Нацбанк спрагназаваў «узмацненне ціску на валютны рынак» Беларусі


Імгненнага абвалу не чакаюць, але паступова будуць праяўляцца «эфекты ад вонкавых шокаў».

Дзмітрый Калечыц, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Беларусі.
Фота: nbrb.by

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Дзмітрый Калечыц пракаментаваў дзяржаўнаму агенцтву БелТА навіну аб тым, што рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s спрагназавала страты Беларусі ад санкцыяў, адзначыла рост нявызначанасці і рызыкаў для фінансавай стабільнасці. Чыноўнік заявіў: нягледзячы на рызыкі, «фінансавая стабільнасць захоўваецца», узровень крэдытных рызыкаў «у прымальным дыяпазоне».

«Шокі 2020 года негатыўна адбіліся на фінансавым стане прадпрыемстваў рэальнага сектару, абмежавалі іх магчымасці ў абслугоўванні сваіх абавязальніцтваў, – адзначыў Калечыц. – Высокі ўзровень валютызацыі актываў і пасіваў банкаўскага сектару таксама з’яўляўся значнай рызыкай для фінансавай стабільнасці краіны.

Вырас узровень знешняга доўгу. Істотным выклікам стала парушэнне ашчаднага працэсу. Яно суправаджалася павышаным попытам на замежную валюту і абумовіла ціск на рублёвую ліквіднасць банкаў».

Hавiны
«Пачатак дывановых бамбаванняў». Эксперты ацанілі магчымыя страты ВУП Беларусі ад санкцыяў
2021.06.23 17:12

Пакуль рызыкі мінімізавалі і не дапусцілі парушэнняў працы фінансавага сектару, кажа ён. Але можна чакаць змяншэння аб’ёмаў экспарту і валютных паступленняў у краіну, а таксама і імпарту. Ды «уплыў дадзенага шоку на збалансаванасць знешняга гандлю будзе ўмераным і расцягнутым у часе», перакананы намеснік кіраўніка Нацбанку.

Магчымасць прыцягнення вонкавага фінансавання знізіцца «ў пэўнай ступені», дадаў Калечыць, а гэта можа закрануць выплаты дзяржаўнай запазычанасці, дзе «захоўваецца патрэба ў рэфінансаванні досыць вялікіх аб’ёмаў запазычанасці».

Беларускі рубель «недаацэнены», але верыць у яго стануць яшчэ менш

«Можна чакаць пэўнага ўзмацнення ціску на валютны рынак, – таксама заявіў Калечыц. – Аднак, улічваючы інерцыйнасць любых эканамічных працэсаў, гэта не адбудзецца імгненна. Эфекты ад вонкавых шокаў будуць выяўляцца паступова. Эканамічныя агенты будуць падладжвацца пад рэаліі, якія змяніліся».

Чыноўнік пры тым не толькі не спрагназаваў падзенне курсу рубля, але і заявіў, што беларуская валюта нібыта «знаходзіцца ў зоне недаацэненасці». Ды ён прызнаў, што дагэтуль застаюцца высокімі негатыўныя чаканні беларусаў, таму захоўваецца попыт на замежную валюту і адток сродкаў з банкаўскай сістэмы, а ў выніку новых шокаў негатыўныя чаканні могуць узмацніцца яшчэ больш.

АА belsat.eu

Стужка навінаў