Галоўныя падзеі пятніцы, 18 снежня, у аглядзе «Белсату».
Ініцыятыва сілавікоў, якія не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку, By_Pol паказала відэа катаванняў у Фрунзенскім РУУСе Менску. На ім можна пабачыць, як сілавікі здзекуюцца і збіваюць затрыманых 12 жніўня.
Карыстальнікі інтэрнэту здолелі вылічыць брунетку, якая з’яўляецца на відэа. Гэта Ліліяна Жыленкова, раней у медыях яна была прадстаўленая як афіцыйны прадстаўнік Партызанскага РУУС сталіцы.
На відэа бачна, як супрацоўнікі міліцыі збіваюць затрыманых, якія не аказваюць ніякага супраціву.
Спявачка Palina выдала новы альбом «Кремень-динамит», які змяшчае 6 песень на расейскай, беларускай ды французскай мовах. Толькі адна з іх – «Позови погостить» – выдавалася раней у якасці сінглу.
Новы альбом «Кремень-динамит» спрадусавала і запісала сама аўтарка цягам 2020 года.
Спявачка тлумачыць, што гэты альбом апісвае стан, калі ты паламаны, але яшчэ жывы. Напэўна, гэтыя пачуцці добра знаёмыя беларусам зараз.
У Беларусі мяняюць правілы дарожнага падатку. Цяпер ён не будзе прывязаны да тэхагляду, але плаціць яго мусяць усе ўладальнікі аўтамабіляў, у незалежнасці ад таго, ці карыстаюцца яны машынаю.
Прыклад: у вас можа быць два аўтамабілі, але карыстацца вы будзеце адным. Аднак плаціць прыйдзецца за кожны. Кошт падатку – ад 61 да 221 рубля на год.
Адмыслоўцы ўжо назвалі гэты падатак «запрашэннем да рэцэсіі».
Сёння Міністэрства фінансаў апублікавала праект закону аб бюджэце на 2021 год. Ужо на першай стадыі ён створаны з дэфіцытам у Br 4 млрд.
У 2021 годзе плануецца рэзкі, на 30% (да 1,7 млрд рублёў), рост выдаткаў рэспубліканскага бюджэту на ахову здароўя. Пры гэтым выдаткі на нацыянальную абарону вырастуць на 10,8% – да 1,463 мільярда рублёў, а выдаткі на СМІ і зусім скароцяцца на 4,9% – да 156 млн рублёў.
Рэзка вырастуць расходы на медыцыну – адразу на траціну, да Br 1,7 млрд. Але на сілавікоў усё роўна выдаткуюць болей – Br 2,7 млрд.
КТ belsat.eu