Калі мары робяцца планамі: што такое магістрат культуры і чаму гэта – прарыўная з’ява


Магістрат – самакіраванне людзей пэўнага гораду, пастаяннае ўкладанне гэтых людзей у развіццё ўласнага места. А вы гатовыя плаціць падатак у новую Беларусь?

Кладбище Старые Повонзки в Варшаве
Гісторык і грамадскі актывіст Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

У 2022 годзе гісторык і грамадскі актывіст Цімафей Акудовіч распачаў праект «Магістраты культуры». Задума ў тым, каб супольна падтрымліваць важныя культурніцкія праекты пэўны час, каб даць ім магчымасць стаць на ногі. Зразумелая сума, зразумелы перыяд, спіс пажаданняў і вынік, які можна ацаніць.

«За апошнія дзесяць гадоў беларусы навучыліся данаціць на нейкія праекты. Але з данатамі ёсць пэўная праблема – гэта досыць эмацыйная штука: цябе павінен нехта ўразіць, і ты пад уражаннем кідаеш на справу дзесяць долараў. Плюс: можна сабраць грошы вельмі хутка. Але мінус у тым, што праз данаты цяжка пабудаваць нешта структурнае, вялікае, арганізаванае. Сабраць грошы на асобную кнігу – можна, на развіццё выдавецтва – ужо не», – распавёў Цімафей Акудовіч падчас адмысловай онлайн-сустрэчы, арганізаванай Беларускай радай культуры.

Так з’явілася ідэя збіраць грошы больш структурна, фактычна стварыць сістэму, у якой беларусы добраахвотна інвеставалі б у некія структурныя праекты, умоўна – плацілі б падатак у новую Беларусь.

«Я знаходжу цікавыя праекты, якія спрабуюць развівацца структурна, паляпшаць сябе прафесійна, паступова закранаць важныя праблемы, нішы. Але на гэта ім патрэбная пастаянная падтрымка ад беларусаў. Ідэя магістрату ў тым, каб сабраць людзей на працяглы тэрмін і папрасіць іх сістэмна ўкладаць невялікія сумы, каб падтрымліваць такія праекты, даць ім шанец вырасці ў нешта сур’ёзнае. Гэта ўсвядомленае ахвяраванне, калі ты разумееш, што ўкладаешся ў тое, што расце.

Мы бачылі добры прыклад самаарганізацыі беларусаў у 2020 годзе. Збольшага гэта была сістэма данатаў, а не інвеставання, але гэтых данатаў было вельмі шмат, на самыя розныя праекты. Калі нам пераходзіць на наступную прыступку, як не цяпер? Мы можам, умеем – трэба рухацца далей, удумліва ўкладацца ў штосьці больш сур’ёзнае. Я паверыў у гэтую ідэю – так нарадзіся магістрат», – адзначыў Акудовіч.

Першы праект – і адразу поспех

Першым беларускім магістратам стала «Кнігаўка» – на аднаўленне выдавецкай дзейнасці Андрэя Янушкевіча. І ён аказаўся даволі паспяховы: сабралася супольнасць з трохсот чалавек, якія цягам паўгода пагадзіліся штомесяц выдаткоўваць 10 альбо 20 долараў на тое, каб беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч здолеў адрадзіць сваю справу за мяжою.

Кнігарня «Кнігаўка» ў Менску, Беларусь.
Фота: Выдавецтва Янушкевіч / Telegram

Выдавецтва Янушкевіча было адным з самых паспяховых у краіне, пакуль яго не знішчылі ўлады Беларусі. Некаторыя кнігі выдавецтва былі прызнаныя дзяржаваю «экстрэмісцкімі», а кнігарня «Кнігаўка», якую Янушкевіч адкрыў у Менску 16 траўня 2022 года, закрылася ў той самы дзень: спачатку туды прыйшлі беларускія прапагандысты, а пасля – сілавікі з ператрусам. Андрэя Янушкевіча затрымалі, ён правёў у зняволенні 28 дзён. Цяпер выдавец у Польшчы, дзе адраджае ўласную справу.

«Вакол «Кнігаўкі» аб’ядналася больш за трыста чалавек. Мы разглядаем гэта як вялікі поспех. Калі мы толькі пачыналі, у маёй галаве была думка, што добры магістрат – гэта сто чалавек. 10 долараў ад кожнага – разам 1000 долараў на месяц, гэта добрая падтрымка. А атрымалася ўтрая больш. Людзі не заказваюць сабе кніжак, а ўкладаюцца ў развіццё структуры, выдавецтва», – кажа Цімафей Акудовіч.

На рахунак Андрэя Янушкевіча цяпер прыходзіць прыкладна 15 тысяч злотых на месяц. Грошы выдаткоўваюцца на цяперашнія праекты, кожны месяц выдавецтва стараецца выдаваць тры-чатыры кнігі. Штосьці акумулюецца ў будучыню, штосьці ўкладаецца ў такія невідавочныя рэчы, як, напрыклад, ліцэнзійныя правы, пераклады і гэтак далей.

«Каб не было б магістрату, не было б падушкі бяспекі, такіх буйных аўтараў, як, напрыклад, Стывэн Кінг. Калі параўнаць сярэднія наклады беларускіх кніг, на 1000 экзэмпляраў, то трыста чалавек на гэтым фоне – пераканаўчая лічба. І тыя грошы, якія даюцца, вельмі добрая апора і падтрымка, якая дазваляе выдаваць кнігі менавіта цяпер і будаваць рэалістычныя планы. Мары ператвараюцца ў планы, якія можна ажыццявіць. Магістрат – гэта не столькі грошы, колькі людзі, якія ў цябе вераць. Я мушу аддзячыць ім тым жа самым», – кажа Андрэй Янушкевіч.

Укладаць у дзяцей цяпер = укладаць у будучыню Беларусі

Нядаўна Беларуская Рада культуры запусціла новы магістрат «Spadčyna-Вроцлаў». Беларусам прапанавалі аб’яднацца ў супольнасць, якая цягам дзевяці месяцаў будзе падтрымліваць падлеткавы клуб развіцця і культуры «Spadčyna» ў Вроцлаве.

Клуб развіцця і культуры «Spadčyna» ў Вроцлаве, Польшча.
Фота: mahistrat.byculture.org

Клуб стварылі тры месяцы таму, каб дзеці беларускіх эмігрантаў выхоўваліся на беларускай мове і ў беларускім кантэксце. За гэты час ён сабраў 55 удзельнікаў узростам 8–16 гадоў і ўвёў у працу сем відаў дзейнасці. Паводле арганізатараў, дзякуючы супольным заняткам у «Spadčyna» дзеці пераходзяць на беларускую мову зносінаў.

«Дзеці прыходзяць да нас, трапляюць у беларускамоўны асяродак і мяркуюць, што гэта трэнд – размаўляць па-беларуску. Мы падтрымліваем гэтую ідэю. Нашая галоўная задача – не згубіць дзяцей на чужыне. Ніхто дакладна не ведае, калі мы вернемся ў Беларусь, таму перад намі, дарослымі, стаіць задача зберагчы нашую мову, культуру. Трэба ўкладацца ў дзяцей, бо ў іх нашая будучыня. Гэта найперш супольнасць, бяспечнае месца, куды прыходзяць дзеці ад васьмі гадоў і могуць пасябраваць, знайсці падтрыманне сярод такіх, як яны самі», – кажа куратарка праекту Настасся Сасыкбаева.

Колькасць удзельнікаў павялічваецца, таму клубу трэба наняць дадатковых куратараў і мець уласнае памяшканне. Каб дапамагчы «Spadčynie» дасягнуць жаданага маштабу, трэба сабраць не менш за сто чальцоў супольнасці, гатовых штомесяц ахвяроўваць невялікія сумы грошай. Працягласць праекту – дзевяць месяцаў.

«Беларуская культура мусіць існаваць не за кошт замежных донараў, а ўласных сродкаў. Унутраныя рэсурсы – найважнейшы крытэр, каб беларуская нацыя, ідэнтычнасць існавала. Трэба разумець, што мы цяпе ствараем і вырошчваем структуры новай Беларусі, мы самі выбудоўваем сваю сістэму выдавецкай дзейнасці, адукацыі. Іх можна пабудаваць, калі даверыцца спецыялістам. Цяпер можна ўкласціся, каб праз год-два зрабіць такое ж у сваім горадзе, скарыстаўшыся вопытам», – перакананы Цімафей Акудовіч.

Паводле яго, у перспектыве досвед такіх магістратаў можна будзе ўжыць у любым месцы з вялікай канцэнтрацыяй беларусаў. А калі будзе магчымасць – і ў новай Беларусі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў