У беларускіх калоніях пагаршаюць умовы ўтрымання


На абед – баланда з гнілой і чарвівай бульбай, на вячэру – сырое бетоннае памяшканне ШЫЗА. Так апісвае ўмовы ў беларускіх турмах былы палітвязень Віталь Жук. У той жа час прапагандысты малююць пазітыўны вобраз калоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта гучыць як рэклама марскога курорту, але людзі на відэа – Кацярына і Ігар Юрчанкі – распавядаюць пра бабруйскую калонію. Менавіта там адбывае турэмны тэрмін іхны дваццаціаднагадовы сын Сяргей. Яго асудзілі на 8 гадоў за распаўсюд наркатычных сродкаў. Паводле бацькоў, зняволенне пайшло хлопцу на карысць: ён пасталеў, а ў галаве з’явіліся «правільныя думкі».

«Калі б мой родны чалавек сядзеў у калоніі, тады б я што заўгодна распавёў пра гэтую калонію, што мне скажуць прапагандысты ці адміністрацыя, каб толькі не чапалі майго роднага чалавека. Гэта цалкам зразумелая і нармальная рэакцыя. Таму, мякка кажучы, сваякі зняволеных у трумах, у калоніях ніяк не ёсць незалежнымі сведкамі», – кажа каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Еўрапейскі ўзровень камфорту, фактычна гатэль – так апісваюць умовы, створаныя для бабруйскіх вязняў, бацькі вязня Сяргея. Паводле іх, у калоніі ёсць усё: чыстыя пакоі, тэлевізар, посуд і нават шашлычная, дзе можна смажыць на грылі.

«Гэта можа быць праўдай толькі часткова: для такіх вось сваякоў, якія прыязджаюць, у якіх ёсць магчымасць пабачыцца са сваімі дзецьмі. Часткова для тых камісіяў, якія прыязджаюць і якія правядуць па тых месцах. Усё, што адбываецца далей у гэтай калоніі, яно застаецца ў глыбіні: з іншымі людзьмі, з палітвязнямі», – кажа былы палітвязень Віталь Жук.

Пра пагаршэнне ўмоваў утрымання вязняў у бабруйскай калоніі літаральна на мінулым тыдні паведамляла праваабарончая ініцыятыва “Mayday.team”. Гэтак, напярэдадні зімовага сезону ў сваякоў перасталі прымаць цёплую вопратку. Паводле новых правілаў, асуджаныя мусяць насіць толькі тое, што выдаюць у калоніі і пры гэтым аплачваць гэтую адзежу. Былы палітвязень Віталь Жук ацэньвае такую захаду як крытычную.

Бабруйская папраўчая калонія. Бабруйск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: komkur.info

«Я прыехаў у калонію ўзімку: быў снежань. І фактычна, вось ува што мяне апранулі ў гэтай калоніі: не было ні пальчатак, ні шаліка, нічога, і былі маразы моцныя. Я памятаю, як з пачаткам каранціну нас катавалі, мы практычна 70-80 адсоткаў часу павінныя былі быць на вуліцы», – згадвае былы палітвязень Віталь Жук.

Акрамя таго, у калоніі скарацілі колькасць тэлефонных званкоў. Калі цяпер вязні звязваюцца з сваякамі раз на тыдзень, то з 1-га кастрычніка такая магчымасць застанецца раз на дзесяць дзён. Таксама забароняць набіраць некалькі нумароў за адзін раз: за гэтым жорстка будзе сачыць адміністрацыя. Пагаршэнне ўмоваў у бабруйскай калоніі звязваюць з перастаноўкамі ў кіраўніцтве, якія адбыліся праз самагубства асуджанага, здзейсненае ў ліпені. Вязень адбываў тэрмін за незаконны збыт наркотыкаў і мог пайсці на такі крок праз невыносныя ўмовы жыцця, што стварала для яго адміністрацыя, заяўлялі ў “Mayday”. Асаблівае стаўленне ў беларускіх турмах і да палітычных зняволеных.

«Усё пачалося з лістоў. Потым адмянілі медычныя бандэролі. Цяпер узяліся за вопратку. Яны проста спрабуюць павольна забіваць. Павольна забіваюць нас», – кажа Віталь Жук.

Пры гэтым рэжым, з аднаго боку, адмаўляе адсутнасць у краіне палітычных зняволеных, а з другога – здымае прапагандысцкія фільмы пра іхнае ўтрыманне ў турмах. Гэтак, раней на праўладным тэлеканале БТ выйшаў сюжэт пра шклоўскую калонію нумар 17, экскурсію па якой правёў палітзняволены журналіст Дзмітрый Лукша. У роліку паказалі фактычна райскія ўмовы для зняволеных: корпусы са свежым рамонтам, паўлін у жывым кутку, фантан у дворыку для працяглых спатканняў. Пры гэтым былыя палітвязні, што адбывалі тэрмін у шклоўскай папраўчай калоніі № 17, распавядалі, што ва ўзорным корпусе жывуць тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй, а ўмовы ўтрымання астатніх значна горшыя.

«У гэтым сэнс прапаганды: ствараць для ўсіх, хто яе спажывае, прыгожую карцінку. Каб яны разумелі, што ўсё вакол нібыта добра. І ў калгасах – добра, і ў больніцах – добра, то, пэўна, і ў калоніях таксама добра. Прапаганда стварае такую карцінку, каб усе адчувалі, што ўсё робіцца нармальна, мяняць нічога не трэба», – кажа Вадзім Мажэйка.

Цяпер у Беларусі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за кратамі – амаль паўтары тысячы палітычных вязняў.

Наста Печанькова, «Белсат»