Звыш 8 тысячаў чалавек папрасіліся летась на службу ў органы МУС


У органах Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі няма кадравага голаду, адзначыў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў. Паводле ягоных звестак, больш за 8 тысячаў чалавек папрасіліся на працу ў органы ўнутраных справаў, звярнула ўвагу выданне «Reform.by».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

«На сённяшні дзень кадравага голаду ў органах унутраных справаў, ва ўсіх падраздзяленнях абсалютна няма. З улікам нашай працы з моладдзю, патрыятычнымі клубамі мы бачым, што толькі за 2023 год з заявамі ў органы ўнутраных справаў звярнуліся больш за 8 тысячаў маладых людзей», – сказаў Іван Кубракоў падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Пры гэтым міністр дадаў, што 50 % ахвочых яны адмовілі, бо лічаць, што «якасць павінна быць на самым высокім узроўні, і мы не можам дазволіць, каб у органах унутраных справаў служыў выпадковы чалавек».

Са словаў Івана Кубракова, у 135 вайскова-патрыятычных клубах, якія працуюць пад патранажам МУС, займаюцца амаль 5 тысячаў асобаў.

У МУС, паводле Кубракова, хапае сілаў і сродкаў, каб забяспечыць ахову грамадскага парадку на тэрыторыі краіны, пры гэтым падкрэсліўшы зніжэнне ўзроўню злачыннасці.

Нагадаем, што Беларусь застаецца краінай, у якой адзін з самых высокіх паказчыкаў колькасці працаўнікоў міліцыі на душу насельніцтва – 491 супрацоўнік міліцыі на 100 тысячаў жыхароў. Такія звесткі прыводзіць Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі. У той жа час існуюць і альтэрнатыўныя лічбы (напрыклад, у Вікіпедыі падаецца лічба 925 працаўнікоў, некаторыя крыніцы называюць нават 1442). Тым не менш, нават 491 выглядае даволі вялікай лічбай на фоне іншых краінаў: у Нямеччыне – 299, у Польшчы – 262, Вялікай Брытаніі – 307, Літве – 325. І толькі ў Расеі яна вышэйшая – 543 працаўнікі міліцыі на 100 тысячаў жыхароў краіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў