news
Гісторыі
«12 трупаў для статыстыкі». Былы палітвязень апавёў пра допыты ў КДБ і гомельскія моргі ў сакавіку 2022 года
Алег Барадзін піша кнігу ў Ізраілі.
02.10.202308:27

У сакавіку 2022 года Алег Барадзін пабачыў, як два падпітыя расейскія афіцэры на гомельскай вуліцы тлумачаць гомельцу (ужо таксама нападпітку) «палітыку партыі» пра «папераджальны ўдар па Украіне». Такое цемрашальства так абурыла Алега, што ён пачаў здымаць размову на тэлефон. Вынік: КДБ – ГУБАЗіК – «пакаянка» – ізалятар. Свой турэмны досвед былы палітычны вязень падрабязна апісаў у кнізе, якая амаль гатовая да выдання ў Ізраілі. Менавіта ў гэтай краіне цяпер жыве і працуе беларус. Справа толькі за ілюстрацыямі, кажа Алег у размове з «Белсатам».

Былы палітвязень Алег Барадзін.
Фота: Alieh Baradzin / Facebook

«Што-што, а памяць фатаграфічную маю добрую. З адукацыі я мастак, 6-гадовы досвед у паліграфіі. Таму ілюстраваць кніжку буду ўласнымі малюнкамі. Магчыма, з’явіцца ў ёй і худасочны лысы падпалкоўнік са злосным тварам – з ГУБАЗіКу», – кажа былы палітычны вязень Алег Барадзін.

«Не вечны холад і сабачая ежа – людзі стаяць перад вачыма»

Што праўда, два кадэбісты, якія яго дапытвалі, былі настолькі размытыя і незапамінальныя, што ўжо сцерліся з памяці, прызнаецца. Але аднаго, трэцяга, памятае – 25-гадовага хлопчыка ў акулярах, з пазаліванымі тлушчам вочкамі, які гнуў сваю лінію.

Аднак самыя яркія вобразы, якія заселі ў памяці, – гэта тры палітычныя вязні, з якімі Алег сядзеў у камеры Гомельскага ІЧУ: айцішнікі Віктар Кулінка і Андрэй Вуткін ды чыгуначнік Аляксандр Лучыновіч. Усе трое, як і Алег Барадзін, былі затрыманыя ў канцы сакавіка 2022 года. Усе праходзілі паводле аднаго артыкулу – 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Усіх вінаваціцілі ў адным і тым жа: нібыта дасылалі ці публікавалі ў сеціве фотаздымкі і ролікі з перамяшчэннем расейскай вайсковай тэхнікі.

«Спакойны, крыху безуважлівы твар Віктара Кулінкі з невялікім чубком і бародкай. Адхілены позірк праз акуляры на турэмную падлогу Андрэя Вуткіна. І Аляксандр Лучыновіч з ягонаю жалезнай упэўненасцю, што ўсё робіць правільна, з непахіснаю праватою ў вачох. Не вечны холад і сабачая ежа, не пастаянныя шмоны з вывадам у калідор на расцяжку, а менавіта гэтыя хлопцы стаяць у мяне перад вачыма», – кажа Алег Барадзін.

Партрэт палітвязня Віктара Кулінкі, які зрабіў з памяці Алег Барадзін

Аляксандра Лучыновіча і Андрэя Вуткіна засудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. Віктара Кулінку – на тры ўзмоцненага рэжыму. Алега Барадзіна нечакана выпусцілі на волю пасля 15 содняў арышту.

«Нейкім цудам я адтуль вырваўся», – успамінае ён.

«Гэта была партызанская вайна»

Праз пяць дзён Алег выехаў з Беларусі (Масква – Ерэван – Тбілісі), а праз некалькі тыдняў даведаўся, што сілавікі абвясцілі яго ў вышук і завялі крымінальную справу паводле артыкулаў 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») і 130-1 КК («Распальванне варожасці»).

«З вялікімі цяжкасцямі я вывез сям’ю з Беларусі, бо ГУБАЗіК выставіў ультыматум: свабодны выезд сямʼі ў абмен на маё вяртанне ў Беларусь», – апавядае былы палітвязень.

Пазней, разам з сямʼёю, пераехаў у Ізраіль, дзе і надумаў апублікаваць свае ўспаміны пад працоўным загалоўкам «Цана свабоды – 15 содняў».

Алег Барадзін апавядае, што жыў у Гомлі на праспекце Перамогі недалёка ад чыгуначнага вакзалу і з пачатку сакавіка амаль штодня бачыў эшалоны з вайсковаю тэхнікай, што праходзілі праз вакзал. Калі спачатку эшалоны ішлі толькі ўвечары ці ўначы, то пазней – ужо і ўдзень, «нахабна і без якой-кольвек канспірацыі». Амаль у цэнтры прамысловых зонаў гораду ці на закрытых тэрыторыях Белчыгункі разгортваліся ахоўныя мабільныя спадарожнікавыя вузлы сувязі. А на запасных каляінах чыгуначных станцыяў вакол Гомля стаялі пасажырскія вагоны Расейскай чыгункі – з вайскоўцамі пад узброенай аховаю АМАПу і міліцыі. Там жа працавалі палявыя кухні, якія кармілі «яшчэ другое войска свету».

«Калі ЗСУ знішчылі паўночную групоўку расейскіх акупантаў каля Кіева, з палёгкаю назіраў, як па цэнтры Гомля цягнуліся пахавальныя картэжы з дзясяткаў расейскіх санітарных аўтобусаў.

Знаёмыя дактары апавядалі і потайкам паказвалі відэа з гомельскіх лякарняў, забітых параненымі акупантамі. У моргах не ставала месцаў, складаць трупы пачалі ў вагоны-рэфрыжэратары Беларускай чыгункі», – апавядае Алег Барадзін.

Расейскія вайскоўцы ў Гомлі стаяць каля крамы, дзе прадаюць алкаголь. 16 сакавіка 2022 года.
Фота: Беларусь головного мозга / Telegram

Адзін медык апавядаў, што ў морг прыйшлі расейцы і загадалі падрыхтаваць для вывазу «12 целаў». «Якіх 12? У нас тут каля сотні ляжыць. Куды іх?» – адрэагавалі працаўнікі моргу. «Куды хочаце. Нам для статыстыкі патрэбныя 12 трупаў, і не больш», – пачулі ў адказ.

На погляд Алега Барадзіна, беларусы, у прыватнасці жыхары Гомельшчыны, зрабілі сваймі партызанскімі дзеяннямі важкі ўнёсак у тое, што ЗСУ адбіла наступ расейцаў каля Кіева:

«Вось гэтыя пяць – шэсць дзён, калі расейскія эшалоны стаялі колам у Беларусі, далі магчымасць украінцам падцягнуць рэзервы і адкінуць ворага ад Кіева. У гэтым быў і беларускі ўнёсак, і нельга гэтага адмаўляць».

Мужчына апавядае, што гэта сапраўды была партызанская вайна, бо нават 16-гадовыя падлеткі цягнулі на чыгунку бярвенні і смецце, каб стварыць перашкоды расейскім цягнікам.

«Адзін чэкіст, другі чэкіст – кожны па чарзе…»

Былы палітычны вязень успамінае, што ў КДБ, куды яго прывезлі пасля затрымання 29 сакавіка 2022 года, яго вінавацілі ў «ганьбаванні расейскай арміі». Ён удакладняе, што кадэбісты вылічылі яго праз відэа камераў назірання каля крамы «Дыяніс» і канчаткова ідэнтыфікавалі з запісаў камераў у краме, дзе Алег быў без маскі, з адкрытым тварам.

«Гэтыя пʼяныя расейскія афіцэры апавядалі гомельскаму ябацьку пра ўсю грандыёзнасць і важнасць «спецаперацыі» для самых жа ўкраінцаў і пра дальнабачнасць вялікага Путлера з ягоным папераджальным ударам па Украіне. Я проста павінен быў зняць гэта для гісторыі. А потым зафіксаваў на тэлефон і манерную прагулку гэтых ваякаў па Прывакзальнай плошчы Гомля з пакетам алкаголю і закускі», – яшчэ раз згадвае, як усё адбывалася, Алег Барадзін.

Гісторыі
«Садызм і параноя». Былы палітвязень тлумачыць, чым калонія строгага рэжыму розніцца ад «агульнай» зоны
2023.09.24 08:00

Апрача відэа з пʼяным расейскім афіцэрам каля гомельскага «Дыяніса», кадэбісты знайшлі відэазапіс, на якім на дарозе валяецца чырвона-зялёны афіцыйны сцяг, сарваны ўраганам. Запытвалі, чаму не падняў. Знайшлі таксама стары скрын з голымі Пуціным і Лукашэнкам, якія бяруць ванную, запоўненаю крывёю.

«Інфармацыя пра мае здымкі каля «Дыяніса», была адзінай, за якую мяне ўзялі. Бо ўсе астатнія фота і відэа былі мною загадзя выдаленыя. Крымінальныя артыкулы на мяне павесілі ўжо пасля пільнага правярання ліставання ў тэлеграм-каналах», – тлумачыць Алег Барадзін.

У КДБ гомельца не збівалі, але спрабавалі маніпуляваць і правакаваць:

«Я выразна ўсведамляў, што некалькі разоў супрацоўнікі КДБ, выкарыстоўваючы тыя ці іншыя фармулёўкі, задаючы правакацыйныя пытанні, абвяшчаючы ўслых свае высновы, падводзілі мяне пад канкрэтныя заявы, якія можна было б выкарыстаць для завядзення крымінальнай справы з больш жорсткім і сурʼёзным тэрмінам».

Гэтак выглядае камера Гомельскага ІЧУ. Малюнак Алега Барадзіна

Дадае, што падпісаў пратакол допыту толькі пасля таго, як той выправілі «слова ў слова», згодна з ягонымі заўвагамі.

У КДБ Алега вымусілі запісаць «пакаяннае» відэа. Тэкст рыхтаваўся загадзя. Чатыры пункты: назвацца, сказаць, што зрабіў, пакаяцца і папярэдзіць іншых такога не рабіць («Маўляў, я быў дурны, сляпы і недалёкі, а вы будзьце пільныя, бо гэта ўсё падкопы Захаду»).

«Стол і крэсла. Што ім яшчэ трэба? Ёсць куды пасадзіць, ёсць дзе адказаць. Насупраць цябе пастаянна камера ўлучаная. Выходзяць, прыходзяць, задаюць пытанні. Потым сядзіш і паўгадзіны чакаеш, ізноў прыходзяць. Адзін чэкіст, другі чэкіст, кожны па чарзе…» – гэтак апісвае атмасферу допыту ў гомельскім КДБ Алег Барадзін.

Перад камераю «пакаяння» гомельцу давялося стаць і ў ГУБАЗіКу, куды супрацоўнікі КДБ перадалі Барадзіна.

«У ежы знаходзіў касмылі жаночых валасоў»

Алег Барадзін падрабязна апавядае пра жахлівыя ўмовы ў РАУСе Цэнтральнага раёну Гомля, «дзе затрыманых не лічылі за людзей», пра жалезны аўтазак-лядоўню, у якім па дарозе ў ІЧУ адлічваў секунды, пра суд і 15 содняў, праведзеных у такіх жа прамерзлых камерах ізалятару, дзе былы палітычны вязень страціў, як сцвярджае, 11 кілаграмаў вагі.

«Было некалькі выпадкаў, калі ў ежы знаходзіў касмылі жаночых валасоў. Ці ў пустым супе – пакусаныя кавалкі крабавых палачак, якія кухар кідаў у кацёл, адрываючы, відаць, ад самага сэрца, каб мы не падохлі. Трапляліся рэшткі цэлафану ў макароне. Некаторых ванітавала праз гэта…» – апавядае Алег Барадзін.

Першая «хата», у якой сядзеў Алег Барадзін разам з палітычнымі вязнямі Віктарам Кулінкам і Андрэем Вуткіным. Гомельскі ІЧУ

Алег не чакаў, што яго выпусцяць пасля 15 содняў. Разумеў, што следчыя выкарыстоўваюць адміністратыўны арышт як запас часу, каб нарыць у тэлефоне больш кампраматаў – на крымінальную справу. Відаць, у выпадку Барадзіна гэтага не ўдалося зрабіць: відэа і фота расейскай тэхнікі той выдаліў за некалькі дзён да затрымання. Больш глыбокай экспертызы тэлефона на той момант сілавікі яшчэ не зрабілі, бо тэлефон КДБ перадала спачатку ў РАУС, і толькі потым ён сышоў у ГУБАЗіК.

«Можа, у ГУБАЗіКу падумалі, што я, маючы фірму, маёмасць і сямʼю з дзецьмі, і так не пакіну Беларусі ды буду ў іх на віду? Не ведаю», – разважае былы палітычны вязень.

Калі пазней дакапаліся да каментароў у Telegram, Алег быў ужо ў Грузіі. Там і даведаўся пра завядзенне на яго крымінальнай справы.

«Хоць на адну правільную кулю, але хопіць»

Былы палітычны вязень кажа, што пра жыццё ў Тбілісі можна было б напісаць асобны цікавы тэкст. Пачынаў там са звычайнага збору мэблі, праз некаторы час стаўся дырэктарам мэблевай вытворчасці. Спрабаваў стварыць у Грузіі першую беларускую друкарню «Альба», якая паспела выпусціць серыю паштовак і плакатаў на антываенную і беларускую тэмы (таксама – адзення з нацыянальнаю беларускаю сімволікаю).

Яшчэ адкрыў сямейную рамесную майстэрню, у якой разам з дзецьмі вырабляў сувеніры і цацкі з дрэва. Гэтую справу Алег Барадзін працягвае і ў Ізраілі, але, як сцвярджае, ужо на новым узроўні. Мерч называецца «MAViA».

Драўляны самалёцік ад «MAViA» Алега Барадзіна. Фота перадаў рэдакцыі герой матэрыялу

«Не, гэта не бізнес, больш – аддушына. Калі дачакаўся прыезду сямʼі ў Тбілісі, то хацелася зрабіць што-небудзь для дзяцей, бо ў іх нічога не было. Спачатку зрабіў драўляную машынку, потым – замак, драўляны самалёцік – ну і паляцела. Справу працягваем і ў Ізраілі, але ўжо больш грунтоўна і з нармальным акцэнтам», – зазначае Алег.

«Нармальны акцэнт» – гэта дапамога Украіне. «MAViA» нядаўна брала ўдзел ва ўкраінскім фестывалі «Вышыванка» ў Ізраілі. Выстаўлялі на ім мініяцюрныя драўляныя караблікі і самалёты ЗСУ, фігуркі дзяўчынак ва ўкраінскіх строях. Усе сродкі, сабраныя на фэсце, пайшлі на падтрыманне ўкраінскага войска.

«Спадзяюся, хоць невялікі ўнёсак у перамогу ўкраінцаў гэтыя цацкі зрабілі. Скажам так: хоць на адну правільную кулю, але ж хапіла», – кажа Алег Барадзін.

Сямʼя Барадзіных жыве ў ізраільскім мястэчку. Алег працуе ў прыватнай мэблевай кампаніі, бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці Асацыяцыі беларускіх палітвязняў (уваходзіць у ініцыятыўную групу), малюе, дапісвае ўспаміны і ходзіць на курсы іўрыту. Вельмі спадзяецца, што з часам сямʼя перабярэцца ў цэнтр краіны, дзе ёсць беларускамоўныя дыяспары апошніх хваляў эміграцыі. Бо беларуская мова забываецца.

Былы палітычны вязень Алег Барадзін. Фота перадаў рэдакцыі герой матэрыялу

«Тут або іўрыт, або расейская. Беларуская забываецца вельмі хутка. А хочацца перадаць беларускасць дзецям. Дачка пайшла ў ізраільскую школу, сын – у садок. У сямʼі раней я адзін размаўляў па-беларуску, але цяпер і я пачынаю забываць», – з сумам у голасе канстатуе наш суразмоўца.

Алег вельмі ўдзячны Ізраілю, дзе знайшоў бяспеку і прытулак, але палюбіць гэтую краіну так, як Беларусь, пакуль не атрымліваецца.

«Добрая краіна, цікавая культура, старыя традыцыі, незвычайныя людзі, але ж гэтая зямля – іншая і чужая…

Прыйдзе час – і мы ўсе зможам вярнуцца на ўжо свабодную радзіму», – кажа на развітанне.

Інтэрв’ю
Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская: Беларуская пенітэнцыярная сістэма – гэта і ёсць ГУЛАГ, толькі мадэрнізаваны
2023.07.27 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu