Затрымалі «спячую ячэйку экстрэмістаў». Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 31 сакавіка


У апошні дзень сакавіка ў Беларусі адбыліся некалькі палітычна матываваных судоў і па палітычных справах былі затрыманыя некалькі чалавек. Акрамя таго, Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі фігурантаў «справы Аўтуховіча». Падрабязней – у нашым штодзённым аглядзе рэпрэсіяў у Беларусі.

У Гомлі затрымалі чатырох сяброў: Дзмітрыя Папкова, Ігара Чарнавусава, Канстанціна Гвоздзева, Уладзіміра Каменнага.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Гомлі 31 сакавіка сілавікі затрымалі ў гаражным кааператыве чатырох сяброў, якіх назвалі «спячай ячэйкай экстрэмістаў»: 35-гадовага Дзмітрыя Папкова, 34-гадовага Ігара Чарнавусава, 32-гадовага Канстанціна Гвоздзева і 34-гадовага Уладзіміра Каменнага. Іх абвінавачваюць у сувязях з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне.

Hавiны
За тры ахвяраванні на 75 долараў пачалі судзіць IT-спецыяліста
2023.03.31 12:58

У Менску за данаты пачалі судзіць ІТ-спецыяліста Руслана Завадзіча. Яму інкрымінуюць два данаты ў By_Help у жніўні 2020 года на агульную суму каля $50 і Валеру Цапкалу на суму каля $25 у 2021 годзе. Мужчыну абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

Вікторыя Вараксіна.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Кобрыне затрымалі 25-гадовую Вікторыю Вараксіну. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзеўчына нібыта была кіраўніком Telegram-чату «Кобрын для жыцця», удзельнічала ў акцыях пратэсту і распаўсюджвала «нацысцкую сімволіку».

Ілля Шапаткоўскі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Менскім гарадскім судзе 31 сакавіка адбылося 9 паседжанне па справе палітвязня Іллі Шапаткоўскага. Мужчына знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за 2 гады і 7 месяцаў. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 357 КК КБ(«Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»). Працэс вядзе суддзя Наталля Бугук.

Вядомы глыбоцкі бодзібілдэр Аляксандр Шарабайка пераведзены ў СІЗА-2 Віцебску. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць абразу Лукашэнкі. Аляксандра затрымалі 13 сакавіка, пазней яму прызначылі 10 содняў арышту.

Hавiны
МУС Беларусі дадаў у «спіс экстрэмістаў» 41 чалавека
2023.03.31 17:18

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 41 прозвішча – цяпер у ім 2637 чалавек. Акрамя іншых, у спіс дадалі вайсковага аналітыка Ягора Лебядка, былога палітзняволенага намесніка дырэктара Менскага роварнага таварыства Максіма Пучынскага, блогераў Кацярыну і Сяргея Чарэшку, спартоўца Дзяніса Хатылёва.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску па справе падрыву міліцэйскай машыны на 15 гадоў пазбаўлення волі асудзілі Максіма Селязнёва. Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні «акту тэрарызму ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку».Таксама па гэтай справе да трох месяцаў арышту за «неданясенне аб злачынстве» асудзілі Дзмітрыя Марцінкевіча.

Hавiны
Мікалаю Аўтуховічу змянілі прысуд
2023.03.31 19:53

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 31 сакавіка разглядзеў апеляцыйныя скаргі фігурантаў «справы Аўтуховіча». Судовая калегія прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК РБ(«Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»), а Ірыну Гарачкіну – паводле ч. 1 арт. 405 КК («Пакрыванне цяжкага злачынства»). У выніку Гарачкінай скарацілі тэрмін на 1 месяц, а Аўтуховічу пакінулі без зменаў. Скаргі іншых фігурантаў справы пакінутыя без задавальнення.

Мікіта Емельянаў перад прысудам
Фота: belsat.eu

Палітзняволенага Мікіту Емяльянава перавялі ў гарадзенскую турму. Мікіта – актывіст анархісцкага руху, асуджаны напачатку 2020 года да 7 гадоў пазбаўлення волі. Пазней Менгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіту да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У 2022 годзе хлопца асудзілі на два гады калоніі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў