Нараджэнне ў цемры пад абстрэлам: як працуюць украінскія лякарні падчас вайны


Сапраўдны цуд у поўнай цемры. У Дняпры падчас татальнага блэкаўту на свет з’явілася немаўля. Нарадзіўся здаровы хлопчык, вагою тры кілаграмы 600 грамаў.

Гэта адбылося падчас ракетных удараў Расеі і поўнага адключэння электрычнасці. Дактарам нават давялося падсвечваць ліхтарыкамі ў аперацыйнай, каб не нашкодзіць парадзісе ды дзіцяці. Наш карэспандэнт паразмаўляў з персаналам і шчаслівымі бацькамі перад выпіскаю.

«Доўгачаканае дзіця, мы планавалі яго вельмі доўга», – кажа Аксана Саладоўнік, дрыготкімі рукамі трымаючы маленькі скрутак, цяпер гэта самае каштоўнае ў ейным жыцці.

Разам з мужам яны чакалі першынца Назара сем даўгіх гадоў, даведаліся пра цяжарнасць акурат у першыя дні поўнамаштабнай вайны, а нараджаць давялося ў адзін з самых складаных момантаў – Расея выпусціла па тэрыторыі Украіны больш за 70 ракетаў, пазбавіла электрычнасці ўсю вобласць. А Аксану ў гэтыя хвіліны забралі са схваткамі ў радзільную залу. Жанчына ўзгадвае: больш за ўсё перажывала за дзіця.

«Трохі баялася, але дактары добрыя ў нас, спадзявалася… Я ведала, што ўсё будзе добра!», – кажа Аксана Саладоўнік.

Аналітыка
Блэкаўты, паўэрбанкі і цёплыя шкарпэткі. Ці здолее Расея знішчыць энергетыку Украіны?
2022.11.25 07:30

Роды таксама пайшлі не паводле плану – дзіця абвілося пупавінай, і лекары пачалі экстрана рабіць кесарава сячэнне. Аксана памятае, як у вочы непрыемна біла святло ад пражэктараў:

«Дактары, як малеча зʼявілася на свет, яны мяне зашылі. Напэўна, ужо і ліхтарыкамі дасвечвалі, бо святла зусім не было. На вуліцы ўжо зусім цёмна было».

Бацька дзіцяці, Юрый Саладоўнік, у той дзень быў за сотню кіламетраў ад радзільні ды не мог звязацца з жонкаю.

«Тэлефон не працаваў, інтэрнэту не было. І вось як даведацца, што там адбываецца ў гэты момант? Перажываў вельмі», – кажа Юрый.

Медперсанал радзільні гэты дзень згадвае ўжо з усмешкай. Кажуць – вытрымалі ўсе выпрабаванні. Але першых секундаў – калі ўвесь шпіталь апынуўся ў цемры – ніколі не забудуць.

«І тут абрываецца сувязь, вылучаецца святло, выключаюцца ўсе нашыя гаджэты, кампʼютары, няма вады – і поўны Армагедон. Поўны інфармацыйны вакуум. Мы нічога не ведаем, што там адбываецца. Што разбамбілі, што не разбамбілі, куды ляцяць ракеты…», – узгадвае загадчыца радзільнага аддзялення Кацярына.

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

Як выжыць без святла, у гэтай радзільні цяпер ведаюць дакладна. Медперсанал дзеяў зладжана, як гадзіннік. Нехта падключыў магутны генератар і разеткі экстранага энергазабеспячэння. Хтосьці падрыхтаваў запас чыстай вады. У радзільнай зале, дзе ўжо на аперацыйным стале ляжала парадзіха, ўключыліся акумулятарныя лямпы і магутныя ліхтары.

«Цягам пяці хвілінаў мы ўжо ўсе супакоіліся і працягвалі рабіць сваю працу. Нават калі б у нас былі вельмі складаныя пацыенты – мы б іх не згубілі», – перакананая загадчыца аддзялення.

Цяпер матуля з маленькім Назарам ужо рыхтуюцца да выпіскі, лекары ацэньваюць іхны стан як здавальняльны. Малеча есць за траіх і добра спіць. А бацькі цалкам перакананыя: дзіця, народжанае падчас ракетных удараў і ў поўнай цемры, абавязкова прынясе ў гэты свет сілу і святло.

Яўген Педашэнка, «Белсат»