Управа вярхоўнага камісара Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у справе правоў чалавека збірае звесткі пра парушэнні і катаванні ў Беларусі, якія адбываліся з 1 траўня 2020 года. Да 15 снежня 2021 года Управе можна расказаць сваю гісторыю, для гэтага стварылі бяспечную электронную форму.
Увесну 2021 года Управы вярхоўнага камісара ААН, якая займаецца пытаннямі правоў чалавека, абвясціла аб стварэнні адмысловай місіі. У межах гэтай місіі будуць разглядаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Вывучэнне парушэнняў дазволіць больш эфектыўна задзеяць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і, спадзяюцца ва Управе, паспрыяць зніжэнню ці спыненню палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Запоўніць форму і расказаць пра парушэнні правоў могуць не толькі ахвяры злачынстваў, але і іншыя асобы і арганізацыі – трэба толькі пазначыць свае адносіны з ахвярай. Можна пазначыць, каб у публічным дакладзе гэтая інфармацыя не падавалася або падавалася ананімна (тады варта апісаць прычыны, з якіх інфармацыя не можа быць агучаная). Спампаваць інструкцыю можна вось тут.
Расказаць можна пра незаконныя забойствы, катаванні, напады і запалохванні, празмернае ўжыванне гвалту, незаконнае выгнанне з краіны, парушэнні правоў на мірныя сходы і на свабоднае выказванне думкі, парушэнні культурных правоў, у ліку якіх таксама адукацыя на беларускай мове… Некаторыя пункты ў спісе вымагаюць дадатковага тлумачэння:
Для доступу да формы раяць карыстацца браўзерам з дадатковымі захадамі бяспекі: напрыклад, браўзерам «Opera», у якім можна ўключыць VPN у наладах (адпаведны пункт наладаў адкрыецца па гэтай спасылцы) і адкрыць новае вакно ў прыватным рэжыме (на «Windows» спрацуе камбінацыя клавішаў Ctrl + Shift + N).
З уключаным VPN і ў прыватным рэжыме трэба спампаваць форму па гэтай спасылцы. Запоўненую форму трэба запампаваць сюды (клікнуць на надпіс «Click to select files or use drag & drop to upload» і выбраць файл з запоўненай формай). Туды ж можна запампаваць дадатковыя матэрыялы, як то фота і відэа або дакументы аб парушэнні, але тады файлы трэба назваць так, каб было зразумела, што яны адносяцца да адной справы (напрыклад, zatrymannie-9-zniunia-ivanou.docx, zatrymannie-9-zniunia-ivanou.jpg і zatrymannie-9-zniunia-ivanou.avi).
Калі спасылка на форму з нейкай прычыны не працуе, трэба зайсці на сайт Рады ААН у справе правоў чалавека па гэтай спасылцы (або, калі не працуе і гэта, зайсці на ohchr.org і праз пошук знайсці там «Belarus examination call», перайсці да пункту «Call for submissions»). Тэкст на гэтай старонцы будзе па-ангельску, але форма, якую можна запоўніць, ёсць на расейскай мове (трэба клікнуць на надпіс «русский»).
У выпадку іншых пытанняў можна пісаць на адрас OEB@ohchr.org (для гэтага рэкамендуюць завесці паштовую скрыню на бяспечных сэрвісах кшталту Tutanota, Hushmail ці Virtru.com).
Ва Управе просяць дэталёва апісаць асобаў і арганізацыі, адказныя за парушэнні. Калі немагчыма вызначыць, прадстаўнік якой арганізацыі чыніў парушэнні, варта апісаць любыя апазнавальныя знакі, нават колер уніформы і знакаў адрознення.
Калі ў Беларусі ахвяра парушэння спрабавала шукаць справядлівасць праз звароты ў дзяржаўныя органы і суды, трэба пазначыць, якія то былі органы і якія былі вынікі зваротаў.
Пры апісанні інцыдэнту важна пазначыць дакладнае месца і дату, колькасць і тып ахвяраў, а таксама кантэкст здарэння, меркаваны матыў парушальнікаў. Таксама важна апісаць наступствы парушэнняў, звярнуць увагу на ўзроставы і гендарны складнік – напрыклад, на тое, як парушэнні па-рознаму паўплывалі на пажылых, дзяцей, жанчын.
АА belsat.eu