Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 13 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Сваякі і вайскоўцы на адпяванні грузінскага добраахвотніка з украінскага батальёну «Кіеўская Русь» Эдышэра Кварацхелія. Кіеў, Украіна. 13 кастрычніка 2022 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Паводле інфармацыі з розных крыніцаў, цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягвалі атакаваць пазіцыі расейскай арміі на паўночным-усходзе Харкаўскай вобласці. Так, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што 12 кастрычніка ЗСУ прасунуліся да ваколіцаў сяла Вільшанка ў Купянскім раёне і замацавалі свае пазіцыі ў Дварычным, а таксама наступалі на Кіслоўку, Табаеўку і Арлянку. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што 13 кастрычніка ўкраінскія сілы наступалі па лініі населеных пунктаў Кіслоўка – Першатраўневае, а таксама намагаліся замацавацца ў ваколіцах Катляроўкі.

На поўначы Данецкай вобласці ЗСУ спрабавалі фарсіраваць раку Жарабец і заняць населеныя пункты Стэльмахаўка і Розаўка, але, паводле прарасейскіх крыніцаў, войскі РФ адбілі атаку.

Разам з тым дакладна ацаніць сітуацыю на фронце паміж Ліманам і Крэмінной складана, паколькі ўкраінскі бок яе амаль не каментуе, а расейскія крыніцы супярэчаць самі сабе. Так, яшчэ два дні таму былі паведамленні пра расейскі кантроль над населенымі пунктамі Торскае і Церны, цяпер «Рыбарь» гаворыць, што ЗСУ знаходзяцца ў ваколіцах гэтых населеных пунктаў. Пры гэтым інтэрактыўная карта ISW фіксуе ўкраінскі кантроль над Торскім і Цернамі. Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё расейскай атакі на сяло Новасадовае, якому расейскія крыніцы таксама прыпісвалі свой кантроль.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў цэнтральнай частцы Данецкай вобласці. 13 кастрычніка прарасейскія крыніцы заявілі пра захоп вагнераўцамі Вопытнага і Іванграду, але неўзабаве кіраўнік ПВК Яўген Прыгожын абверг гэтую інфармацыю, сказаўшы, што Вопытнае кантралююць ЗСУ, а Іванград быў захоплены яшчэ два дні таму. Пры гэтым Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што цягам содняў украінскія вайскоўцы адбілі расейскія атакі на Іванград, а таксама на населеныя пункты БахмутБахмуцкаеАзаранаўка і Мар’інка.

Пра наземныя аперацыі ў Запарожскай вобласці Генштабы Украіны і Расеі нічога не паведамляюць, але ўкраінскае камандаванне адзначае абстрэлы сваіх пазіцыяў.

Аналітыкі ISW адзначаюць атакі ЗСУ ў паўночна-заходняй частцы Херсонскай вобласці ў кірунку Мылавога, Ішчанкі і Кастромкі. «Рыбарь» піша, што 13 кастрычніка ўкраінцы наступалі на Баразенскае і Бязводнае, а расейскія вайскоўцы – на Сухі Ставок. Паветранае камандаванне «Південь» пацвярджае атаку на Сухі Ставок, а таксама піша пра атаку расейцаў на Кастромку.

Выведка Вялікай Брытаніі піша, што расейскія вайскоўцы спрабуюць умацаваць свае пазіцыі ў ваколіцах Мылавога, але гэта наўрад ці дапаможа стрымаць ЗСУ, паколькі цяпер застаецца аголеным іншы фланг – з боку ракі Інгулец. Паводле брытанцаў, цяпер войскі РФ рыхтуюцца да абароны Херсону.

Генштаб ЗСУ падсумоўвае, што за содні войскі РФ страцілі каля 420 чалавек асабовага складу.

Таксама 13 кастрычніка адбыўся чарговы абмен палоннымі ў фармаце 20 на 20, у выніку якога дамоў вярнуліся 14 байцоў ЗСУ, 4 – тэрабароны, адзін нацгвардзеец і адзін вайсковец ВМС. Абмен пацвердзіла і Міністэрства абароны РФ.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў