрах з’яўляецца адной з галоўных славутасцяў Шыразу і важнай рэлігійнай святыняй шыітаў.
Тэракт у Шыразе адбыўся на фоне масавых пратэстаў, якія пачаліся ў верасні і ахапілі дзясяткі гарадоў Іран. Пратэсты былі выкліканыя смерцю ў пастарунку 22-гадовай Магсы Аміні, затрыманай за «непрыстойнае» нашэнне хіджабу. Але пратэстоўцы патрабуюць не толькі эмансіпацыі ды раўнапраўя жанчын, але і змены рэжыму ў краіне.
Глеб Нержын belsat.eu