Украіна ўвяла персанальныя санкцыі супраць некалькіх беларускіх прапагандыстаў


На сайце прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага апублікаваны ўказ аб увядзенні персанальных санкцый супраць амаль 200 артыстаў, блогераў, прапагандыстаў з Расеі і Беларусі. Санкцыі ўводзяцца за падтрымку імі вайны і негатыўнае выказванне на адрас Украіны.

Пад украінскія санкцыі патрапілі беларускія прапагандысты Ігар Тур, Рыгор Азаронак, Аляксандр Шпакоўскі і гендырэктар СТВ Аляксандр Асенка. Разам з імі ў спісе і расейскія дзеячы культуры і медыя, а таксама некалькі ўкраінцаў – усяго 198 чалавек.

Сярод расейцаў у спіс занесены блогер і публіцыст Дзмітрый Пучкоў (Goblin), генпрадзюсер расейскага тэлеканалу «Звязда» Барыс Яноўскі, спявак Юрый Лаза, рэжысёр Андрэй Канчалоўскі, палітык Сяргей Станкевіч, журналіст і галоўны рэдактар інфармагенцтва «Baltnews» Андрэй Старыкаў, ваенкор і аўтар праекту «WarGonzo» Сямён Пегоў.

Сярод украінцаў пад санкцыі трапілі Дзяніс Грыгарук, які цяпер працуе карэспандэнтам у «Аналітычнай службе Данбасу»; тэлевядоўца і прапагандыстка Дыяна Панчанка, якая працуе цяпер на Данбасе; палітолаг Васіль Вакараў; пісьменнік Уладзімір Сергіенка, грамадзянін Украіны, які жыве ў Нямеччыне.

Таксама ў спісе ёсць прапагандыстка з грамадзянствам Бельгіі – Анастасія Папова. Яна карэспандэнт ВГТРК у Бельгіі, мае яшчэ і расейскае грамадзянства.

Сярод мер, якія прыняты супраць гэтых асоб, – блакіроўка актываў, поўнае спыненне камерцыйных аперацый, спыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязкаў, спыненне культурных абменаў, навуковага супрацоўніцтва, адукацыйных і спартыўных кантактаў, забаўляльных праграм, пазбаўленне дзяржаўных узнагарод Украіны.

Поўны пакет персанальных санкцый уводзіцца тэрмінам на 10 год. МЗС Украіны павінна праінфармаваць аб санкцыях партнёраў з ЕЗ і ЗША і заклікаць іх увесці аналагічныя абмежаванні, гаворыцца ва ўказе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў