Ці пасінеюць пальцы Султана? Як у Турцыі пройдуць выбары прэзідэнта


У нядзелю, 14 траўня, у Турцыі пройдуць выбары: больш за 64 мільёны грамадзянаў краіны абіраюць кіраўніка дзяржавы. Эксперты адзначаюць важнасць гэтых выбараў: турэцкае грамадства абірае шлях паміж дэспатыяй і празаходняй дэмакратыяй, парламенцкай рэспублікай, што ў сваю чаргу паўплывае на фармат бяспекі Еўропы і Блізкага Усходу ў будучыні. Адметна, што ўпершыню за час кіравання Эрдагана апазіцыя мае рэальныя шанцы на перамогу.

Жанчына каля банэра з партрэтам Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Фота: DYLAN MARTINEZ / Reuters / Forum

Эрдаган: паўзучы аўтарытарызм з настальгіяй па Асманскай імперыі

Дзейсны прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган (Recep Tayyip Erdoğan), які мае мянушку Султан, застаецца ва ўладзе з 2003 года і рэпрэзентуе на гэтых выбарах кансерватыўны, клерыкальны лагер. Сваю праграму ён будуе на платформе ісламу і настальгіі па імперскай асманскай велічы, прасоўваючы кансерватыўную мадэль жыцця. За час кіравання Эрдагана ў Турцыі ўзмацнілася прэзідэнцкая ўлада і роля кіраўніка дзяржавы (пасля ўнесеных правак у канстытуцыю ў 2017 годзе Эрдаган атрымаў максімальныя, блізкія да неабмежаваных паўнамоцтвы), сістэматычна пераследавалася апазіцыя (многія апазіцыянеры апынуліся за кратамі, у вымушанай эміграцыі), перыядычна адбывалася парушэнне правоў нацыянальных меншасцяў, абмежаванне свабоды слова (95 % усіх медыяў належыць найбліжэйшаму асяроддзю Эрдагана, апошнім часам было заведзена вельмі шмат справаў за «абразу прэзідэнта» – людзі атрымлівалі тэрміны за тўіт). На міжнароднай арэне Турцыя сёння стала аўтаномным гульцом, які спрабуе трымацца ў рэгіёне сваёй лініі.

Эрдагана часта параўноўваюць з Ататуркам, ставяць іх партрэты побач на буйных імпрэзах. Кіраванне Эрдагана і ягонай партыі часам завуць рэваншам турэцкіх ісламістаў за ўсё XX стагоддзе.

Але, нягледзячы на аўтарытарызм, выбары ў Турцыі адыгрываюць важную ролю: людзі ўжо прывыклі да таго, што ў іх ёсць магчымасць уплываць на палітыку. Таму падчас выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты могуць выступаць па тэлебачанні, ладзіць мітынгі і крытыкаваць адзін аднаго.

Да апошняга часу турэцкае грамадства ў прынцыпе ўсё задавальняла. Аднак за апошнія гады кіравання Эрдагана Турцыя сутыкнулася з сурʼёзнымі эканамічнымі праблемамі, у прыватнасці, з інфляцыяй. Многія эксперты абвінавачваюць у гэтым асабіста прэзідэнта, які ўмешваўся ў палітыку Цэнтральнага банку Турцыі. Цэнтрабанк фактычна не мае аўтаноміі і прымае тыя рашэнні, якіх чакае ад яго прэзідэнт. Эрдагана таксама крытыкуюць за запозненую і недастаткова актыўную рэакцыю на разбуральны землятрус у лютым 2023 года, які забраў жыцці больш за 50 тысяч чалавек. Эрдаган сам прыйшоў да ўлады праз тры гады пасля разбуральнага землятрусу 17 жніўня 1999 года, дзе загінулі каля 20 тысяч чалавек. І галоўнае пытанне, якое паўстала цяпер, – ці ўсё было зроблена, каб пазбегчы катастрофы такіх маштабаў?

«Галоўны фактар на гэтых выбарах – эканоміка. У Турцыі даўно эканамічны крызіс, асабліва адчувальны за апошні год. Інфляцыя нават паводле афіцыйных звестак складае 83 % (рэкорд за апошнія 25 гадоў. – Заўв. аўт.), а рэальна – 137–140 %. Другі важны фактар – кепскае развязанне праблемаў пасля разбуральнага землятрусу ў 11 правінцыях. Улады не змаглі своечасова надаць дапамогу пацярпелым, асабліва за першыя 2–3 дні, калі можна было выратаваць тысячы людзей. У краіне прэзідэнцкая сістэма, а загаду Эрдагана ратаваць людзей у першы дні не было. Таму шмат хто загінуў», – кажа ў каментары «Белсату» Хакан Аксай, палітолаг, журналіст, эксперт у турэцка-расейскіх адносінах.

Апазіцыя: ісламісты, нацыяналісты, лібералы аб’ядналіся і маюць шанцы на поспех

Галоўны супернік Эрдагана на выбарах, дэпутат парламенту Кемаль Кылычдараглу (Kemal Kılıçdaroğlu) узначальвае альянс апазіцыйных партыяў. Паводле апошніх апытанняў ён можа набраць 49 % галасоў. Для перамогі ў першым туры выбараў яму трэба набраць 50 % галасоў. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ 50 %, то праз два тыдні, 28 траўня, адбудзецца другі тур выбараў.

Кемаль Кылычдараглу, кандыдат ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта Турцыі.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Кемалю Кылычдараглу 74 гады, апошнія 13 гадоў ён узначальвае найстарэйшую ў краіне апазіцыйную Рэспубліканскую народную партыю. На гэтых выбарах ён здолеў аб’яднаць у палітычнай барацьбе вельмі розныя сілы апазіцыі, стварыўшы так званую Народную кааліцыю з шасці партыяў: кемалісцкая Рэспубліканская народная партыя, створаная яшчэ Ататуркам, ісламісцкая Партыя ўдачы, правая нацыяналістычная «Добрая партыя», цэнтрысцкая Дэмакратычная партыя, Партыя будучыні і Партыя дэмакратыі і прарыву. То бок ісламісты, нацыяналісты, лібералы аб’ядналіся для галоўнай мэты – вярнуць Турцыі парламенцкую сістэму.

У сённяшняй апазіцыі ёсць вельмі яркія былыя прыхільнікі і паплечнікі Эрдагана. Напрыклад, былы прэмʼер-міністр і былы міністр замежных справаў Ахмэт Давутаглу (Ahmet Davutoğlu), які лічыцца архітэктарам  замежнай палітыкі Эрдагана. Ці Алі Бабаджан (Ali Babacan) – былы міністр фінансаў, былы міністр замежных справаў, былы віцэ-прэмʼер. Ён часта гаворыць аб некампетэнтнасці Эрдагана і ягоных людзей у пытаннях эканомікі.

Кылычдараглу ў выпадку перамогі абяцае змяніць канстытуцыю, каб Турцыя магла вярнуцца да парламенцкай сістэмы. Таксама лідар турэцкай апазіцыі абяцае змагацца за правы і свабоды, пазбавіцца ад карупцыі і кумаўства, пераарыентаваць замежную палітыку на Захад, каб развязаць рознагалоссі з саюзнікамі з NATO, адмовіцца ад палітыкі Эрдагана ў эканоміцы. Апазіцыя таксама абяцае выканаць рашэнні Еўрапейскага суда правоў чалавека і справаў палітвязняў. Сярод тых, хто можа выйсці на свабоду, сустаршыня Дэмакратычнай партыі народаў (ДПН) – асноўнай турэцкай партыі, якая адстойвае інтарэсы курдаў.

Абʼяднаная апазіцыя ў праграме заявіла, што возьме курс на ўступленне ў Еўразвяз і паляпшэнне стасункаў з ЗША. Апазіцыя крытыкуе Эрдагана за даволі эксцэнтрычныя паводзіны з краінамі Захаду і настойвае на тым, што яна хоча развязаць усе пытанні шляхам дыялогу, настаўленая на канструктыў з краінамі NATO. Напрыклад, што датычыць далучэння Швецыі да NATO: калі апазіцыя пераможа, гэтае пытанне будзе вельмі хутка пераадоленае. Дакладнага плану адносінаў з Расеяй у праграме апазіцыі няма, аднак за апошнія тыдні Кылычдараглу зрабіў некалькі заяваў пра тое, што апазіцыя настаўленая на развіццё адносінаў з Масквой.

Кемаль Кылычдараглу, кандыдат ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта Турцыі.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«Кемаля Кылычдараглу бачаць як спакойнага кампраміснага лідара. Ён з характару вельмі спакойны, ніколі не крычыць, не абражае апанентаў. Яму ўдалося стварыць арыгінальны механізм супрацы сярод многіх апазіцыйных сілаў. Упершыню гэты механізм быў зрэалізаваны на мясцовых выбарах 2019 года, калі апазіцыя перамагла практычна ва ўсіх буйных гарадах. Цяпер гаворка ідзе пра яшчэ больш шчыльны саюз. Акрамя гэтага, Кылычдараглу супрацоўнічае з яшчэ адной сілай – так званым трэцім блокам курдскай партыі сацыялістаў. У іх таксама нямала прыхільнікаў – 10–13 %. І калі не ў першым туры, то ў другім апазіцыя рэальна можа перамагчы. Сёння апазіцыя моцная як ніколі, а Эрдаган – слабы як ніколі», – адзначае Хакан Аксай.

Сярод прыхільнікаў апазіцыйнага лідара называюць моладзь, якая заўжды прагне пераменаў. Кылычдараглу ўдалося здабыць у яе папулярнасць – дзякуючы актыўнаму выкарыстанню сацсетак, у прыватнасці TikTok. Таксама апазіцыя робіць стаўку на туркаў, якія жывуць за мяжой і якім звычайна ўласцівыя ліберальныя погляды.

Лёсавызначальная барацьба паміж ісламісцкай і свецкай Турцыяй

«Цяпер Эрдаган максімальна выкарыстоўвае ўвесь адміністрацыйны рэсурс, СМІ. Ён спрабуе падкупіць выбарнікаў, выкарыстоўваючы розныя нагоды і метады. Напрыклад, ён абяцаў грамадзянам Турцыі даваць бясплатны газ цягам года. Жыхары буйных гарадоў плацяць вялікія сумы за ЖКГ, таму такая прапанова была сустрэтая пазітыўна. Ці, напрыклад, Эрдаган казаў, што зарплаты дзяржслужбоўцам будуць паднятыя на 45 %. Аднак большасць жыхароў вялікіх гарадоў, дзе жывуць свецкія людзі, супраць палітыкі ўзурпацыі ўлады Эрдаганам. Нават ва ўладнай Партыі справядлівасці і развіцця адбыўся раскол, калі шэраг яе дзеячаў выказаліся супраць Эрдагана і падтрымалі апазіцыю», – кажа ў размове з «Белсатам» палітолаг і эксперт у пытаннях Блізкага Усходу Дзмітрый Брыджэ.

З ягоных словаў, цяпер адбываецца жорсткая палітычная канкурэнцыя паміж альянсам ісламістаў і нацыяналістаў Эрдагана і альянсам апазіцыі. Гэтая барацьба паміж ісламісцкай і свецкай Турцыяй будзе вызначаць будучыню краіны і ўплываць на ўвесь рэгіён.

«Ты ці галасуеш за апазіцыю, бо свецкі, ці за Эрдагана, калі за палітычны іслам. Рэлігійны погляды вельмі ўплываюць на выбар. Гэтая барацьба выбухованебяспечная, у Турцыі былі ўжо на такой глебе сутыкненні, спробы перавароту. І зараз перамены могуць прывесці да грамадзянскай вайны. Калі да ўлады прыйдзе апазіцыя, не вядома, як яна будзе рэагаваць на партыі палітычнага ісламу. Кылычдароглу шмат хто крытыкуе, кажуць, ён не зможа выйграць, бо ён аляўіт і мае персідскія карані – з Ірану. У Турцыі ж большасць жыхароў – суніты. З іншага боку, шмат хто не хоча галасаваць за Эрдагана, які шмат гадоў ва ўладзе, укараніў сваіх сваякоў у дзяржаўныя структуры і кантралюе эканамічны бок Турцыі. Ад яго стаміліся», – адзначае Дзмітрый Брыджэ.

Ён узгадвае, што Эрдаган падчас свайго кіравання рэалізаваў многія буйныя праекты: аэрапорт Стамбулу, нафтагазавы хаб, будаўніцтва новых гарадоў для людзей, якія згубілі сваё жытло падчас землятрусу.

«Эрдаган – чалавек маштабных праектаў, і ў выпадку яго паразы многія праекты не будуць рэалізаваныя. Напрыклад, цюркскі альянс – аб’яднанне з Азербайджанам, праект датычны Блізкага Усходу – збліжэнне з многімі мусульманскімі краінамі. Кемаля Кылычдараглу многія разглядаюць як пазітыўнага дзеяча, які хоча змяніць сітуацыю ў краіне, каб Турцыя стала дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай, каб у дзяржаве паважалі грамадзянаў і іх свабоды. Гэта ў прыярытэце ў буйных гарадах – Стамбул, Анкара, Аланья. Апазіцыйным настроям спрыяюць рост коштаў і беспрацоўя ў краіне, а таксама што Эрдаган узурпаваў уладу – людзі хочуць новага лідара, пераменаў. Рэгіёны ж больш падтрымваюць Эрдагана, бо там больш кансерватыўнае рэлігійнае антызаходняе грамадства. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць галасаваць рэгіёны. Яны галасуюць за свае перакананні, незалежна ад таго, што правільна ці няправільна зрабіў Эрдаган», – разважае эксперт.

Рэджэп Таіп Эрдаган – прэзідэнт Турцыі.
Фота: DYLAN MARTINEZ / Reuters / Forum

Перамагчы на выбарах мала. Трэба адстаяць перамогу

Але перамагчы на выбарах – для апазіцыі гэта толькі палова справы. Эксперты не выключаюць, што калі Эрдаган прайграе, можа пайсці на ўвядзенне надзвычайнага становішча. Міністр унутраных справаў Турцыі заявіў пра магчымую «спробу дзяржаўнага перавароту, за якім стаяць агенты Захаду». Для перадухілення такой спробы прыведзеныя ў стан падвышанай гатовасці 600 000 салдатаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама ў выпадку паразы Эрдаган можа вывесці на вуліцы сотні тысяч сваіх прыхільнікаў і патрабаваць пераліку галасоў – і нават перавыбараў.

«Многія асцерагаюцца, што дзейсная ўлада, калі не пераможа ў першым туры, можа шмат што нарабіць перад другім турам. Напрыклад, арганізаваць напады на прадстаўнікоў апазіцыі. Падобныя выпады, славесныя і фізічныя, былі ў часе перадвыбарнай барацьбы», – кажа Хакан Аксай.

Таксама эксперты кажуць, што Эрдаган можа пайсці на правакацыі на турэцка-сірыйскай мяжы і ўвесці ваеннае становішча. Паводле Канстытуцыі Турцыі, ваеннае становішча – адзіная прычына для пераносу або адмены выбараў. Эрдаган, на думку экспертаў, будзе спрабаваць чапляцца за ўладу да апошняга. Але калі інстытуты дзяржавы стануць на бок апазіцыі, яму прыйдзецца прызнаць паразу.

Людзі на дэманстрацыі падтрымання прэзідэнта Турцыі Эрдагана напярэдадні выбараў 14 траўня. Стамбул, Турцыя.
Фота: DYLAN MARTINEZ / Reuters / Forum

Параза ж апазіцыі развяжа рукі Эрдагану. Хоць і маючы ўжо суперпрэзідэнцкія паўнамоцтвы, ён плануе прыняць новую Канстытуцыю ўзамен дзейнай. Эксперты канстатуюць, што новы дакумент будзе яшчэ больш прэзідэнцкім, з яшчэ больш шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы. У такім выпадку Турцыя рызыкуе ператварыцца ў дэспатыю.

У выпадку перамогі апазіцыі стануць відавочнымі шматлікія рознагалоссі і супярэчнасці ў яе колах. Пачнуцца спрэчкі, дэбаты, напрыклад, аб эканамічных рэформах, аб ролі ісламу ў грамадстве, аб адносінах з Расеяй і з NATO. Пераходны перыяд, паводле ацэнкі экспертаў, будзе вельмі цяжкім і зойме да двух гадоў. Разам з тым, такая перамога натхніць людзей па ўсім свеце. Гэта будзе ўзор таго, як шматгадовага аўтакрата шляхам выбараў можна зрушыць з пасады.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў