Палітычны крызіс у Беларусі працягваецца 536 дзён. Як мінуў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».
Выкладчыцу сальфеджыа з Мастоў Галіну Цярэнцьеву аштрафавалі на 640 рублёў за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», зроблены яшчэ ў 2019 годзе. Яна падзялілася адным з матэрыялаў «Белсату».
Справу супраць журналістаў «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і Андрэя Скурка накіравалі ў суд. Ім інкрымінуюць нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры, паведамляе nashaniva.com.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў эфіры «Студыі «Белсат» распавёў, што ў Беларусі супраць яго дачкі распачалі крымінальную справу. Паводле словаў палітыка, сілавікі арыштавалі кватэру дзяўчыны.
У Віленскі абласны адміністрацыйны суд паступіла скарга з боку «Беларуськалію» на рашэнне ўраду Літвы аб скасаванні доўгатэрміновага кантракту на транзіт угнаенняў, паведамляе агенцыя BNS.
Помнік героям беларускай рэвалюцыі зʼявіцца ў варшаўскім парку Шыманскага ў раёне Воля. Скульптура з сямі асобаў прадстаўляе арыштаваных беларускім рэжымам актывістаў. Сярод фігур будуць Анджэй Пачобут, Анджэліка Борыс, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі і іншыя. Выявы, памаляваныя ў залаты колер будуць крочыць з высока паднятымі галовамі, нібы яны атрымалі свабоду.
Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня выступіў са зваротам да народу і Нацыянальнага сходу. Прамова доўжылася 2,5 гадзіны, потым Лукашэнка яшчэ гадзіну адказваў на пытанні з залы.
Вядомая беларуская спартоўка і алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя звярнулася да ўсіх беларусаў, украінцаў і расейцаў з заклікам перадухіліць вайну. Яе відэазварот апублікаваў youtube-канал Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
КЛ belsat.eu