На волю выйшлі асуджаныя ў «справе студэнтаў». Сярод іх – Алана Гебрэмарыям


30 лістапада па сканчэнні тэрмінаў зняволення на волю выходзяць фігуранты «справы студэнтаў».

Алана Гебрэмарыям.
Фота: spring96.org

Гэтак, як адзначае радыё «Свабода», ужо на волю выйшла сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, Задзіночання беларускіх студэнтаў і актывістка Моладзевага блоку Алана Гебрэмарыям, якая таксама была прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай у справах моладзі.

Вызвалілі таксама выкладчыцу БДУіР Вольгу Філатчанкаву і некалькі студэнтаў.

Маюць выйсці на волю і іншыя асобы, якія сядзелі ў «справе студэнтаў». Паводле звестак «Белсату», вызваляюць іх па чарзе.

«Медиазона. Беларусь» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што на волю выйшлі таксама Кася Будзько, Анастасія Булыбенка, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот. Інфармацыі пра вызваленне Ягора Канецкага і Іллі Трахтэнберга пакуль няма.

Паводле звестак нашых карэспандэнтаў, Ілля Трахтэнберг і Ягор Канецкі таксама на волі. Праваабаронцы пацвердзілі гэтыя звесткі.

Як паведамілі «Белсату» чытачы, Таццяна Якельчык, якую затрымлівалі на два тыдні пазней за астатніх, павінна выйсці на волю 15 снежня.

Аналітыка
14 траўня ў Менску стартуе суд у «справе студэнтаў». Што важна ведаць пра фігурантаў і працэс
2021.05.13 10:00

 

Нагадаем, масавыя студэнцкія пратэсты пачаліся 1 верасня, калі навучэнцы найбуйнейшых ВНУ краіны ў першы дзень заняткаў выйшлі ў сваіх універсітэтах з пратэстам супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і таго, што адбываецца пасля падзей. Да студэнтам таксама далучаліся выкладчыкі. Так, мірныя студэнцкія пратэсты працягваліся ўсю восень, але пераломным момантам стала раніца 12 лістапада – «чорны чацвер» – дзень, калі супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусамі да актывістаў па «справе студэнтаў».

У дні народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай, 26 і 27 кастрычніка, у беларускіх ВНУ прайшлі самыя масавыя акцыі пратэстаў Студэнцтва. А 12 лістапада пачаліся затрыманні, у кватэрах сябраў Аб’яднання беларускіх студэнтаў (ЗБС) і ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы.

У той дзень былі затрыманыя студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі і Ілля Трахтэнберг, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Кася Будзько і Яна Арабейка, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вікторыя Гранкоўская і Анастасія Булыбенка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў Марыя Каленік і студэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Глеб Фіцнер.

Таксама сілавікі затрымалі выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і выпускніцу БДМУ, чальца Каардынацыйнай рады і прадстаўніцу Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алану Гебрэмарыям. Праз два тыдні, 26 лістапада, супрацоўнікі КДБ затрымалі Таццяну Якельчык, студэнтку мехмата БДУ.

Пасля ператрусаў у пакоях інтэрнатаў і кватэрах бацькоў у студэнтаў забралі кампутары, тэхніку, нататнікі і іншыя асабістыя рэчы. Іх змясцілі ў СІЗА КДБ і некаторы час не дапускалі адвакатаў. Праз 10 дзён іх перавялі ў СІЗА на Валадарскага і двойчы падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай.

У чым абвінавацілі студэнтаў

Фігурантам выставілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, учынены групай асоб»).

Следства абвінаваціла затрыманых у нібыта каардынацыі пратэстаў на месцах, у тым, што яны вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтоўкай і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі аб перамяшчэнні сілавікоў.

Паводле версіі следства, акцыі пратэсту зрывалі адукацыйны працэс і нармальную працу ВНУ, бо моладзь блакавала калідоры, ускладняла праход у аўдыторыі студэнтам і выкладчыкам, пратэстоўцы студэнты гучна крычалі, свісталі, скандавалі лозунгі і спявалі песні.

Аднак на судзе бок абвінавачвання не змог прывесці ніводнага доказу, што адукацыйны працэс сапраўды быў парушаны, бо ніводзін занятак не сарвалі і не адмянілі. Таксама на судзе не было даказана ніводнага факту, што хтосьці з абвінавачаных сапраўды сам арганізаваў тэлеграм-канал ці асабіста заклікаў удзельнічаць у акцыях. Гэта адзначалі адвакаты асуджаных.

Сведкі з боку абвінавачвання таксама не называлі імёны канкрэтных людзей, адказных за акцыі, а казалі ў цэлым пра студэнтаў і пра тое, што адбывалася ў ВНУ.

«Суд»

Судовы працэс па «справе студэнтаў» пачаўся 14 мая ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Суддзёю была прызначаная Марына Фёдарава, якая яшчэ да 2020 года актыўна ўдзельнічала ў палітычных справах.

У дзень пачатку працэсу на пасяджэнне пускалі толькі сваякоў. Таксама АМАП разагнаў людзей, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў да будынку суда – сабралася больш за 200 чалавек. Некалькі чалавек было затрымана.

Суд доўжыўся каля месяца. 12 ліпеня скончыліся спрэчкі бакоў, пасля чаго палітвязні выступілі з апошнім словам.

Праз некалькі дзён, 16 ліпеня, суддзя агучыла прысуд па «справе студэнтаў». 11 фігурантаў, якія не прызналі сваю віну, атрымалі па 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Патрабаванне абвінавачвання было цалкам задаволенае судом. Глеб Фіцнер, адзіны прызнаў сваю віну, атрымаў 2 гады пазбаўлення волі. Ён выйшаў на волю раней за астатніх, 31 мая 2022 года.

У кастрычніку 2021 года абвінавачаных пачалі этапаваць у калоніі. Усіх дзяўчат і выкладчыцу этапавалі ў гомельскую жаночую калонію №4, Ягора Канецкага – у ПК №3 у пасёлку Віцьба, Іллю Трахтэнберга – у ВК №15 у Магілёве, Глеб Фіцнер утрымліваўся ў ПК №16 у Шклове.

Студэнтаў этапавалі ў калоніі ў розны час, таму імаверна, выпускаць іх з-пад варты таксама будуць з розніцай у часе, бо суткі ў СІЗА прыраўноўваюцца да 1,5 сутак у калоніі.

Артыкулы
«Мы – пакаленне свабоды і жадання змяніць свет да лепшага». Зняволеныя па «справе студэнтаў» выступілі з апошнім словам
2021.07.12 22:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў