Нязломны Анджэй Пачобут выпрабоўвае Лукашэнку

Акурат ад гэтага судовага працэсу будзе залежаць лёс беларуска-польскіх дачыненняў. Яны могуць застацца стабільна кепскімі або значна абвастрыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя на падтрыманне Анджэя Пачобута, Анджэлікі Борыс ды іншых палітычных вязняў у Беластоку, Польшча. 23 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Знаны журналіст і адзін з лідараў рэпрэсаванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут яшчэ ў 2021 годзе мог выйсці з турмы. Тады ў траўні рэжым вызваліў трох актывістак польскай меншасці, якіх спецслужбы Лукашэнкі адразу падвезлі да мяжы. З таго часу жанчыны жывуць у Польшчы, яны атрымалі сацыяльныя кватэры. Вызваліць палякаў Лукашэнку прасіў асабіста Нурсултан Назарбаеў. Неафіцыйна вядома, што былога кіраўніка Казахстану папрасіў пра гэта ягоны добры знаёмы, былы прэзідэнт Польшчы Александэр Квасьнеўскі. Але Пачобут не захацеў выязджаць з Беларусі і застаўся за кратамі. З’язджаць не захацела і старшыня Саюзу палякаў Анджэліка Борыс. Яе год пратрымалі за кратамі і вызвалілі толькі ўвесну 2022-га пасля просьбы ейнай маці да Лукашэнкі. Але абвінавачанняў не знялі. Яна застаецца ў Горадні, яе перыядычна выклікаюць на допыты. Анджэліку Борыс, як і Анджэя Пачобута, вінавацяць у распальванні варожасці, ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Суд над Анджэем Пачобутам у Горадні павінен быў распачацца яшчэ 28 лістапада, але дату першага паседжання мянялі ўжо двойчы. Спачатку перанеслі на 9 студзеня, а пазней на 16-га. Ад «суддзі» тут нічога не залежыць, палітычныя выракі вызначаюцца ў іншых месцах і выдаюцца загадзя. І выглядае на тое, што дыктатар яшчэ не ведае, што рабіць са «справаю палякаў». Польская дыпламатыя змагаецца за вызваленне Пачобута з пачатку ягонага затрымання ў сакавіку 2021 года. Для рэжыму ён і Анджэліка Борыс – галоўныя закладнікі ў дачыненнях з Польшчай. Іншых такіх закладнікаў Лукашэнка не мае і добра разумее, што Варшава нікога не будзе так бараніць, як сваіх суайчыннікаў у Беларусі. І гэта натуральна. Амерыканцы змагаліся за вызваленне Віталя Шклярава, а Швейцарыя – за Наталлю Хершэ. Паміж Варшавай і Менскам таксама ідзе закулісная барацьба за вызваленне Пачобута, перанос тэрміну паседжання можа быць элементам гэтай барацьбы. Рэжым, хутчэй за ўсё, ужо даўно выставіў умовы і спрабуе націскаць, шантажаваць. Але ў Менску таксама разумеюць, што ад гэтага выраку будзе залежаць лёс дачыненняў з Польшчаю. Суворы вырак можа прывесці да чарговых санкцыяў, польскі ўрад пад ціскам медыяў і грамадства будзе вымушаны яшчэ больш абвастрыць свае стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Ці захоча Лукашэнка спаліць апошнія масты з Варшаваю, гледзячы на «поспехі» арміі Пуціна ва Украіне? Справа супраць Пачобута будзе і тэстам на ступень аўтаномнасці дыктатара ад Масквы.

З лістоў, якія журналіст дасылае сваім блізкім з-за кратаў, відаць, што турма яго не зламала. І выглядае на тое, што выязджаць з Беларусі Пачобут усцяж не збіраецца. Рэжыму будзе складана змусіць яго замаўчаць. Выйсці на волю, застацца ў Горадні і тым не менш адкрыта гаварыць? Гэтага яшчэ ніводнаму палітвязню не ўдавалася зрабіць пасля 2020 года. Незалежна ад выраку рэжыму, Пачобут сваёй нязломнасцю ўжо шмат зрабіў для вольнай Беларусі. Дзякуючы яму польскія медыі цягам апошніх двух гадоў згадваюць пра палітвязняў і не забываюць пра дыктатуру Лукашэнкі.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў