Ледзь жывая «Белавія» і імідж Кадафі. Што яшчэ дало рэжыму затрыманне Пратасевіча


У Менску 16 лютага пачаўся суд над Раманам Пратасевічам – журналістам і блогерам, якога прадстаўнікі рэжыму затрымалі ў траўні 2021 года, адмыслова пасадзіўшы ў Менску самалёт. З нагоды пачатку працэсу карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, ці сапраўды асоба блогера была настолькі важнаю, каб дзеля ягонага арышту пазбавіць будучыні авіяцыйную галіну краіны.

Менскі абласны суд 16 лютага пачаў разбіраць крымінальную справу, заведзеную ў дачыненні стваральнікаў і рэдактараў праекту «Nexta». Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць у межах так званага «спецыяльнага вядзення», бо яны знаходзяцца за межамі краіны. Фізічна ў працэсе ўдзельнічае толькі Раман Пратасевіч.
Фота: Віталь Піваварчык / belta.by

Рамана Пратасевіча затрымалі 23 траўня 2021 года ў выніку захопу ўладамі Беларусі пасажырскага самалёта ірландскай кампаніі «Ryanair», што ляцеў праз Беларусь з Грэцыі ў Літву. Разам з ім затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Спачатку Пратасевіча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Потым ён з’явіўся ў эфіры тэлеканалу ОНТ і агулам далучыўся да прапагандысцкага кола. У чэрвені 2021 года яго перавялі пад хатні арышт, бо «выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацы ў поўным аб’ёме».

Раман даваў інтэрвʼю прапагандысцкім СМІ і дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы з «Nexta» ў 2020 годзе, сведчыў на палітычных судах. І нават запусціў у зняволенні новы медыяпраект.

Цяпер Пратасевіча пачалі судзіць за пратэсты 2020 года. Яго вінавацяць паводле сямі крымінальных артыкулаў. Сам журналіст прызнаў віну ў поўным абʼёме. Разам з ім судзяць іншых кіраўнікоў і стваральнікаў «Nexta» – Сцяпана Пуцілу (паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу) і Яна Рудзіка (паводле 10 артыкулаў КК). І Пуціла, і Рудзік – за мяжою, таму ў дачыненні іх прысуд вынесуць завочна.

Затрыманую з Пратасевічам Соф’ю Сапегу яшчэ 6 траўня 2022 года пакаралі шасцю гадамі зняволення. У памілаванні ёй адмовілі. Сам жа Пратасевіч за гэты час паспеў ажаніцца з іншай.

Артыкулы
Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію…
2022.05.23 18:28

Колькі каштуе «паветранае пірацтва»

Ці паўплывае прызнанне і супраца Пратасевіча з рэжымам на тэрмін, што вынесуць яму, пакуль невядома. Тым не менш ужо можна зрабіць пэўныя высновы адносна таго, чаго каштаваў рэжыму ягоны арышт.

Амаль адразу пасля пасадкі самалёта ў Менску кіраўніцтва кампаніі «Ryanair» і прадстаўнікі заходніх урадаў абвінавацілі прадстаўнікоў рэжыму ў «паветраным пірацтве». Хоць тыя і спрабавалі даказаць рэальнасць пагрозы, што нібыта зыходзіла ад палестынскага «Хамасу». Аднак, як паказала следства, усёй гэтай аперацыяй беспасярэдне ў нацыянальным аэрапорце кіравалі супрацоўнікі КДБ.

Дый самыя прадстаўнікі рэжыму спачатку адкрыта радаваліся затрыманню Пратасевіча. Гэтак, дэпутат Алег Гайдукевіч пісаў, што «добра спрацавалі спецслужбы», а кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку «ды іншых можна затрымаць і на тэрыторыі іншых дзяржаваў і прывозіць сюды ў багажніку».

Самалёт «Ryanair».
Фота: Shutterstock / Rebius

Неўзабаве пасля пасадкі самалёта Еўразвяз забараніў палёты на сваю тэрыторыю беларускіх авіякампаніяў, а таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавознікам не лятаць над паветранаю прастораю Беларусі. Да паветраных санкцыяў далучыліся таксама Вялікая Брытанія, Сербія, Украіна ды некаторыя іншыя краіны, што не ўваходзяць у Еўразвяз.

Але толькі паветранымі санкцыямі справа не абмежавалася. Ужо 21 чэрвеня 2021 года ў дачыненні Менску былі ўведзеныя новыя абмежаванні, у тым ліку «за незаконную прымусовую пасадку ўнутрыеўрапейскага рэйсу «Ryanair». Беспасярэдне за гэта былі пакараныя Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства аэранавігацыйнага абслугоўвання паветранага руху «Белаэранавігацыя», міністр абароны Віктар Хрэнін, камандуючы ВПС Ігар Голуб і ягоны падначалены Андрэй Гурцэвіч, кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чура, міністр транспарту Аляксей Аўраменка, дырэктар авіяцыйнага дэпартаменту Арцём Сікорскі і дэпутат Гайдукевіч.

24 чэрвеня былі ўведзеныя ўжо сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі, якія таксама тлумачыліся прымусоваю пасадкаю самалёта. Забараняўся экспарт у Беларусь абсталявання, тэхналогіяў або праграмнага забеспячэння, асноўнае прызначэнне якіх – маніторынг або перахоп тэлефонных ды інтэрнэт-камунікацыяў, а таксама тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання. Абмяжоўваўся гандаль нафтапрадуктамі, хларыдам калію і таварамі, неабходнымі для вытворчасці тытунёвых вырабаў.

У адказ на тое, што прапаганда адмыслова паказвала ў тэлебачанні прызнанні Пратасевіча, 28 траўня 2021 года Еўрапейскі трансляцыйны звяз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкаманіі, бо быў «асабліва ўстрывожаны трансляцыяй інтэрвʼю, відавочна атрыманага пад прымусам». Гэта пазбавіла кампанію права трансляваць розныя падзеі, санкцыянаваныя звязам. 1 ліпеня Беларусь выключылі з арганізацыі.

Таксама ў шэрагу краінаў пачалі крымінальныя расследаванні справы пра пасадку самалёта ў Менску.

Страты на сотні мільёнаў долараў

Пра аб’ём шкоды, нанесенай рэжымам самому сабе ў выніку пасадкі самалёта, паведаміў у чэрвені 2021 года намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак:

«У цэлым у авіяцыйнай галіне штомесячныя эканамічныя страты, звязаныя з санкцыямі, ацэньваюцца на ўзроўні $ 10,3 мільёна».

У лістападзе пазамінулага года кіраўнік дэпартаменту авіяцыі Мінтрансу Арцём Сікорскі ацаніў упушчаную выгаду цывільнай авіяцыі ад уведзеных санкцыяў прыкладна на ўзроўні $10 млн за месяц – «гэта звязана і з аблётам, і са стратаю рынку». Таксама, паводле яго, «ёсць пытанне стратаў ад санкцыяў, звязанае з дзейнасцю аэрапорту і з «Белаэранавігацыяй», бо ў іх упаў трафік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Гэтак, чвэрць стратаў прыпадала на «Белаэранавігацыю», бо 25 % працы кампаніі прыходзілася на еўрапейскія кампаніі. Праўда, у самым пачатку той жа Сікорскі адносна санкцыяў казаў, што «быццам непрыемна і грэбліва, але не баліць».

У любым разе, калі верыць названым лічбам, страты Беларусі ад жадання затрымаць Пратасевіча з траўня 2021 года ўжо перавысілі сама мала $ 200 млн.

Hавiны
«Белавія» засталася без самалётаў і можа лётаць толькі ў 7 краінаў свету. Што чакае нацыянальнага авіяперавозніка
2022.03.28 09:30

Пра тое, што справы значна пагоршыліся, можна меркаваць і паводле статыстыкі «Белавіі». Яшчэ ўвосень 2021 года агульны парк кампаніі складаў 29 самалётаў. У снежні кампанія рапартавала, што засталося толькі 15 летакоў, бо лізінгавыя самалёты давялося вярнуць. Затым на сайце кампаніі прыбралі інфармацыю пра паветраны парк. Але з адкрытых крыніцаў вядома, што флот кампаніі складае ўсяго 13 самалётаў. Век некаторых з іх набліжаецца да 30 гадоў. Дый выбар варыянтаў, куды цяпер можа лятаць кампанія, не такі і вялікі: Расея, краіны Каўказу і некаторыя краіны Азіі.

Забараняліся і пастаўкі абсталявання для беларускіх самалётаў. У пачатку лютага 2023 года стала вядома, што Турцыя спыняе тэхнічнае абслугоўванне самалётаў «Boeing» і «Airbus» з Беларусі.

Улады Беларусі неаднаразова абяцалі падаць судовыя пазовы за ўведзеныя санкцыі. Але ў здавальненні іх было адмоўлена. Напрыклад, 15 лютага 2023 года, напярэдадні працэсу над Пратасевічам, суд Еўрапейскага Звязу адхіліў пазоў «Белаэранавігацыі», бо «прыняцце і захаванне абмежавальных захадаў у дачыненні пазоўніка было апраўданае».

Вораг стаўся прапагандыстам

Разам з тым затрыманне Пратасевіча мела і прапагандысцкую карысць для рэжыму, лічыць Вадзім Мажэйка, каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение». Напрыклад, заявіў ён у каментары «Белсату», гэта мела моцны дэматывавальны эфект для шмат якіх актывістаў, якія «пабачылі, што цябе можна захапіць за межамі Беларусі».

«Адчуванне пагрозы дадало чакання, што рэжым можа пайсці на асіметрычныя нечаканыя крокі», – сказаў аналітык.

Таксама, на думку Мажэйкі, негатыўна ўплывае на грамадства прапагандысцкае выкарыстанне Пратасевіча, які, як раней Юрый Васкрасенскі, з ворага рэжыму стаўся ягоным прапагандыстам.

Трэцяю карысцю для рэжыму сталася інфармацыя, якую атрымалі сілавікі з тэлефонаў Пратасевіча і Сапегі. У прыватнасці, сказаў суразмоўца, дзякуючы гэтаму маглі затрымаць палітолагаў Таццяну Кузіну і Валерыю Касцюгову.

Менскі абласны суд 16 лютага пачаў разбіраць крымінальную справу, заведзеную ў дачыненні стваральнікаў і рэдактараў праекту «Nexta». Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць у межах так званага «спецыяльнага вядзення», бо яны знаходзяцца за межамі краіны. Фізічна ў працэсе ўдзельнічае толькі Раман Пратасевіч.
Фота: Віталь Піваварчык / belta.by

«Сілавікі пабачылі тыя чаты, якія не мусілі бачыць, і пэўную інфармацыю з тэхнікі выкалупалі. І мы да канца не ведаем, што яшчэ яны захапілі», – адзначыў суразмоўца.

Ледзь не забілі «Белавію»

Але, на думку Мажэйкі, усе прапагандысцкія плюсы для рэжыму не адмяняюць тых велічэзных мінусаў, якія атрымаліся: новыя санкцыі і эканамічныя страты ад іх.

«Моцныя санкцыі былі ўведзеныя акурат пасля захопу самалёта, калі рэжым стаўся пагрозаю не толькі для сваіх грамадзянаў, але і для ўсяго свету», – нагадаў аналітык.

Мажэйка адзначыў, што Беларусь панесла і вялікія іміджавыя страты, ператварыўшыся ў «нешта падобнае да рэжымаў Садама Хусэйна ці Муамара Кадафі, якія не грэбуюць авіяцыйным тэрарызмам»:

«Гэта быў моцны ўдар, якога рэжым не пралічыў. У рэшце гэта ўсё забіла нармальнае існаванне авіякампаніі «Белавія», якая была не найгоршаю часткаю беларускай эканомікі».

Што датычыць будучыні самога Пратасевіча, то яго, на думку суразмоўцы, хутчэй за ўсё, асудзяць на ўмоўны тэрмін ці «хатнюю хімію», на якой ён ужо фактычна застаецца. У любым выпадку з Беларусі яго не выпусцяць і волі яму не дадуць, заключыў эксперт.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў