Затрыманне ў Берасці, вызваленне 6 палітвязняў, дзень народзінаў Севярынца. Рэпрэсіі 30 снежня


Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца больш як тры з паловай гады – нават перад Новым годам. «Белсат» расказвае, пра што стала вядома 30 снежня.

Указальнік да «рэзідэнцыі міліцэйскага Дзеда Мароза»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Указальнік да «рэзідэнцыі міліцэйскага Дзеда Мароза» каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў. Менск, Беларусь.
Фота: Mediazona_by / Telegram

Ананімны Telegram-канал Унутраных войскаў Беларусі пахваліўся затрыманнем мужчыны (на відэа не чуваць прозвішча, толькі імя і імя па бацьку: Станіслаў Ігаравіч з Берасця), які ўдзельнічаў у мірных пратэстах 2020 года, з’ехаў у Польшчу і вярнуўся ў Беларусь. Яго затрымлівалі ўзброеныя байцы атраду «Шторм», сілавікі пагражаюць яму 5 гадамі пазбаўлення волі.

Тым часам у Швецыі адмовілі ў палітычным прытулку Канстанціну Сярогіну – аператару каманды Сяргея Ціханоўскага. Сярогіна затрымлівалі з другім аператарам Ціханоўскага Арцёмам Сакавым, якога асудзілі ў выніку да 16 гадоў калоніі, у чэрвені 2020 года. Але тады яму ўдалося пазбегнуць крымінальнага пераследу. У 2021 годзе Канстанцін разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі.

30 снежня адзначае 47-ы дзень народзінаў палітвязень Павел Севярынец, адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ён быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года і асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ягоная пляменніца Люба падрабязна расказала пра зняволенага дзядзьку «Новаму часу».

Калі вы хочаце павіншаваць палітвязняў са святамі, але не ведаеце, як гэта зрабіць, пачытайце падрабязную інструкцыю, якую нядаўна апублікавалі «Сойка» і «Вясна».

Ёсць і ўмоўна добрыя навіны: апошнім часам стала вядома пра шэсць палітвязняў, якія выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакаранне. «DissidentBy» піша пра вызваленне Станіслава Мачалава, Мікалая Малюты, Сяргея Гацкевіча і Мікіты Дзмітрыева, а «Гомельская вясна» паведамляе пра выхад на волю Дзмітрыя Падлобнікава і Сяргея Трышчанкі.

Каментар
Застой ці ўмацаванне аўтакратыі? Галоўныя ўнутрыпалітычныя вынікі 2023 года ў Беларусі
2023.12.30 15:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў