Палітвязень Ян Салановіч выйшаў з ЦІП на Акрэсціна ўвечары 25 студзеня. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Хлопец працаваў у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ, але пры гэтым хадзіў на пратэставыя маршы. 1 лістапада яго затрымалі падчас шэсця ў Курапаты. Супрацоўнікі КДБ папрасілі хлопца пералічыць усе шэсці, у якіх ён браў удзел, каб «дапамагчы». Але з дапамогі атрымаліся новыя пратаколы і 8 судовых паседжанняў. Агулам 21-гадовы экс-студэнт атрымаў 114 содняў арышту і меўся выйсці 23 лютага.
Учора стала вядома, што Салановіча адлічылі з БДУІР. Нагодай стала няздадзеная сесія, на час якой і прыпаў арышт.
Салановічу заставалася сядзець амаль месяц. Прычыны неспадзяванага вызвалення хлопцу не патлумачылі.