Гэтага моманту доўга чакалі сваякі і сябры Андрэя Гаўроша. 29-гадовага менчука вызвалілі з-пад варты ў судовай зале. Яму прысудзілі пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Далёка не ўсе сёння адчулі, што справядлівасць перамагла. Цяжка параненага міліцыянтам у навагоднюю ноч менчука суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаў вінаватым у непадпарадкаванні праваахоўніку і ў гвалце супраць яго. У сваю чаргу міліцыянта палічылі пацярпелым.
«Адбылося тое, што адбываецца ў нас заўсёды, – паверылі міліцыянту. У гэтым канфлікце было толькі два ўдзельнікі, іншых сведкаў не было», – падкрэсліў журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.
Працаўнік МУС блытаўся адносна колькасці стрэлаў. Падчас суда ён прызнаў, што ўжыў зброю без папераджальнага стрэлу, хоць на следстве казаў зусім іншае. Па-другое, міліцыянт увесь час трымаўся версіі самаабароны. Але да яе істотна падарваў давер той факт, што падчас спрэчкі Андрэй Гаўрош атрымаў раненне ў спіну.
«Ягоныя паказанні супярэчаць балістычнай экспертызе, якая кажа пра тое, што распалажэнне ўваходных уваходных адтулін, выразна не супадае з тымі паказаннямі. Гэта сведчыць пра тое, што ён адкрыта хлусіў», – звяртае ўвагу праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
Як стала вядома, Салаўёў прыбыў на вуліцу Любімава без напарніка і экіпіроўкі. Газавага балончыка ці дручка, якія ён мог бы выкарыстаць замест пісталета, пад рукой не аказалася. Усё гэта засталося за кадрам следства, абвінавачання і выраку. Чаму?
«Пайшла бы хваля пакаранняў. У міліцыі гэта сурʼёзна. Былі б пакараныя начальнікі. Там адбыліся б сурʼёзныя разборкі. Хутчэй за ўсё, каб пазбегнуць гэтага, быў прызначаны вінаваты», – упэўнены спадар Федаровіч.
Паводле абароны, міліцыянт, што прыбыў у кватэру Гаўроша на выклік суседзяў, якія скардзіліся на шум, – першы ўжыў сілу. Паводле Андрэя Бандарэнкі, абарона недастаткова канцэнтравалася на пытаннях вакол непадпарадкавання міліцянту.
Ці мог судовы працэс закончыцца на карысць Андрэя Гаўроша? Пасля інцыдэнту голас у справе ўзяў кіраўнік краіны.
«Урэшце, не застрэліў. Гэта сігнал грамадству, што валтузні з падонкамі не будзе», – выказаўся Лукашэнка.
«Я не магу забыць словаў, што мой сын і дзебашыр і падонак. Тое, што сказалі пра майго сына, гэта значыць сказалі пра мяне і пра майго бацьку. Мне не прыемна чуць такія знявагі», – зазначыў Алег Гаўрош.
Андрэя чакаюць пяць гадоў «хатняй хіміі». Гэта значыць, што цяпер ягонае асабістае жыццё будзе пад пільным вокам міліцыі.
Ян Бабіцкі, «Белсат»