Дудар Дзяніс Шматко: дуда натхняе і гучыць па-ваярску


Ужо год, як кіраўнік музычнага гурта «Lity Taler» дудар Дзяніс Шматко з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён стварае ў Варшаве школу, у якой будзе вучыць дарослых граць на дудзе. «Белсат» пагутарыў з музыкам пра ягоныя планы і ролю дуды ў беларускім пратэсце.

Дудар Дзяніс Шматко. Варшава, Польшча. 30 чэрвеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

– Дзянісе, раскажы крыху пра сябе. Адкуль пачалося тваё захапленне музыкай?

– Я нарадзіўся ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці. Калі мне было тры гады, сям’я пераехала ў Менск. Вучыўся ў Аўтамеханічным каледжы, дзе атрымаў прафесію тэхніка-механіка па рамонце аўта. Музыкай захапляўся з дзяцінства, але ў музычнай школе сказалі, што ў мяне крывыя пальцы і я не здольны буду граць на гітары (а мне вельмі хацелася). Але галоўнае – гэта жаданне! Цяпер я граю шмат на якіх інструментах. Сярэднявечнай ды фолкавай музыкай займаюся з 2011 года.

– Як ты апынуўся ў Варшаве?

– Мы гралі падчас маршаў. Пасля затрымання гурта «Irdorath» прыйшло разуменне, што наступнымі можам быць мы, таму 4 жніўня 2021 года мы сабралі свае торбы ды выехалі спачатку ва Украіну, а праз паўтара месяца пераехалі адтуль у Польшчу.

Як прыйшла ідэя стварыць школу?

– Ідэя ўзнікла з таго, што калі ў Беларусі я граў на дудзе ў публічных, грамадскіх месцах, да мяне падыходзілі людзі і пыталіся, на чым я граю, яны казалі, што гэта так крута і трэба далей гэтым займацца. Такіх людзей з цягам часу з’яўлялася ўсё больш. Як у песні гурта «Дзецюкі»: «Але толькі пачую, як грае дуда, ува мне прачынаецца змагар і ваяр. Ува мне закіпае продкава кроў, я па-сапраўднаму жыць пачынаю зноў».

Дзяніс Шматко.
Фота: Сельхуда / Белсат

 Але ж ты не ў Беларусі. Чаму, пераехаўшы у Варшаву, ты не адмовіўся ад такіх планаў?

– Па-першае, тут таксама падыходзяць людзі, адзначаюць, што класна граю, і адразу запытваюцца, дзе можна гэтаму навучыцца, а я адказваю, што магу навучыць! Па-другое, я разглядаю гэта як магчымасць захаваць традыцыі. Калі людзі выязджаюць у часовую ці сталую эміграцыю, яны пачынаюць растварацца ў межах той краіны, дзе яны жывуць. Вывучаюць новую мову, павадкі, заводзяць новыя звычкі. Некаторыя толькі памятаюць, што ў яго быў калісьці беларускі пашпарт, і на гэтым усё. Каб не даць гэтаму адбыцца, надумаў зрабіць хоць што-небудзь з таго, што ўмею рабіць – граць на дудзе, займацца захаваннем традыцыі. Калі я граю на дудзе на ўсялякіх імпрэзах, то бачу ў вачах людзей гонар за тое, што яны беларусы, бо суайчыннікі адчуваюць сваю культуру і робяць сваю музыку, танцы.

Хто будзе навучацца у школе – дзеці ці дарослыя?

– Спачатку буду працаваць з дарослымі, бо не маю досведу працы з дзецьмі. Я спрабаваў працаваць з адным дзіцём і зразумеў, што трываласці мне хопіць, але досведу працы – не. Разумею, што дзецям гэта цікава, але я да гэтага яшчэ не гатовы. Першы год школкі – толькі дарослыя, бо з імі можна дамовіцца. Мяркую, што падчас гэтага эксперыментальнага перыяду атрымаю досвед як выкладчык.

Дзяніс Шматко.
Фота: Сельхуда / Белсат

– Калі пачнуцца заняткі? Ці шмат у школе будзе вучняў?

– Вучыцца пачнем у верасні. Планую ўзяцца навучаць максімум шэсць вучняў і адзін праз онлайн, каб атрымаць досвед выкладання праз «Zoom». Заняткі будуць праходзіць на базе Беларускага хабу, але гэта ўсё ўмоўна, бо калі цёплае надвор’е, можна выйсці на бераг ракі і граць на прыродзе. Першым выніковым экзаменам для маіх вучняў будуць Каляды. Абярэм як мінімум тры каманды з нашай школкі і пойдзем у розныя бакі калядаваць па Варшаве. Зробім маскі, пашыем строй і разам са спевакамі, казой і мядзведзем пойдзем па замовах. Найлепшай адзнакай за выніковую працу будзе самы вялікі мех.

Ці існуюць падручнікі па дудзе?

– Так, існуюць (дастае з шафы дзясятак кніг і паказвае). Вось гэта пра сярэднявечную музыку, а вось гэта ўжо больш позняя, а падручнік па дудзе – вось! Калісьці мы гэтую кнігу выпускалі, я дапамагаў, пісаў асобны артыкул, у якім распавядаецца пра эмоцыю, традыцыю, як настроіць пішчыкі і граць простыя мелодыі. Распачаў збіраць матэрыялы для гэтага выдання Зміцер Сасноўскі, а потым запрасіў розных музыкаў, каб яны напісалі свае матэрыялы, якія лічаць неабходным дадаць.

Дзяніс Шматко паказвае кнігі па дудзе.
Фота: Сельхуда / Белсат

– Ці шмат дудароў у Беларусі, ці можна казаць пра недахоп і неабходнасць папулярызацыі?

– Гадоў 5–7 таму, можа, і быў недахоп, а цяпер не адчуваю яго. Адзін з майстроў, які робіць класныя дуды, – Дзяніс Сухі, ён кожную сваю дуду нумаруе і іх ужо каля 250 штук, якія зрабіў толькі адзін чалавек. Усяго ёсць 7 майстроў. На маё меркаванне, цяпер існуе каля 1000 інструментаў, і адпаведна 1000 чалавек у свеце, якія пастаянна граюць. Напрыклад, у мяне 7 дудаў і я псую статыстыку, але калі запрацуе школка, то яшчэ і падыму яе. Дуду адраджалі-адраджалі і адрадзілі. Шмат дзе яна гучыць, шмат у якіх праектах, засталося толькі працягваць традыцыю. Трэба даносіць людзям, што гэта не нешта далёкае, а гэтае тое, што нашае, сучаснае, як скрыпка. Граючы раней, хацелася апрануць строй сярэднявечны, народны, а цяпер хочацца выглядаць па-простаму, як сучасны чалавек.

У якіх праектах ты ўдзельнічаеш са сваім інструментам?

– Зразумела, што граю ў сваім праекце «LITYTALER» сярэднявечную музыку. Таксама цяпер на мяне найшла хваля такіх праектаў, дзе даводзіцца працаваць з гітарамі. І гэта цікава! Граю ў «Dzieciuki» (панк-рок), запісваліся з «Tyapin Crew» (рэп-кор), супраца з Варшаўскім вольным аркестрам – і паўсюль дуда запатрабаваная. Вольга Падгайская, беларуская кампазітарка, напісала сучасны твор «Двое ў чужым сне» адмыслова пад дзве дуды. Спрабуем працаваць і з дыджэямі. Усе гэтыя праекты ў маім разуменні аб’ядноўвае дуда.

Дзяніс Шматко грае на дудзе.
Фота: Сельхуда / Белсат

– Ці згодны ты з тым, што дуда сталася галоўным музычным інструментам беларускага пратэсту? Адчуваеш, што яна запальвае пратэст?

– Не ведаю, ці сталася дуда агулам для людзей сімвалам, але сярод музыкантаў – дакладна так. Сам інструмент такі, што натхняе і гучыць па-ваярску. Дудары у асноўным, у сваім складзе, вельмі шабутныя людзі, і ім заўсёды трэба быць наперадзе планеты ўсёй. Дудары сабраліся і выйшлі граць, бо маюць свой стрыжань, маюць свае думкі і ім гэта патрэбна, яны хочуць дапамагаць людзям.

Тым больш, што былі гісторыі пра тое, як яшчэ ў ВКЛ і пазней пад дуды ваяваць хадзілі. Гэта прыгожая гісторыя з шатландскай традыцыяй. Гадоў 250 таму шатландскую валынку ўвялі ў войска разам з бубнамі і гэта сталася шырока вядома. Гэта сталася своеасаблівым трэндам, і цалкам верагодна, што і пад дуды хадзілі ваяваць.

Адчуваеш, што дуда – гэта твая зброя?

– Так, таму і займаюся гэтай справай, граю з «Дзецюкамі», аркестрам. 26 сакавіка, калі быў Дзень Волі ў Варшаве, мы пайшлі граць перад усёй хадой.

Культура не дае перагарнуць старонку. Ува ўсе часы, напрыклад, у час Цэзара быў тэатр, у якім высмейваліся нейкія рэчы, культура тлумачыла, аспрэчвала ці падтрымлівала. Яна заўсёды ідзе побач з грамадскасцю. Культура – люстэрка грамадскасці. Менавіта праз яе мы не даем забыць людзям, што яны яшчэ людзі. Людзі не быдла, якое можна загнаць на завод і грошы з іх выкачваць. Развіццё культуры стрымлівае рэжым.

Міра Ляселішская belsat.eu

Стужка навінаў