Саюз палякаў у Беларусі паведаміў пра нечаканы візіт міліцыі ў офіс арганізацыі падчас сходу настаўнікаў напярэдадні пачатку навучальнага году.
Сілавікі прыйшлі раніцай на сустрэчу педагогаў цэнтраў навучання польскай мовы, якія працуюць пры СПБ. Актывістка Саюзу Данута Карповіч напісала ў сябе ў Фэйсбуку, што міліцыянты патлумачылі, што прыйшлі, бо атрымалі ананімнае паведамленне, што ў офісе Саюзу палякаў праходзіць «нелегальны сход».
Партал Znadniemna.pl піша, што сілавікі запісалі асабістыя дадзеныя прысутных у офісе настаўнікаў і сышлі. Калі сход педагагічнай рады будзе прызнаны нелегальным, то можна чакаць, што настаўнікаў будуць выклікаць у аддзяленні міліцыі, а потым судзіць.
Саюз палякаў у Беларусі – буйная няўрадавая арганізацыя, якая мае свае аддзяленні ў дзясятках беларускіх гарадоў і вёсак. Ён дзейнічае без афіцыйная рэгістрацыі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 СПБ падтрымаў беларускую грамадзянскую супольнасць, якая дамагалася дэмакратычнай змены ўлады. За гэта Саюз трапіў у поле зроку рэжыму Лукашэнкі, чацвёра сябраў Саюзу былі затрыманыя і абвінавачаныя за арганізацыю мерапрыемстваў у памяць аб Арміі Краёвай у прапагандзе нянавісці на этнічнай глебе.
Пасля ўмяшальніцтва польскіх уладаў настаўніцы і рэгіянальныя лідаркі СПБ Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая былі вызваленыя з СІЗА і вывезеныя з Беларусі ў Польшчу. Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут і старшыня Саюзу палякаў Анжэліка Борыс дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ім прапанавалі вольнасць, калі яны напішуць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні.
ГГ/PJ, belsat.eu