«Дык навошта яе ўвогуле пасадзілі, калі яна абараняла сама сябе?», – гэтак падчас нарады, прысвечанай амністыі, Лукашэнка адрэагаваў на прыклад міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова. Той казаў пра дзесяць шматдзетных жанчын, якіх можна амніставаць, зменшыўшы ім на год тэрмін зняволення, і апавёў пра адну з іх.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«У дзень злачынства пацярпелы хапаў жонку за вопратку, кідаў на падлогу, разбіў ёй галаву, вырываў з рук тэлефон, не даваў зрабіць званкі, каб звярнуцца па дапамогу, і пакінуць кватэру».
За забойства мужа жанчына атрымала шэсць гадоў зняволення. Мяркуючы з тэрміну, ейныя дзеянні суд кваліфікаваў як забойства, а не, да прыкладу, перавышэнне захадаў самаабароны, кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч:
«Суд выбраў ніжэйшы тэрмін, які магчымы ў гэтым артыкуле. Але ў суда ёсць магчымасць прызначаць пакаранне ніжэй за прадугледжанае санкцыямі артыкулу, а таксама пакаранні мякчэйшыя за прадугледжаныя артыкулам. То бок суд мог выбраць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі».
Учорашняя заява Лукашэнкі – далёка не першая спроба дыктатара заняцца правасуддзем. У 2009-ым адмысловым указам ён памілаваў і зняў судзімасць з двух жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну. Мужчыны засеклі аднавяскоўца, бо падазравалі, што той падпальваў вёску.
Іншы прыклад: у 2019-ым пасля рэзананснага выпадку са звальненнем гомельскай настаўніцы пачатковых класаў, якая пагражала ўдарыць вучня партай, абражала яго і брудна лаялася, Лукашэнка загадаў аднавіць яе на працы. Пакаранне ж атрымалі чыноўнікі з аддзелу адукацыі.
З гледзішча прававой сістэмы такія выказванні пазіцыі і даручэнні разабрацца недапушчальныя. Але папракнуць Лукашэнку, што ён парушае закон, у гэтых выпадках немагчыма, кажа Арцём Праскаловіч:
«Ён мае права памілавання, гэтым ён гэтым карыстаецца. Усё астатняе – гэта яго любімае ручное кіраванне і выкарыстанне бязмежных паўнамоцтваў, якія ён сам сабе надаў і супраць якіх, супраць яго словаў ніхто не можа пярэчыць».
Рэакцыя Лукашэнкі на вырак шматдзетнай маці, пра якую згадвалі падчас нарады, можа паўплываць не толькі на тое, што яе вызваляць яшчэ да амністыі, але і на рашэнні іншых суддзяў, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:
«Калі будзе падобны выпадак у нейкім беларускім судзе разглядацца і суд будзе выносіць рашэнне, магчыма яны ўзгадаюць гэтыя словы і палічаць што калі калі Лукашэнка бачыць вось так, можа і не трэба сур’ёзныя прысуды выносіць».
Падобныя сітуацыі сведчаць, што рэжым насамрэч не займаецца прафілактыкаю злачынстваў, а змагаецца з іх наступствамі.
«Калі б ужо жадалі змагацца з хатнім гвалтам не толькі на словах то даўно трэба ўводзіць адпаведныя законы і адпаведную адукацыю сярод насельніцтва», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Закон жа аб супрацьдзеянні хатняму гвалту Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў яшчэ ў 2018-ым:
«Усё гэта дурасць, узятая перадусім з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ няхай не хвалюецца: мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх славянскіх традыцыяў і нашага жыццёвага досведу».
Пад амністыю, якую збіраюцца прымеркаваць да 80-цігоддзя вызвалення Беларусі ад нацыстаў, трапяць не толькі шматдзетныя маці, закране яна няпоўнагадовых, цяжарных, людзей з інваліднасцю, хворых на анкалогію. Але асуджаных за гэтак званыя экстрэмізм і тэрарызм – то бок палітвязняў – міласць Лукашэнкі не датычыць. Нават калі гэта шматдзетная маці Вольга Залатар ці маці няпоўнагадовых дзяцей – як Паліна Шарэнда-Панасюк або Дарʼя Лосік.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»