DW зрабіў рэпартаж з беларуска-польскай мяжы, дзе ў цяжкіх умовах, без ежы і грошай, знаходзяцца мігранты з Блізкага Усходу.
Маладая жанчына Неда і яе муж Абузар перайшлі на польскую тэрыторыю дзесяць дзён таму – яны разлічвалі праз Польшчу трапіць у Нямеччыну. Але замест гэтага памежнікі Польшчы і Беларусі перанакіроўвалі іх то на адзін бок мяжы, то на іншы. Пару дзён таму Неду і Абузара чарговы раз выштурхнулі з тэрыторыі Беларусі.
«Беларускія паліцэйскія забралі ў нас грошы на куплю ежы і SIM-карткі, але так нічога нам і не прынеслі», – кажа Абузар. Затым, паводле ягоных словаў, сілавікі спустошылі іх кішэні і ноччу сілай адвезлі да польскай мяжы. З тых часоў пара застаецца пад дрэвам у памежнай зоне – ім больш няма куды ісці.
Неда распавяла журналістам, што ў гэтых цяжкіх умовах страціла сваё ненароджанае дзіця. «Тыдзень таму я страціла прытомнасць, страціла шмат крыві і ў выніку пазбавілася дзіцяці», – кажа яна.
Абузару і Недзе дапамаглі польскія валанцёры: яны прывезлі ім цёплыя рэчы і выклікалі памежнікаў, якія забралі мігрантаў.
Валанцёры кажуць, што ўцекачы часта не могуць нават купіць сабе ежу і вымушаны піць ваду з лужын у лесе.
ІІ belsat.eu