Ліз Трас: «Сёння я дзеяла рашуча, бо мой прыярытэт – забеспячэнне эканамічнай стабільнасці нашай краіны»


«Дзень хаосу», «Трас намагаецца ўратавацца» – з такімі загалоўкамі выйшлі брытанскія газеты 17 кастрычніка. Некаторыя нават напісалі, што прэм’ер-міністарку Ліз Трас можа адправіць у адстаўку родная Кансерватыўная партыя. Трас звольніла свайго асноўнага паплечніка – міністра фінансаў Кўазі Кўартэнга і прызначыла на гэты пост Джэрэмі Ганта. Брытанскі ўрад, праўдападобна, ушчэнт разгубіўся. Прэмʼерка Ліз Трас прызналася, што сітуацыя цяжкая, але настойвае: усё пад кантролем!

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абвяшчаючы пра перамены ва ўрадзе, яна сказала:

«Сёння я дзеяла рашуча, бо мой прыярытэт – забеспячэнне эканамічнай стабільнасці нашай краіны. Як прэмʼер-міністарка я заўсёды буду дзеяць у нацыянальных інтарэсах. Скажу шчыра: гэта складана. Але мы перажывем гэты шторм і забяспечым моцны ды ўстойлівы рост».

Кўартэнг паплаціўся за тое, што падтрымаў новую эканамічную праграму кабінету міністраў. Яна мае на мэце маштабна знізіць падаткі, праз што бюджэт недаатрымае 45 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў за год. Апроч гэтага, урад паабяцаў на два гады замарозіць кошты на электраэнергію і газ для спажыўцоў. Рынкі акцыяў ды аблігацыяў адрэагавалі на гэтыя планы рэзкім падзеннем, а курс фунта апусціўся да рэкордна нізкай адзнакі. Эксперты папярэдзілі: пазыкавая нагрузка Брытаніі павялічыцца. Трас мусіла адмовіцца і ад намеру замарозіць падатак на прыбытак прадпрыемстваў. Наадварот: яго павысяць з 19% да 25% у красавіку налета. Гэта павінна дадаць у бюджэт дадаткова 18 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў.

Кіраўнік Банку Англіі Эндру Бэйлі сказаў, што ён і новы міністр фінансаў Вялікай Брытаніі Джэрэмі Гант дамовіліся, як ратаваць фінансы краіны. А ўзровень інфляцыі абумоўлівае рост адсоткавай стаўкі, якая, у сваю чаргу, цягне за сабой уверх іпатэчныя крэдыты.

«Мы без усялякіх ваганняў павысім адсоткавыя стаўкі, каб адпавядаць мэтаваму ўзроўню інфляцыі, – запэўніў банкір Бэйлі. – На маю думку, сёння сітуацыя такая, што інфляцыйны ціск запатрабуе больш моцнага адказу, чымся мы, магчыма, думалі ў жніўні».

Міністр Гант, у сваю чаргу, прызнаўся, што некаторыя падаткі, магчыма, давядзецца павысіць, а іншыя могуць знізяцца не так моцна, як абяцала прэмʼерка Трас. То бок, ейныя першапачатковыя планы мяняюцца ці не штохвіліны. Джэрэмі Гант патлумачыў: ён пастанавіў, што базавая стаўка падаходнага падатку застанецца на ўзроўні 20%, «пакуль эканамічныя ўмовы не дазволяць яе скараціць. Захады, пра якія я абвясціў сёння, будуць штогод прыцягваць каля 32 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў».

Пры тым, што ўзровень жыцця ў каралеўстве ўжо відавочна панізіўся. Пра тое сведчыць, напрыклад, рэзкі рост цэнаў на рыбу са смажанаю бульбаю – знакамітую нацыянальную страву і нават адзін з сімвалаў Брытаніі. Стандартная порцыя «Fish & Chips» з мінулага года падаражэла больш як на фунт – прыкладна на 10%. Варта згадаць яшчэ пра даволі песімістычныя перспектывы адносна коштаў на электрычнасць і паліва бліжэйшаю зімою, падзенне рэальных даходаў, агульнаеўрапейскі энергетычны крызіс. Таму зразумелы настрой апытаных мінакоў на лонданскіх вуліцах. Адзін з іх, жыхар брытанскай сталіцы Джон Гаўс, настроены аптымістычна:

«Мяркую, новыя выбары адбудуцца нашмат хутчэй. І, магчыма, гэта праясніць сітуацыю. І мы здолеем пераадолець гэта ўсё з спадаром Стармэрам!»

Кір Стармэр, галоўны брытанскі лейбарыст, не мог не ўхапіцца за такі палітычны шанец. Ягоныя заявы цяпер нагадваюць перадвыбарчыя. «Гэта недаравальна!» – абураўся ён, выступаючы перад сваімі паплечнікамі.

«Для іх перадусім – партыя, а краіна дзесь на другім месцы. Змены, якія патрабуе дзяржава, – гэта ўрад лейбарыстаў!»

Трэба прызнаць, што праблемы, з якімі з самога пачатку сутыкнулася Ліз Трас, маштабныя і цяжка развязальныя. І перад кожнай з іх можна паставіць прыпіску: «рэкордныя за дзесяцігоддзі». Але, падобна, сама прэмʼерка так проста здавацца не збіраецца. Яна настойвае: ейныя пастановы правільныя, яны прынятыя ў нацыянальных інтарэсах, каб аднавіць эканамічную стабільнасць.

Кўазі Кўартэнг прабыў на пасадзе міністра фінансаў усяго 38 дзён. Сама Ліз Трас пакуль 37-мы дзень займае прэмʼерскае крэсла. І асноўнае слова тут – «пакуль».

Марына Яновіч, «Белсат»