«Белсат» падводзіць вынікі 795-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 13 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Кіслоўка, Бераставое і Копанкі ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць далейшыя прасоўванні расейцаў у сяле Кіслоўка.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў увогуле сцвярджае, што УС РФ цалкам занялі населены пункт.
Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» пакуль не пацвярджае поўны кантроль войскаў РФ над Кіслоўкай, але мяркуе, што сілы абароны Украіны маглі адысці ў суседнюю Катляроўку, якая знаходзіцца з поўдня на адлегласці каля 300 метраў.
Крыніца адзначае, што поспех на рубяжы Кіслоўка – Катляроўка дазволіць Узброенымі сіламі РФ істотна прасунуцца ўздоўж трасы H-26, якая вядзе да буйнога ўмацаванага раёну ЗСУ ў горадзе Купянск.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ўкраінцы контратакавалі каля Навасёлаўскага ў Луганскай вобласці, але прасунуцца не здолелі.
На суседнім ліманскім кірунку расейцы прынамсі 14 разоў атакавалі ў каля сяла Неўскае і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама побач з Цернамі ў Данецкай вобласці – паўсюль без поспеху.
На бахмуцкім кірунку сітуацыя для ЗСУ застаецца адносна стабільнай, хоць Узброеныя сілы РФ і працягваюць валодаць ініцыятывай.
Украінскае камандаванне фіксуе восем безвыніковых атак праціўніка за апошнія содні ў ваколіцах населеных пунктаў Спірнае, Выемка, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Пры гэтым па-ранейшаму найбольшая актыўнасць расейцаў засяроджаная ў ваколіцах Часавага Яру – на ўсходніх ускрайках гораду і на флангах.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што ў ваколіцах Часавага Яру расейцы дзейнічаюць выключна сіламі пяхоты, назапашваючы цяжкую тэхніку ў тылавых раёнах.
Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў войскаў РФ лакалізуецца на аўдзееўскім кірунку. Генштаб ЗСУ піша, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 35 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Керамік, Новакалінавае, Уманскае і Няйталава.
Тым часам «Рыбарь» сцвярджае, што на паўночным фланзе УС РФ цалкам занялі сёлы Бэрдычы і Новакалінавае. Удакладняецца, што з першага населенага пункту ЗСУ былі вымушаныя адысці пасля страты суседніх Сямёнаўкі і Ачэрэтына. На думку крыніцы, у далейшым войскі РФ маюць выпрастаць лінію сутыкнення па рубяжы Ачэрэтына – Уманскае.
У Deepstate прызнаюць страту ўкраінцамі Бэрдычаў, але пры гэтым гавораць пра захаванне часткі Новакалінавага.
Таксама аналітыкі фіксуюць удары сілаў абароны па праціўніку ў сяле Няйталава (паўднёвы фланг аўдзееўскага кірунку), што сведчыць пра спробы расейцаў замацавацца на ўскрайках гэтага населенага пункта.
На навапаўлаўскім кірунку расейцы наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда, Парасковіеўка і Вадзяное.
Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ ў сваім тэлеграм-канале паведамляюць, што ў Краснагораўцы праціўнік пачаў абыходзіць з флангу тэрыторыю мясцовага цагельнага заводу і прасунуўся на паўднёвым усходзе гораду ўздоўж вуліцы Геалагічная і ў бок Івана Франка. Адначасова з гэтым расейцы намагаюцца зачапіцца за паўднёвую частку самога заводу.
Далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы, прасунуўшыся з боку Новаміхайлаўкі, зайшлі ў сяло Парасковіеўка, і цяпер ціснуць у гэтым жа кірунку з поўначы ад Пабеды.
На бярдзянскім кірунку расейцы цягам содняў атакавалі на так званым урэмеўскім выступе каля сяла Старамаёрскае, але, паводле Генштабу ЗСУ, прасунуцца не здолелі.
Нязменнай застаецца сітуацыя і ў Запарожскай вобласці, дзе ідуць сустрэчныя баі паміж сёламі Вэрбовае і Работына – выступ па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu