Родным Вітольда Ашурка вярнулі яго асабістыя рэчы, акрамя дзённіка, які вёў памерлы палітвязень.
Пра гэта паведамілі сябры, якія вядуць Фэйсбук старонку ў памяць аб Вітольдзе:
«Забралі апошнія рэчы Вітольда. Спачатку з Гарадзенскай турмы, а потым у Магілёве – у Следчым камітэце. Адзенне (у тым ліку тое, якое ён не паспеў панасіць са Шклоўскай калоніі), дарагі для яго гадзіннік, дзве кнігі (Біблія на беларускай мове і падручнік ангельскай мовы), асабістыя рэчы.
І сотні лістоў. Іх Вітольд правёз за сабой па этапах. У тым ліку тыя, якія яму пераслалі ў Шклоў з Горадні, і якія ён, па ўсіх прыкметах, не чытаў».
Але сярод рэчаў не было дзённіка, пра які Вітольд неаднаразова пісаў і часам цытаваў у лістах. Брат Вітольда Андрэй Ашурак напісаў скаргу, але іншых варыянтаў пошуку дзённіка фактычна не існуе.
У палітыцы Вітольд быў апошнія 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк улетку 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.
Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».
Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома яшчэ 21 траўня, але цела аддалі толькі 25-га. Першапачаткова прычынай смерці называлі проста «спыненне сэрца», але жонка кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае. Следчы камітэт публікаваў відэа, на якім нібыта Вітольд (твару на відэа не бачна) падае і б’ецца галавой у камеры шклоўскай калоніі, пасля яму перавязваюць галаву і пакідаюць аднаго – ён падае яшчэ раз і памірае.
У адным з лістоў з-за кратаў Вітольд Ашурак напісаў: «Ці могуць незнаёмцы быць сябрамі? Могуць, калі яны – беларусы».