Кіраўнік МЗС Польшчы не выключыў перавароту ў Расеі ў выпадку загаду Пуціна ўжыць ядравую зброю


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў інтэрв’ю нямецкаму выданню «Bild» напярэдадні перамоваў з кіраўніцаю МЗС Нямеччыны заявіў, што Уладзімір Пуцін не зможа проста так выкарыстаць ядравую зброю без згоды расейскіх генералаў, і ў выпадку, калі ён усё ж дасць такі загад, афіцэры могуць пастанавіць «пазбавіцца ад яго».

Начальнік Генштабу РФ Валерый Герасімаў, Уладзімір Пуцін і міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Масква, Расея. 19 снежня 2023 года.
Фота: Mikhail Klimentyev/ Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

«Гэта не тая зброя, якую ён можа атрымаць адным націскам кнопкі. Ёсць звычайны ланцужок прыняцця пастановы з удзелам Мінабароны і Генштабу. Пуцін мае пераканаць сваіх генералаў выканаць такі загад. Гэтыя генералы ведалі б, што гэта зробіць іх ваеннымі злачынцамі. У гэты момант у іх быў бы выбар: выконваць загад або пазбавіцца ад Пуціна», – сказаў кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі.

Ён пры гэтым адзначыў, што няма прыкметаў, якія б сведчылі аб пагрозе ўжывання ядравай зброі Расеяй. «Мы б ведалі загадзя», – упэўнены дыпламат.

Сікорскі таксама падкрэсліў, што ЗША папярэдзілі Маскву аб наступствах выкарыстання ядравых боепрыпасаў:

«Злучаныя Штаты вельмі цвёрда заявілі Расеі, што будуць выкарыстоўваць свае звычайныя сілы для знішчэння любой расейскай цэлі на акупаваных тэрыторыях Украіны, калі Расея выкарыстае ядравую зброю. Мяркую, што гэта моцны фактар стрымлівання».

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 16:54

Акрамя таго, польскі міністр выказаў спадзеў, што нямецкі канцлер Оляф Шольц зменіць сваё стаўленне да паставак Украіне дальнабойных ракетаў «Taurus»:

«ЗША паставілі Украіне ракеты «ATACMS» з далёкасцю 300 кіламетраў. Я спадзяюся, што канцлер разумее, што гэта рэакцыя на рэзкае абвастрэнне з боку Расеі. Расейцы ўжо знішчылі 70% патэнцыялу вытворчасці электраэнергіі ва Украіне. Гэта сапраўды ваеннае злачынства».

Радослаў Сікорскі падсумаваў, што ў Захаду «просты выбар»: «Або мы будзем мець разбітае расейскае войска за межамі Украіны, або пераможнае расейскае войска на мяжы з Польшчай». Калі Масква пераможа, Пуцін зробіць з Украінай тое самае, што Гітлер – з Чэхаславаччынай: «Ён возьме пад кантроль прамысловасць і насельніцтва Украіны і выкарыстае іх для працягу вайны».

«Лепш спыніць Пуціна ва Украіне», – заявіў міністр, адзначыўшы, што Польшча не здзівілася б, калі Расея ў чарговы раз напала б на рэспубліку. Аднак цяпер «Расея пацярпела б паразу, бо мы, Захад, значна мацнейшыя за яе», упэўнены Сікорскі.

Аналітыка
Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым
2024.02.27 18:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў