Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе


Ізраіль працягвае ваенную аперацыю ў сектары Газа і анансуе наступленне на Рафах, якое мусіць стаць кульмінацыяй вайны. Разам з тым, жорсткая палітыка ўраду Бэньяміну Нэтаньягу выклікала незадаволенасць Белага дому і сутыкнулася з пратэстамі ўнутры краіны, што можа аслабіць пазіцыі Ізраілю ў гэтым канфлікце. Акрамя таго, рэзка павялічылася рызыка атакі з боку Ірану, што можа прывесці да непрадказальнай эскалацыі. Belsat.eu разбіраўся, чаму сітуацыя на Блізкім Усходзе ўсё больш нагадвае патавую.

Людзі прымаюць удзел у акцыі пратэсту супраць ураду прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміну Нэтаньягу і патрабуюць вызвалення закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа баевікамі «Хамасу». Іерусалім, Ізраіль. 31 сакавіка 2024 года.
Фота: Leo Correa / AP Photo / East News

Масавыя пратэсты

Напрыканцы мінулага тыдня ў Ізраілі ўспыхнулі масавыя антыўрадавыя пратэсты. Дзясяткі тысячаў ізраільцянаў выйшлі на вуліцы Тэль-Авіва, Іерусаліма, Хайфы, патрабуючы адстаўкі Бэньяміну Нэтаньягу, правядзення датэрміновых выбараў і заключэння здзелкі аб вызваленні закладнікаў. У Ерусаліме пратэстоўцы перакрылі адну з цэнтральных магістраляў гораду, паліцыя выкарыстала супраць іх вадамёты. Дэманстрацыі працягнуліся і ў наступныя дні. Увечары 2 красавіка ўдзельнікі пратэстаў спрабавалі прарвацца да рэзідэнцыі прэм’ер-міністра, дзе ўступілі ў сутычкі з паліцыяй.

Ладзяцца і больш лакальныя акцыі. Напрыклад, 3 красавіка сваякі закладнікаў пратэставалі ў будынку Кнесету: яны размазалі жоўтую фарбу па шкле, якое аддзяляе гасцявую трыбуну ад залы пасяджэнняў, і скандавалі «Ганьба!»

Цяперашнія вулічныя пратэсты – найбуйнейшыя з таго часу, як баевікі «Хамасу» 7 кастрычніка ўчынілі тэрарыстычную атаку на Ізраіль. Шмат хто лічыць, што менавіта памылкі Нэтаньягу ў сферы бяспекі прывялі да таго, што падчас нападу баевікоў былі забітыя каля 1200 і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 асобаў. Акрамя таго, людзі незадаволены тым, як Нэтаньягу вядзе вайну супраць «Хамас»: аперацыя ў сектары Газа цягнецца ўжо амаль паўгода, а перамогі пакуль не бачна. Пратэстоўцы мяркуюць, што жорсткая пазіцыя Нэтаньягу перашкаджае заключэнню здзелкі, якая б дазволіла вярнуць закладнікаў дадому.

Нэтаньягу ў сваю чаргу заявіў, што датэрміновыя выбары будуць толькі на руку «Хамасу». Чальцы ўраду вінавацяць пратэстоўцаў у тым, што яны расколваюць ізраільскае грамадства. Кіраўнік ШАБАК (агульная служба бяспекі Ізраілю) Ронэн Бар заявіў, што пратэсты выходзяць за рамкі прынятых правілаў, набываюць незаконны і гвалтоўны характар. Ён папярэдзіў, што «гэта трывожная тэндэнцыя, якая можа прывесці да небяспечных наступстваў, якіх не варта дапускаць».

Ізраільскія дэманстранты, апранутыя ў касцюмы баевікоў «Хамасу», падчас акцыі пратэсту каля ўваходу ў штаб-кватэру UNWRA (Агенцтва ААН па дапамозе палестынскім бежанцам і арганізацыі прац на Блізкім Усходзе). Ерусалім, Ізраіль. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Апошняе папярэджанне Байдэна

Узмацненне ціску на Нэтаньягу з боку апазіцыі і сваякоў закладнікаў супала з пагаршэннем міжнародных пазіцыяў ураду Ізраілю. 25 сакавіка Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае да неадкладнага спынення агню ў сектары Газа. Гэта адбылося ўпершыню за час вайны Ізраілю з «Хамасам». У мінулыя разы падобныя рэзалюцыі блакавалі Злучаныя Штаты, аднак цяпер прадстаўнік Вашынгтона пры галасаванні ўстрымаўся.

Гэтае рашэнне сведчыць пра сурʼёзны крызіс у стасунках Ізраілю і ЗША. Белы дом ніколі не ставіў пад сумнеў права Ізраілю на жорсткі адказ тэрарыстам. Ад самага пачатку амерыканцы аказвалі Нэтаньягу неабходную вайсковую і дыпламатычную падтрымку. Разам з тым, для Вашынгтона было важна не пасварыцца з сяброўскімі мусульманскімі краінамі, якія не падтрымліваюць ні тэрору «Хамасу», ні дзеянняў Ізраілю. Таму адміністрацыя Джо Байдэна адразу надавала вялікую ўвагу неабходнасці мінімізаваць страты цывільнага насельніцтва падчас аперацыі Ізраілю, забяспечыць эвакуацыю і дастаўку гуманітарнай дапамогі.

Аднак чым даўжэй працягвалася вайна, тым больш было ахвяраў сярод мірных жыхароў у сектары Газа. Гуманітарны крызіс нарастаў. Прэтэнзіі да Ізраілю на міжнароднай арэне павялічваліся.

У апошнія месяцы адміністрацыя Байдэна з разу ў раз дэманстравала, што іх цярпенне заканчваецца. Вашынгтон адкрыта выступіў супраць штурму гораду Рафах, бо гэта можа прывесці да вялікіх стратаў сярод мірных жыхароў і справакаваць негатыўныя наступствы на міжнароднай арэне. Аднак гэта не прымусіла Нэтаньягу праявіць стрыманасць: ізраільскі бок заяўляе, што і так робіць усё магчымае, каб мінімізаваць пакуты цывільных, а ад наступлення на Рафах адмаўляцца не збіраецца.

Аналітыка
Захад не можа спыніць хусітаў. Як атакі ў Чырвоным моры ўплываюць на свет і на Беларусь
2024.03.11 18:19

У сакавіку віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс зрабіла двухсэнсоўную заяву: маўляў, амерыканцам варта не блытаць ізраільскі ўрад з ізраільскім народам. Неўзабаве пасля гэтага лідар дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Чак Шумер заявіў, што Нэтаньягу, на ягоную думку, мусіць сысці – палітык заклікаў правесці ў Ізраілі датэрміновыя выбары. Хаця Белы дом адразу дыстанцыяваўся ад словаў Шумера, агульнае пахаладанне ў амерыкана-ізраільскіх стасунках было для ўсіх відавочна.

Рашэнне Белага дому не блакаваць рэзалюцыю ААН стала выразным сігналам для Нэтаньягу: дапамога ЗША мае свае межы і калі Ізраіль не будзе прыслухоўвацца да парадаў саюзнікаў, то страціць дыпламатычнае прыкрыццё на міжнароднай арэне.

Дэмарш Нэтаньягу

У адказ Нэтаньягу дэманстратыўна скасаваў візіт высокапастаўленай ізраільскай дэлегацыі ў ЗША. «Мы ў некаторым родзе збянтэжаныя гэтым», – пракаментавалі навіну ў Белым доме.

Дэмарш прэм’ера выклікаў неадназначную рэакцыю і ўнутры краіны. «Адказ Нэтаньягу на адмову ЗША ад вета яшчэ больш павялічвае шкоду», – канстатавала «The Times of Israel». Паводле аўтарытэтнага выдання, прэм’ер разглядае супрацьстаянне з Белым домам як магчымасць паказаць, што ён, каб абараніць інтарэсы Ізраілю, здольны даць адпор нават ціску саюзнікаў. Аднак адначасова Нэтаньягу ставіць пад пагрозу поспех у вайне з «Хамасам», бо Ізраіль можа застацца без жыццёва важных вайсковых паставак з ЗША.

Самалет ваенна-паветраных сілаў ЗША сбросіў кантэйнеры з гуманітарнай дапамогай палестынцам ў сектары Газа. 2 красавіка 2024 года.
Фота: Ronaldo Schemidt / AFP / East News

Нават некаторыя прыхільнікі Нетаньягу лічаць, што ў канфлікце з Белым домам ён перагнуў палку. Тым больш, што праблемаў у двухбаковых стасунках і так хапае.

2 красавіка ў выніку авіяўдару Цагаль у сектары Газа загінулі сямёра працаўнікоў гуманітарнай арганізацыі World Central Kitchen, у тым ліку грамадзянін ЗША. Ізраіль прызнаў, што вайскоўцы нясуць адказнасць за гэты ненаўмысны ўдар, выбачыўся і паабяцаў правесці адпаведнае расследаванне. Аднак Джо Байдэн усё роўна выступіў з жорсткай крытыкай палітыкі Ізраілю. «Што яшчэ больш трагічна, гэта не асобны інцыдэнт», – сказаў прэзідэнт ЗША. Паводле яго, Ізраіль не прымае дастатковых мераў для абароны гуманітарных працаўнікоў і цывільнага насельніцтва. Сваё абурэнне выказалі таксама іншыя краіны Захаду.

«Гэты інцыдэнт узмацняе ціск на Нэтаньягу», – канстатавала газета «The Washington Post».

Дылема вайны

Паводле міністэрства аховы здароўя сектару Газа, якое знаходзіцца пад кантролем «Хамасу», у анклаве з пачатку вайны загінулі ўжо больш 32 тысяч мірных жыхароў. Праўдзівасць гэтай лічбы выклікае вялікія сумневы: «Хамас» не раз лавілі на тым, што ён маніпулюе фактамі, каб дэманізаваць Ізраіль. Аднак, хутчэй за ўсё, ахвяраў сярод цывільных сапраўды шмат.

Ізраіль робіць пэўныя крокі, каб знізіць страты: папярэджвае мірных жыхароў аб тым, якія мясціны ім трэба пакінуць у сувязі з баявымі дзеяннямі, арганізоўваюць для іх гуманітарныя калідоры і г.д. Аднак вайна вядзецца ў такіх умовах, калі істотна знізіць чалавечыя страты наўрад ці магчыма.

Па-першае, сектар Газа – гэта тэрыторыя з надзвычай высокай шчыльнасцю насельніцтва. Паводле найбольш кансерватыўных ацэнак, на кожны квадратны кіламетр там прыпадае каля 6 тысяч чалавек (для параўнання: у Беларусі шчыльнасць складае 44 чалавекі на 1 кв. км). Па-другое, баевікі «Хамас» актыўна выкарыстоўваюць у ваенных мэтах цывільную інфраструктуру і часам нават офісы гуманітарных арганізацыяў, што робіць іх мішэнямі Цагаль. Таму вялікія страты ў анклаве – гэта амаль непазбежнае наступства рашэння Ізраілю пакараць «Хамас» за тэрарыстычную атаку 7 кастрычніка.

Члены сем’яў закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа баевікамі «Хамасу», прысутнічаюць на пасяджэнні ізраільскага парламенцкага камітэту па абмеркаванні сітуацыі з палоннымі жанчынамі ў сектары Газа. Іерусалім, Ізраіль. 2 красавіка 2024 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Жорсткая дылема гэтай вайны найбольш востра паўстае ў сітуацыі з Рафахам. Сёння Рафах – гэта апошні бастыён «Хамасу» ў сектары Газа. Кантроль за горадам дазваляе палестынскай групоўцы трымаць у сваіх руках плыні гуманітарнай дапамогі і кантрабанды, што з’яўляецца залогам захавання ўлады баевікоў у анклаве. Разам з тым, наступ на Рафах – складаная задача і ў ваенным, і ў палітычным сэнсе. Гэты горад знаходзіцца на мяжы з Егіптам і там знайшлі прытулак сотні тысяч мірных палестынцаў, вымушаных пакінуць свае дамы пасля пачатку баявых дзеянняў. Прычым Егіпет усю гэту масу людзей пускаць на сваю тэрыторыю не збіраецца.

У выніку ўрад Нэтаньягу аказваецца ў патавай сітуацыі. З аднаго боку, штурм Рафаху непазбежна пацягне за сабой страты сярод цывільных – магчыма, яшчэ больш страшныя, чым было раней. У гэтым выпадку Ізраіль рызыкуе згубіць падтрымку ЗША і апынуцца ў ізаляцыі. З іншага боку, без узяцця Рафаху немагчыма дасягнуць галоўнай мэты вайны – знішчыць «Хамас», пазбавіць яго кантролю за анклавам і выключыць магчымасць новых атакаў тэрарыстаў. А гэта зусім не гіпатэтычная пагроза, улічваючы, што прадстаўнікі «Хамас» раней абяцалі паўтараць разню 7 кастрычніка зноў і зноў, пакуль Ізраіль не знікне.

Ізраіль не збіраецца адмаўляцца ад першапачатковых мэтаў вайны. 31 сакавіка Нэтаньягу заявіў, што ўрад зацвердзіў аператыўны план Цагаль па наступленню на Рафах. «Гэта зойме час, але гэта будзе зроблена. Мы ўвойдзем туды і ліквідуем батальёны «Хамас». Без ліквідацыі батальёнаў «Хамас» няма перамогі», – сказаў ён. Прэмʼер таксама паабяцаў, што ізраільскія вайскоўцы рыхтуюць планы эвакуацыі цывільнага насельніцтва з Рафаха.

2 красавіка адбыліся онлайн-перамовы прадстаўнікоў Белага дому і ўраду Ізраілю па гэтым пытанні. Як піша выданне «Axios», ізраільскі бок заявіў на сустрэчы, што план эвакуацыі можа быць зрэалізаваны цягам чатырох тыдняў. Амерыканцы мяркуюць, што гэта нерэалістычная ацэнка, а Ізраіль проста недаацэньвае складанасць задачы. У адміністрацыі Байдэна лічаць, што на эвакуацыю спатрэбіцца да чатырох месяцаў, паведамляе «Axios» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Ізраіль з гэтым не пагаджаецца, але абяцае «прыняць да ўвагі» асцярогі Белага дома.

Аналітыка
Ні перамір’я, ні вялікай вайны. Што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.02.08 17:11

«Далікатны момант» Тэгерану

Усё гэта адбываецца ва ўмовах, калі працягвае існаваць пагроза больш маштабнай эскалацыі канфлікту ў рэгіёне.

1 красавіка быў нанесены авіяўдар па будынку консульства Ірану ў Дамаску. У выніку загінулі сямёра чальцоў іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Махамад Рэза Захедзі і яго намеснік, генерал Махамад Хадзі Хаджы Рахімі. Паводле крыніцаў Reuters, яны «стаялі за шматлікімі нападамі на ізраільскія і амерыканскія абʼекты і планавалі новыя напады».

Ізраіль неаднаразова наносіў удары па звязаных з Іранам цэлях у іншых краінах. Але раней мішэнню не станавіліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Пасля ўдару ў Дамаску Іран публічна паабяцаў пакараць Ізраіль.

Як зазначае The Washington Post, іранскія ўлады цяпер перажываюць «далікатны момант». З аднаго боку, адказ Тэгерану мусіць быць досыць жорсткі, каб захаваць свой аўтарытэт у рэгіёне, а з іншага боку – не занадта жорсткі, каб не справакаваць поўнамаштабную вайну з Ізраілем.

Ці здолее Тэгеран праявіць разумную стрыманасць у гэтай сітуацыі – пытанне адкрытае. Медыі паведамляюць: 3 красавіка амерыканская выведка папярэдзіла Ізраіль, што нападу з боку Ірану можна чакаць цягам 48 гадзінаў. Паводле «Al Mayadeen», Іран плануе камбінаваную атаку з «дажджом» беспілотнікаў і ракетаў са сваіх базаў па стратэгічных месцах у Ізраілі. Цагаль пачаў набор рэзервістаў супрацьпаветранай абароны і ўвогуле знаходзіцца ў павышанай гатовасці адносна патэнцыйнага адказу Ірану на ўдар у Дамаску.

Hавiны
СМІ: Іран можа напасці на Ізраіль цягам 48 гадзінаў
2024.04.04 10:17

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў