Расейскія добраахвотнікі зайшлі ў Белгародскую вобласць


У выніку тэрарыстычнага абстрэлу з боку Расеі Запарожская атамная электрастанцыя засталася цалкам без электрычнасці. У абед спецыялісты кампаніі «Укренерго» здолелі аднавіць лінію электраперадачы, якой сілкуецца АЭС. Але што магло б здарыцца, калі б гэтага не змаглі зрабіць і ў аварыйных дызель-генератарах скончылася б паліва?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Што да вось развіцця аварыі, па сцэнары Факусімы, то гэта ў выпадку, калі паліва скончыцца і адпаведна тады пачнецца расплаўленне актыўнай зоны з выкідам, – магчыма», – кажа незалежная экспертка ў галіне ядравай энергетыкі і ядравай бяспецы Вольга Кашарная.

Маштабныя разбурэнні пасля расейскіх абстрэлаў адбыліся гэтай ноччу ў Дняпры. У паветраных сілах ЗСУ паведамілі, што гэтай ноччу расейцы атакавалі ў абласным цэнтры вайсковыя і інфраструктурныя аб’екты. ЗСУ змаглі збіць чатыры ракеты з шаснаццаці, выпушчаных па Дняпры, і пятнаццаць беспілотных лятальных апаратаў «Шагэд» з дваццаці.

«Удары расейцамі наносіліся па ваенных абʼектах. З іх афіцыйнай інфармацыі, гэта быў міжнародны аэрадром Дняпро. Некалькі такіх кропак, якія яны назвалі месцамі часовай дыслакацыі ЗСУ і баявой тэхнікі», – кажа вайсковы эксперт Міхайла Жырохаў.

Наш эксперт падкрэсліў, што афіцыйны Кіеў не каментаваў інфармацыі, куды менавіта пацэлілі расейскія акупанты. Самыя кровапралітныя ж баі на Усходнім фронце працягваюцца ў Бахмуце і яго ваколіцах. Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у сваім тэлеграм-канале паведаміла, што ЗСУ кантралююць пэўныя абʼекты ў горадзе і прыватны сектар у раёне «Самалёт». Працягваецца барацьба за галоўныя вышыні на флангах: поўначы і поўдні прадмесця.

А на выездзе з Белгараду аўтамабільны затор. Легіён «Свабода Расеі» і «Расейскі добраахвотніцкі корпус» заявілі, што праводзяць аперацыю на тэрыторыі Белгародскай вобласці. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны.

«Гэта не паўнавартасны наступ. Гэта проста такая медыйная акцыя, на якую ГУР Украіны мог даць такі дазвол. Без усялякіх там асаблівых вынікаў. Я думаю, што да вечара яны адыдуць на тэрыторыю Украіны і на гэтым усё скончыцца», – мяркуе Міхайла Жырохаў.

Расейскія добраахвотнікі паведамілі, што змаглі ўзяць пад свой кантроль некалькі населеных пунктаў Белгародскай вобласці. Мясцовыя СМІ паведамляюць аб артылерыйскім агні і аб беспілотніках у небе. Таксама былі паведамленні, што паблізу Белгараду быў збіты баявы верталёт Узброеных сілаў Расеі. У сваю чаргу, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў зрабіў заяву, што гаспадар Крамля ведае пра гэтую сітуацыю. На ўсёй тэрыторыі Белгародскай вобласці ўведзены так званы план «Перахоп».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»