Беларуская тэхналагічная кампанія трапіла ў новы спіс экспартных абмежаванняў ЗША


Міністэрства гандлю ЗША апублікавала спіс новых экспартных абмежаванняў супраць 37 юрыдычных асобаў з Расеі, Беларусі, Кітаю, Бірмы, Пакістану і Тайваню. Ад нашай краіны ў спіс трапіла тэхналагічная кампанія «ДМТ Трэйдынг».

Скрыншот: public-inspection.federalregister.gov

Паводле дакументу амерыканскага ведамства, беларускую кампанію дадалі ў пералік на падставе «інфармацыі, якая паказвае, што гэтыя кампаніі ўносяць значны ўклад у расейскую вайсковую і вайскова-прамысловую базу».

Беларуская фірма «ДМТ Трэйдынг», паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту, пазіцыянуе сябе як «вядучы дастаўца электронных кампанентаў і вымяральнай тэхнікі, а таксама буйны інжынерна-тэхнічны цэнтр, здольны развязаць шырокі спектр задачаў у галіне высокіх тэхналогіяў». Акрамя таго, яна займаецца «праектаваннем і камплектаваннем метралагічных лабараторыяў і выпрабавальных цэнтраў».

Выпрабавальны комплекс «ДМТ Трэйдынг».
Фота: dmt.by
Офіс кампаніі «ДМТ Трэйдынг».
Фота: yandex.ru/maps

Акрамя беларускай кампаніі, у пералік дадалі 28 юрыдычных асобаў з Кітаю, звязаных з абаронным комплексам, адну кампанію з Расеі, тры – з Бірмы, чатыры – з Пакістану.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў