Амністыя, якая амаль не закране палітвязняў


Арышт людзей, а потым іхны выхад на свабоду ў абмен на зняцце санкцыяў ад Захаду – даўняя стратэгія Лукашэнкі. Акурат так ён дзеяў пасля выбараў 2006-га і 2010-га гадоў. Зрэшты, гэтым разам правярнуць правераны фокус не атрымалася, хаця адпаведныя закіды гучалі неаднаразова. Сёлета Лукашэнка спрабаваў прымеркаваць выхад палітзняволеных да новага свята – дня народнага адзінства, якое нелегітымны кіраўнік прызначыў на сямнаццатага верасня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Саму амністыю планавалася агучыць 17 верасня. Але напэўна не ўзнікла завершанай канцэпцыі, – лічыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. – А з іншага боку можа быць расейскія ўлады паставіліся не вельмі прыхільна».

У выніку амністыю ўсё ж пастанавілі праводзіць, але выпускаць на свабоду людзей, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, практычна не плануюць.

Да таго ж, супраць гэтага кроку з самага пачатку былі «сілавікі». Меркаваная адліга ў краіне відавочна выклікае ў іх неразуменне і страх за магчымыя наступствы іхных супрацьпраўных дзеяў, учыненых цягам апошніх гадоў.

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заяўляе:

«Тыя асобы, якія здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці – гэта небяспечныя асобы. Прабачэння ім ні ў адной краіне быць не можа, таму што яны робяць замах на асновы канстытуцыйнага ладу, на спакойнае жыццё любога грамадства, любой дзяржавы».

Палітычны элемент з праекту амністыі пераважна знік. Але што засталося? Вялікая колькасць людзей, асуджаных паводле непалітычных матываў, усё ж здабудзе свабоду.

«Самі месцы зняволення перапоўненыя. Асноўная прычына зараз гэта менавіта неабходнасць вызваліць пэўную колькасць людзей каб зменшыць напружанасць унутры самой сістэмы», – кажа Андрэй Казакевіч.

Да таго ж, на думку праваабаронцы з Human Rights Impact Рамана Кісляка, палітзняволеныя, асуджаныя паводле эканамічных артыкулаў, усё ж змогуць выйсці на волю. А пры вострай патрэбе рэжым можа падвесці і астатніх палітзняволеных пад ужо дзейную амністыю:

«Пакуль яна не завершана, у яе могуць уносіцца змены. Закон і амністыя могуць быць распаўсюджаныя на іншыя катэгорыі, у тым ліку і на палітвязняў. Але пакуль перадумоў да гэтага няма».

Апошнім разам у Беларусі амністыя праходзіла напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Тады яна закранула блізу дзесяці тысяч асобаў. Гэтым разам МУС плануе, што пад амністыю трапяць каля васьмі з паловаю тысяч. І толькі каля паловы з іх выйдзе на волю. Астатнім – зменшаць тэрміны пакарання. Са звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў Беларусі – больш чым тысяча трыста палітвязняў. Паводле падлікаў «dissidentby»– больш за тысячу шэсцьсот. Пераважная частка гэтых людзей спадзеваў на хуткае вызваленне не мае.

Ян Федаровіч, «Белсат»