«Рана ці позна, мы іх сюды даставім». Кубракоў прыгразіў беларусам, якія з’ехалі за мяжу


Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў паабяцаў працягваць рэпрэсіі супраць беларусаў, якія пішуць крытычныя каментары ў інтэрнэце. Паводле яго, пакараюць нават тых, хто з’ехаў за мяжу.

Іван Кубракоў. Скрыншот з відэа АТН / YouTube

«Намі зацверджаны комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Мы працуем не толькі прафілактычна, але і ў аператыўным плане. Працуюць нашы падраздзяленні інтэрнет-разведкі. Калі вы заўважылі, асабліва ў пачатку электаральнай кампаніі спрабуюць недзе паўплываць менавіта на кіраўнікоў, на службовых асобаў.

Ёсць абразы, ёсць пагрозы. Але ўсе яны думаюць, што знаходзяцца за мяжой і іх адтуль дастаць немагчыма, і можна гэта рабіць. Насамрэч, сёння органы ўнутраных справаў дакументуюць кожны такі факт, мы распачынаем крымінальныя справы. За кожнае слова – усім давядзецца адказаць.

Рана ці позна, мы іх сюды даставім. Або яны прыедуць самі. Гэта я сцвярджаю ўпэўнена», – сказаў Іван Кубракоў у інтэрвю «Беларусь 1».

Што тычацца будучых выбараў, то Кубракоў зазначыў, што сілавікі зрабілі высновы з падзеяў 2020 году і цяпер зусім інакш забяспечваюць «бяспеку на выбарчых участках». «Тактыка і стратэгія ўжо выпрацаваны», – сказаў міністр.

Паводле Кубракова, кожны выбарчы ўчастак будзе абследаваны, паўсюль будуць устаноўлены кнопкі трывожнай сігналізацыі і сістэмы відэаназірання.

«Раскажу на прыкладзе Менску. Выдзелена спецыяльнае памяшканне, дзе будуць працаваць не менш як 50 чалавек. Кожны выбарчы ўчастак і прылеглая тэрыторыя будуць старанна кантралявацца. У выпадку найменшай небяспекі будуць замацаваныя групы хуткага рэагавання, якія будуць аказваць дапамогу супрацоўнікам, якія забяспечваюць ахову парадку. Таму сітуацыя знаходзіцца ў нас пад кантролем», – заявіў міністр.

Кубракоў паабяцаў, што паўтору 2020 году не будзе.

Інтэрв’ю
«Гэта выхаванне рабоў». Купалавец Ігар Сігоў пра псеўдапатрыятызм і вар’ятаў у пагонах
2023.12.05 13:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў