Расея нанесла ракетны ўдар па Украіне


Уначы 9 сакавіка Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне. Паветраная трывога прагучала па тэрыторыі ўсёй краіны. У шэрагу абласцей прагучалі выбухі, піша УНІАН.

У адным з азёраў Кіеўскай вобласці паліцыянты знайшлі абломкі ракеты Х-55 пасля масіраванага ўдару 26 студзеня. Крыніца: KyivPolitics/Telegram

Сігналы паветранай трывогі гучалі ва Украіне ўсю ноч. Расея нанесла чарговы ракетны ўдар. У Адэскай вобласці і Харкаве зафіксаваныя траплянні ў аб’екты энергетыкі, выбухі прагучалі і ў іншых абласцях Украіны.

«Увага жыхары Адэскай вобласці! У выніку масіраванага ракетнага ўдару ёсць траплянне ракет у абʼект энергетычнай інфраструктуры вобласці, а таксама пашкоджаныя жылыя дамы. На шчасце, пацярпелых няма. Цяпер дзейнічаюць абмежаванні электразабеспячэння. Па выніках працы падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны ёсць збіццё ракет. Працягваецца баявая праца, менавіта зараз чакаецца другая хваля, таму прашу жыхароў вобласці знаходзіцца ў сховішчах!», заклікаў кіраўнік Адэскай АВА Максім Марчанка.

У Кіеўскай вобласці працавала СПА. На Харкаўшчыне зафіксавалі каля 15 удараў па Харкаве і вобласці.

Пасля расейскага ўдару дронамі Shahed-136 большасць жыхароў Жытоміру засталіся без святла і вады, з людзей ніхто не пацярпеў.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што расейскія войскі падчас начнога абстрэлу выпусцілі 81 ракету і 8 беспілотнікаў-камікадзэ.

СПА Украіны змагла збіць 34 з 48 ракет Х101, Х555 і «Калібр», а таксама чатыры беспілотнікі-камікадзэ. Акрамя таго, 8 кіраваных ракет Х-31П і Х-59 не патрапілі ў цэлі.

У выніку атакі ў Львоўскай вобласці загінулі 4 асобы, расейская ракета трапіла ў жылую зону, і ахвяраў можа быць больш. У Кіеве пакуль вядома пра 3 параненых, двух з іх – шпіталізавалі.

Расея з моманту нападу на Украіну, ажыццявіла больш за 10 масіраваных ракетных удараў. Асноўнай мэтай папярэдніх нападаў былі ўкраінскія абʼекты крытычнай інфраструктуры.

Агляд
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 сакавіка
2023.03.08 16:59

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў