Ранкам 13 сакавіка 30 расейскіх ракетаў ударылі па Міжнародным цэнтры міратворчасці і бяспекі ў Явароўскім раёне за 50 кіламетраў ад Львова і за 15 кіламетраў ад мяжы з Польшчай, паведамляе Львоўская абласная вайсковая адміністрацыя.
Выбухі былі чутныя ў Львове. У горадзе гучаў сігнал паветранай трывогі, пасля чаго быў абвешаны адбой трывогі.
Паводле словаў кіраўніка Львоўскай вобласці Максіма Казіцкага, авіяўдар быў здзейснены паміж 3-й і 4-й гадзінамі раніцы. У выніку бамбавання 35 чалавек загінулі, 134 – траўмаваныя.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў назваў напад на палігон новым тэрарыстычным актам актам Расеі побач з мяжой з Еўразвязам і НАТО і заклікаў закрыць неба над Украінай.
Міжнародны цэнтр міратворчасці і бяспекі Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў ім. гетмана Пятра Сагайдачнага – вайсковы аб’ект, больш вядомы як Явароўскі вайсковы палігон, размешчаны за 50 кіламетраў ад Львова і 15 ад украінска-польскай мяжы. Пачынаючы з 2015 года на палігон прыязджаюць інструктары з ЗША для навучання ўкраінскіх вайскоўцаў.
Львоў з пачатку вайны стаў адным з галоўных гарадоў, куды ўкраінцы перасяляюцца ўнутры краіны – сюды пераехалі каля 200 тысячаў уцекачоў.
ГГ, belsat.eu