Актывізацыя бакоў па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 591-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

БМП Узброеных сіл Украіны едзе па палігону. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць з поўначы і ўсходу ў бок аднайменнага райцэнтру ў Харкаўскай вобласці.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Харьковское направление» піша, што на поўначы расейцы паступова прасоўваюцца ў бок сяла Сынькоўка.

Іншая крыніца – «НгП раZVедка» – сцвярджае, што на ўсходзе войскі РФ уклініліся ў абарону ўкраінцаў на глыбіню да кіламетра ў ваколіцах сяла Ягаднае.

Між тым у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі, што ўсе атакі праціўніка каля вышэйзгаданых населеных пунктаў былі адбітыя.

Аналагічнай пазіцыі прытрымліваюцца аналітыкі праекту Deepstate, якія адмаўляюць поспехі расейцаў на купянскім кірунку.

У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку, паводле Deepstate, расейцы прасунуліся на паўночным усходзе ад сяла Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. Цяпер баі ідуць на ўсходзе ад населенага пункту.

Аналітыка
Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта
2023.10.06 08:04

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку працягваецца наступ Збройных сілаў Украіны на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру. Паводле Генштабу ЗСУ, за содні сілы абароны краіны дасягнулі частковага поспеху на ўсходзе ад сяла Андрэеўка.

У Deepstate удакладняюць, што тут баі ідуць на ўсходзе ад лініі мясцовай чыгункі.

Акрамя гэтага ЗСУ атакавалі ў ваколіцах Клішчыеўкі, Курдзюмаўкі і Азаранаўкі – паўсюль без зменаў па лініі фронту.

У адказ расейцы беспаспяхова контратакавалі на поўначы ад Клішчыеўкі і Курдзюмаўкі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У Генштабе ЗСУ паведамілі пра адбіццё 10 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Мар’інка і Новаміхайлаўка.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ крыху прасунуліся ў ваколіцах апошняга населенага пункту.

Па словах Deepstate, таксама расейцы наступалі з Вясёлага і Краснагораўкі ў бок Аўдзееўкі, але поспеху не дасягнулі. Акрамя гэтага яны намагаліся вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля Первамайскага – таксама безвынікова.

Самыя ўкраінцы, паводле Мінабароны РФ, атакавалі каля Севернага і Вясёлага (ваколіцы Аўдзееўкі), але таксама не мелі поспеху.

Бярдзянскі кірунак (паўднёвы захад Данецкай вобласці і ўсход Запарожскай)

Ва ўкраінскім камандаванні паведамілі пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Вуглядар, Залатая Ніва, Старамаёрскае і Прыютнае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што ЗСУ ў сваю чаргу атакуюць на захадзе ад Старамаёрскага і на паўночным захадзе ад Прыютнага.

Таксама крыніца адзначае сустрэчныя баі на захадзе ад Новаданецкага.

Такім чынам можна казаць пра актывізацыю абодвух бакоў на ўчастку фронту каля мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку Збройныя сілы Украіны наступаюць на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам содняў сілы абароны краіны дасягнулі поспеху на поўначы ад сёлаў Капані і Навапрокапаўка.

Аналітыкі Deepstate пішуць, што ўкраінцы мелі поспех на трох участках фронту, а расейцы – на адным, пры гэтым дакладныя месцы прасоўванняў не называюцца.

Пегаў заўважае, украінцы зноў намагаюцца перахапіць ініцыятыву на мелітопальскім кірунку, хоць УС РФ і працягваюць падцягваць рэзервы і атакаваць па флангах.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў