На фоне апошніх падзеяў (рэгулярнае знікненне Лукашэнкі, скандал з цэнтралізаванымі экзаменамі) незаўважна прайшоў юбілей фігуранта многіх расследаванняў. Архітэктар першых маштабных кантрабандных і карупцыйных схем, галоўны сілавік 1990-х, былы дзяржсакратар Савета бяспекі, генеральны пракурор, кіраўнік адміністрацыі, кіраўнік справаў Лукашэнкі і проста яго сябар адзначыў сваё 65-годдзе.
Журналісты Альянсу расследавальнікаў Беларусі і БРЦ правялі некалькі расследаванняў, звязаных з Віктарам Шэйманам. У выніку даследчыкі выявілі мноства роднасна-карупцыйных схем, на чале якіх нязменна заставаўся Віктар Шэйман.
Нават беларуская ПВК «ГардСервис» была аформленая на блізкіх і сваякоў Шэймана.
Заснавальнікамі ПВК былі грамадзянка Украіны Ганна Хмялеўская – жонка пляменніка Алены Шэйман (першай жонкі Віктара Шэймана) і Ганна Пушкарова – другая жонка Віктара Шэймана.
13 лістапада 2018 год у Ганны Пушкаровай і Віктара Шэймана нарадзіўся сын Міхаіл (пры нараджэнні мама запісала яго на сваё прозвішча – Пушкароў) – так меркавалі і даказвалі следчыя. Нарадзіўся ён у Ізраілі, у пасольстве Беларусі ў Тэль-Авіве атрымаў свой першы пашпарт.
Цяпер у Альянсу расследавальнікаў Беларусі з’явіліся дадатковыя доказы, якія пацвярджаюць сямейныя повязі Пушкаровай і Шэймана.
Пасля хакерскай атакі ОШС на «Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр» Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі следчым сталі даступныя вынікі ПЦР-тэстаў, у тым ліку і пары Пушкаровай–Шэймана.
Яшчэ ў студзені 2022 года Ганна Пушкарова здавала ПЛР-тэст пад сваім дзявочым прозвішчам, а ўжо з красавіка 2022 яна здае аналізы пад прозвішчам Шэйман, таксама як і іх агульны сын Міхаіл. У адпаведнасці з заканадаўствам РБ змена прозвішчаў і замена пашпартоў дапускаецца па некалькіх падставах, сярод якіх заключэнне шлюбу і/або прызнанне бацькоўства.
Такім чынам, выяўленыя дакументы ўскосна пацвярджаюць, што Віктар Шэйман і Ганна Пушкарова на пачатку 2022 зарэгістравалі афіцыйны шлюб, нявеста ўзяла прозвішча жаніха, апошні прызнаў бацькоўства іх пазашлюбнага дзіцяці.
Альянс даследчыкаў Беларусі. З нашай дапамогай таемнае значна хутчэй становіцца відавочным.
Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут альбо чытаць у Telegram-канале.