У карпарацыі лукашыстаў таксама ёсць традыцыя цім-білдзінга

На мінулым тыдні мы маглі назіраць за чарговым з’ездам Камуністычнай Партыі БССР, ну або як яго зараз называюць Усебеларускім Народным Сходам. Амаль 1200 дэлегатаў з усёй краіны зʼехаліся ў сталіцу. Ніякага шматгалосся, розніцы меркаванняў, ніякай дыскусіі не было прадугледжана. Як сказаў сам Лукашэнка – у залі былі толькі лукашысты, толькі ябацькі.

Чальцы VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

У мяне ўзнікае пытанне – а навошта сабраліся, калі спрачацца пра лёсы краіны не збіраліся? Ну па-першае каб паспаць. Прапагандыст Ігар Тур ледзь трымаўся: каб не заснуць. Гэта той Ігар Тур, які раней звяртаўся да чыноўнікаў:

«Я бы вельмі хацеў прасіць вас на сустрэчах з кіраўніком дзяржавы, да і на любых нарадах, дзе ёсць тэлекамеры ўсё ж такі знаходзіць у сабе сілы і быць сабранымі. Таму што калі вы выпадкова закемарыце на галёрцы… пазней я, як і ўсе мае калегі з пула, на мантажы спрабуем выразаць гэтыя фрагменты».

Ну вось, Ігар, як бачыш твае калегі не выразалі, прыгадалі табе твае ж словы. Але Тура можна зразумець, у прапагандыста была цяжкая ноч. Прадстаўнікі Белпола змаглі дастаць узор ягонага пасведчання дэлегата і пазычылі нам на гэтую праграму. Ігар разумее, як блізка да яго падкраліся, і ад гэтага спіцца вельмі трывожна.

Але вернемся да таго, навошта ж праводзілі гэты зʼезд лукашыстаў? Каб распавесці вам усім, што так добра вы яшчэ ніколі не жылі. Дыктатар сыпаў лічбамі, што ў 90-тых беларус мог купіць сабе толькі 20 кілаграмаў мяса, 13 кілаграмаў сыру або масла. Затое зараз вы можаце набыць сабе 100 кілаграмаў мяса, а сыру з маслам 46.

Я толькі аднаго не разумею, калі жыць так добра, то чаму беларусы сотнямі тысячаў бягуць у суседнія краіны, а праблема недахопу кадраў у Беларусі стаіць востра як ніколі? Можа таму, што ў суседніх краінах, дзе ў 90-тыя жыхары таксама, як і мы, маглі набыць толькі 20 кілаграмаў мяса – сёння ўжо не мераюць свой дабрабыт сырам і мясам?

Бо выдаткі на харчовыя тавары, як у тых жа палякаў ці літоўцаў, складаюць 15-20 адсоткаў ад заробку, а ў беларусаў ажно 40?

Я чытаю гісторыі пра лекара-беларуса, які працуе на радзіме на 2 стаўкі, а абутак дзецям у школу купляе ў растэрміноўку. Бо не хапае на жыццё. Гэтым хваліцца Лукашэнка перад ябацькамі? Гэта вынік 30 гадоў трымання пасінелымі пальцамі за ўладу?

Што тычыцца самаго сходу, то я яго ўспрымаю як такую форму цім-білдзінга. Гэта калі нейкая фірма за ўласны кошт вывозіць сваіх супрацоўнікаў на супольную сустрэчу. У карпарацыі лукашыстаў таксама ёсць такая традыцыя цім-білдзінга – завецца яна Усебеларускі Народны Сход. Але не дайце сябе падмануць, нягледзячы на назву, яна не мае ніякага дачынення да беларускага народу.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў