Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі заявіў, што спадзяецца на няўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
«Я спадзяюся, што [Беларусь. – Заўвага рэд. Belsat.eu] не ўступіць у вайну. Калі гэта адбудзецца, мы будзем змагацца і выжывем», – сказаў Зяленскі.
Палітык таксама назваў «велізарнаю памылкаю», калі Беларусь дазволіць Расеі выкарыстаць сваю тэрыторыю для новага нападу.
На прэс-канферэнцыі 16 лютага Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Беларусь гатовая ўступіць у вайну ва Украіне разам з расейскімі войскамі. Гэта здарыцца, калі «адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей».
«Я гатовы разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны ўчыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар», – сказаў Лукашэнка, удакладніўшы, што гэта датычыць не толькі Украіны, але і іншых суседзяў.
Пры гэтым дыктатар адзначыў, што Беларусь «ні ў якім разе не збіраецца ўводзіць сваіх войскаў на тэрыторыю Украіны».
Якуб Хруст belsat.eu