У турме памёр палітвязень Ігар Леднік. У яго спынілася сэрца


У зняволенні на 64-м годзе жыцця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст і журналіст Ігар Леднік, паведамляе прэс-служба Грамады. 

Ігар Леднік.
Фота: BSDP_Hramada / Telegram

Прычынай смерці Ігара Ледніка стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у Менскай раённай больніцы, куды быў дастаўлены з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне.

Пра месца і дату развітання з сацыял-дэмакратам будзе паведамлена дадаткова.

Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 г. і асуджаны на 3 гады зняволення паводле  артыкулу 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя».

У турме стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасць 2-й групы праз праблему з сэрцам.

Профіль Ігара Ледніка ў Facebook быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мемарандум быў парушаны ў Беларусі пасля разгону Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання, што прывяло да ўсталявання ў Беларусі дыктатуры, збліжэння яе з Расеяй і падрыву еўрапейскай бяспекі ў рэгіёне.

Нагадаем, раней у віцебскай калоніі № 3 у ноч з 8 на 9 студзеня памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. У пачатку траўня 2023 года таксама ў «Віцьбе» памёр 61-гадовы блогер і грамадскі актывіст Мікалай Клімовіч. Абодвух адправілі ў калонію з цяжкімі захворваннямі, а прычынамі смерці стала нясвоечасовае наданне ім належнай медычнай дапамогі.

Ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не надалі дапамогі ў гарадзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў больніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Першы вядомы выпадак смерці палітычнага зняволенага за кратамі ў Беларусі – смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі Вітольд Ашурак выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальнай справы.

Hавiны
Дапамогі не дачакацца. Што вядома пра месца, дзе памерлі два палітвязні за восем месяцаў
2024.01.17 15:38
Hавiны
У хворага на анкалогію старшыні Партыі БНФ у вязніцы працягвае пагаршацца здароўе
2024.02.17 17:44

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў