Днём 30 снежня ў расейскім Белгарадзе, што блізу ўкраінскага Харкава, адбылася серыя выбухаў – імаверна, ад абстрэлу Збройнымі сіламі Украіны. Пад вечар Расея абстраляла Харкаў, запусціла па Украіне дроны з поўначы і поўдня.
Найбольш удараў – прынамсі шэсць – прыйшлося па Харкаве. Паводле гарадскога кіраўніка Ігара Церахава, у горадзе ад абстрэлу 16 пацярпелых, загінулых няма. Удары прыйшліся па цывільнай інфраструктуры, у тым ліку жылым доме і гатэлі «Kharkiv Palace». Абласны кіраўнік Алег Сінягубаў паведамляе таксама таксама пра пашкоджанні лякарні, крамаў і іншых грамадскіх месцаў.
Па Херсоне і ваколіцах, падобна, прыйшлося менш удараў, але там загінулі тры чалавекі: два ў Херсоне, адзін у Антонаўцы. Удары таксама прыйшліся па жылых будынках і цывільнай інфраструктуры.
Паводле Паветраных сілаў Украіны, расейскія войскі запускалі ўдарныя беспілотнікі з розных напрамкаў, пад пагрозай шэраг вобласцяў на поўначы, усходзе і ў цэнтры Украіны.
За дзень да таго Украіна перажыла адну з найбольш жахлівых паветраных атак за ўвесь час вайны. Расея абстрэльвала ўкраінскія гарады ракетамі розных тыпаў і дронамі-камікадзэ, снарады трапілі ў радзільны дом і ў ГЦ у Дняпры, у жылыя дамы ў Кіеве і Львове, загінулі не менш за 20 чалавек.
Днём 30 снежня ў цэнтры расейскага Белгараду адбылася серыя выбухаў – імаверна, у выніку абстрэлу Збройнымі сіламі Украіны. Расейскі бок паведамляе пра 14 загінулых. Украінскі бок не даваў афіцыйных каментароў, аднак украінскія медыі цытуюць ананімныя крыніцы, якія кажуць, што гэта былі ўдары ў адказ на ўчорашні абстрэл, яны былі нацэленыя на вайсковыя аб’екты, а цывільныя пацярпелі ад памылак расейскай супрацьпаветранай абароны.
У сувязі з выбухамі ў Белгарадзе Расея склікала экстранае паседжанне Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава назвала тыя выбухі «тэрактам, за якім стаіць Брытанія».
Алесь Наваборскі belsat.eu